Вы тут

Рамантык суровага стылю


Творчасць Георгія Паплаўскага ў незвычайным ракурсе


Народны мастак Беларусі Георгій Паплаўскі — чалавек з вялікай літары, чалавек-гісторыя. Менавіта так успамінаюць яго блізкія, сябры, калегі. Сёлета мастаку споўнілася б 88 гадоў. З гэтай нагоды ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачаў работу маштабны выставачны праект у памяць Георгія Георгіевіча «І даўжэй за стагоддзе доўжыцца дзень».

На рэтраспектыўнай выстаўцы экспануецца больш за 80 твораў розных перыядаў з 1960-х гадоў да пачатку ХХІ стагоддзя. Дэманструюцца тэматычныя цыклы работ, прысвечаныя гістарычным падзеям, Вялікай Айчыннай вайне, біблейскім сюжэтам, касманаўтыцы. Таксама прадстаўлены графічныя і жывапісныя серыі, створаныя падчас падарожжаў як па іншых краінах, так і па Беларусі.

— Георгій Паплаўскі — найвыдатнейшы беларускі графік і жывапісец, — адзначае дырэктар Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага Галіна Ладзісава. — Ён умеў творча разважаць над самымі рознымі тэмамі. Калі я гляджу на яго творы, прысвечаныя гістарычным падзеям, заміраю ад думкі, наколькі глыбокі і ўдумлівы гэта быў мастак, наколькі ён сваю творчасць мог аргументаваць толькі фарбамі ці маленькімі штрыхамі. Мне вельмі прыемна, што такая вялікая колькасць мастацкіх работ Георгія Георгіевіча экспануецца ў нашай галерэі. Кажуць, што гэтая выстаўка зараджае цяплом. Вось такая цікавінка нашага жыцця: чалавека быццам бы няма, а яго магутная энергія захавалася праз мастацкую спадчыну.

Як прафесіянал Георгій Паплаўскі склаўся ў атмасферы шасцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя і з таго часу захоўваў вернасць мастацтву праўдзіваму і адкрытаму. Жыццё таго пакалення пакінула глыбокі адбітак на характары, думках і пачуццях мастака. Георгій Паплаўскі ствараў вобразы людзей моцных, мужных, паказваў прыгажосць роднай прыроды. Ён працаваў да апошняга дня. На працягу года жонка і дачка мастака разбіралі яго работы і архівы з марамі перадаць іх калі-небудзь музею, які пакуль не створаны. Яны сцвярджаюць, што на выстаўцы ў галерэі Міхаіла Савіцкага Георгій Паплаўскі прадстаўлены такім, якім яго яшчэ не ведалі. Работы «рамантыка суровага стылю» (менавіта так сябе называў сам мастак) размеркаваны такім чынам, што ты быццам прасачыў за яго лёсам.

Вельмі цікавая частка, якая расказвае пра падарожжы па Палессі, што далі аўтару штуршок да адкрыцця той Беларусі, што была ў паэзіі Якуба Коласа. Ва ўспамінах землякоў яшчэ заставалася вайна, яе страты і боль. Так былі створаны цыклы «Беларусь 1960-х» і «Памяць», зроблены ілюстрацыі да твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Валянціна Тараса, Янкі Брыля і іншых. Цікавая і серыя, прысвечаная космасу, а таксама падарожжам па Паўночным марскім шляху.

Работы розных перыядаў, што прадстаўлены на выстаўцы, дэманструюць разнастайнасць тэм, тэхнік і інтарэсаў аўтара.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.