Вы тут

Беларускі характар графікі праз мастацтва кнігі


Трымаючы ў руках сапраўдную папяровую кнігу, вельмі важна паглыбіцца ў яе сусвет, адчуць і зразумець гісторыю, ацаніць велічэзную працу не толькі пісьменніка, але і мастакоў, усіх тых, хто падарыў гэтаму выданню жыццё. У нашым асяроддзі часта гучыць думка, што кніга з’яўляецца адным з найвялікшых набыткаў чалавечай культуры. Яна не проста тэкст і выявы, але і твор мастацтва кніжнай графікі. У межах XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу шмат увагі ўдзялілі беларускай кніжнай графіцы і нават стварылі магчымасць праз выстаўку ў Палацы мастацтваў пазнаёміцца з аўтарамі, што плённа працуюць у гэтым кірунку.


Юрый Хілько «Вялікага дуба без вялікіх каранёў не бывае». Ілюстрацыя да кнігі «Прымаўкі да прыказкі — роднай мовы прывязкі», 2017 г.

У экспазіцыі, якая размясцілася ў дзвюх залах, прадстаўлена каля 90 твораў кніжнай графікі. Беларускія мастакі розных пакаленняў прэзентуюць лепшыя ўзоры сваёй творчасці, звязаныя з мастацтвам кнігі. Побач з работамі такіх прызнаных мэтраў кніжнай графікі, як Валерый Славук, Віктар Мікіта, Уладзімір Савіч, на суд гледачоў прадстаўлена і творчасць мастакоў з пакалення 2000-х — Паўла Татарнікава, Юрыя Якавенкі, Ігара Гардзіенкі, Уладзіміра Даўгялы, Маргарыты Цімохавай, Тамары Шэлест і іншых. Таксама экспануюцца работы на тэму кніжнай ілюстрацыі студэнтаў кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Гэтая выстаўка напрамую звязана з працэсам кнігавыдання і беларускімі творчымі ініцыятывамі, з пачаткам любові да чытання, — адзначыў падчас адкрыцця праекта намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі. — Нашы дасягненні высокія і дазваляюць казаць пра перспектыву развіцця мастацтва кнігі. Попыт на нашу графіку, дызайн, ілюстрацыю кнігі пастаянны. Аглядаючы экспазіцыю з удзельнікамі і арганізатарамі, мы прыйшлі да высновы, што творчыя колы апярэджваюць менеджмент у Беларусі. Нам не хапае ўмення прасоўваць і манетызаваць сваю працу, таму наша задача цяпер агульная як у творчых колаў, так і ў грамадскіх арганізацый — навучыцца гэтаму. Бо мэта ва ўсіх адна — прызнанне Беларусі ў свеце.

Мастацтва кніжнай графікі скіраванае на афармленне і ілюстраванне кнігі. Да афармлення адносяць стварэнне макета, дэкарыраванне, прамалёўку шрыфтавых элементаў. Ілюстраванне вырашае задачы вобразнага раскрыцця літаратурнага тэксту пры дапамозе малюнкаў. У добрай кнізе няпроста прасачыць, дзе канчаецца ілюстраванне і пачынаецца афармленне. Творчы працэс у мастацтве кніжнай графікі складаны і мае спецыфіку. Пры дапамозе сродкаў выяўленчага мастацтва творца, што працуе над кнігай, павінен не толькі раскрыць яе ідэйна-мастацкі змест, але і, захаваўшы адзінства вобразнага і дэкаратыўнага ладу са стылем пісьменніка, па сутнасці, даць у сваім індывідуальным выяўленчым вырашэнні сучасную ацэнку літаратурнаму твору.

— Сёлета ўпершыню адбылося так, што Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш адкрывалася менавіта мастацкім праектам. І гэта невыпадкова, — тлумачыць старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — Акрамя таго, што ў нас ёсць афіцыйная дамова з Міністэрствам інфармацыі Беларусі, якая спрыяе падтрымцы сумесных праектаў з абодвух бакоў, існуе і проста чалавечы фактар: мы павінны ганарыцца і ведаць тую школу, якую не першае стагоддзе называюць самай прафесійнай у айчынным мастацтве. Гэта, безумоўна, школа графікі. Атрымаўшы магчымасць глядзець адзін на аднаго, самі аўтары вучацца, развіваюцца. Тым больш такая калектыўная выстаўка — магчымасць стымуляваць попыт на паслугі аўтараў. Гэтым разам так і адбылося: выдаўцы шмат цікавіліся асобнымі работамі. Камусьці па душы быў Славук, хтосьці ад студэнцкіх работ адысці не мог. Але ж нашы графікі таксама сёння ведаюць, колькі каштуе іх час, таму, бывае, не на ўсе прапановы пагаджаюцца.

Ігар Гардзіёнак. Ілюстрацыя да кнігі А. Краўцэвіча «Кароль Гедымін», 2011 г.

Прадстаўленая экспазіцыя для аматараў мастацтва, магчыма, можа падацца традыцыйнай: многія работы мастакі кожны год прадстаўлялі ў межах зборных экспазіцый. Але ж для дыпламатаў, некаторых адказных асоб нашай краіны праект стаў адкрыццём, бо беларуская графіка — гэта не проста кірунак у мастацтве, але і адсылка да вялікіх імёнаў айчыннай гісторыі.

На прыкладах, якія ўключаюць не толькі традыцыйную ілюстрацыю, але і мастацтва шрыфту ці кніжнага знака (экслібрыса), гледачы могуць бачыць, як творцы, выдатныя прафесіяналы сваёй справы, не губляючы сувязі з адметнымі формамі, характэрнымі для школы беларускай кніжнай графікі, з лёгкасцю працягваюць засвойваць і прагрэсіўныя набыткі сусветнай школы мастацтва кнігі.

— Узровень кніжнай ілюстрацыі ў краіне заўсёды быў даволі высокі, — адзначае мастак-графік Міхаіл Басалыга. — Такія аўтары, як Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч, вельмі шмат зрабілі для гэтага. Тое, што цяпер адбываецца ў графіцы, безумоўна, — іх дасягненне. Не дай бог, прыйдзе час, які выкіне мастака з кнігі, а кніжку захавае толькі ў камп’ютары, гэта, лічыце, канец свету, далей нашай цывілізацыі няма... Таму, вядома, адкрыццё такога маштабнага праекта дае надзею, што мастакі-графікі будуць запатрабаваныя, бо іх работы не проста ляжаць на паліцы, яны прадстаўлены перад вачыма людзей, яны працуюць на імя аўтара. Для мяне гэта важная падзея.

На думку рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны, адным з сакрэтаў беларускай кніжнай графікі з’яўляецца бесперапыннае жаданне мастакоў яе ствараць. Гэтае мастацтва можна нават назваць містычным: у ім схаваныя многія коды беларускага характару. Напрыклад, дакладнасць, шматварыянтнасць і павага да беларускай літаратуры. Таму што менавіта нацыянальная літаратура сфарміравала такую з’яву, як кніжная графіка.

Арганізатары і ўдзельнікі праекта сцвярджаюць, што прадстаўленая экспазіцыя стала важным крокам у папулярызацыі айчыннай кніжнай графікі сучаснага перыяду. Хутчэй за ўсё праект стане традыцыйным, і ў наступным годзе Мінская міжнародная кніжная выстаўкакірмаш таксама пачне работу з адкрыцця праекта, прысвечанага мастацтву кнігі.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Дэкадзіроўка

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.