Вы тут

Восем адценняў дарослага


Знаходкі і метафары айчыннай анімацыі


Кадр з мультфільма «Ваўчышка»

Дзіцячая псіхалогія — рэч не нашмат складанейшая за псіхалогію дарослых. Вядома, яна мае ўласныя правілы і характэрныя асаблівасці. Але гэта не тыя моманты, што дазваляюць дарослым глядзець на дзяцей зверху ўніз за кошт магічнага слова «досвед», за якім, бывае, хаваецца няшмат, акрамя колькасці пражытых гадоў... І ў нашай традыцыі «інстытута сям’і» нават пасля паўналецця дзіцяці захоўваецца вертыкальны парадак. Але, згодна з практыкай заходнееўрапейскіх краін, дзеці значна раней становяцца паўнапраўнымі членамі грамадства, роўнымі бацькам (і гэта калі не згадваць азіяцкі вопыт — там роўнасць пачынаецца з пяці гадоў).

Такія вертыкальныя адносіны, зразумела, адлюстроўваюцца і на ўзроўні мастацтва. Няпроста даводзіцца анімацыі, якую часам памылкова разглядаюць як мастацтва, накіраванае выключна на дзіцячую аўдыторыю. І калі гэтым стэрэатыпам даводзіцца адпавядаць, з’яўляюцца стужкі, рэцэпты якіх зразумелыя: крыху дыдактыкі, некалькі лыжак сюсюкання і адарванасць экраннага свету ад рэальнасці. І не тое, каб рэалізм быў неабходны ў анімацыі (хутчэй нават зусім не патрэбны), але агульная лагічнасць аповеду павінна адпавядаць багаццю чалававечай думкі.

«Беларусьфільм», славуты сваёй анімацыяй, і сёння выдае сапраўдныя творы мастацтва, але нават ён не пазбаўлены гэтага думкавага паслаблення, якое быццам робіцца для большай даступнасці, але часам можа нашкодзіць. Што адбывалася ў беларускай анімацыі ў 2018 годзе: больш ценю ці святла лягло на яе плечы?..

Адценне I: «Тошка і яго сябры. Гісторыя другая “Тошка спяшаецца на дапамогу”»

Першы крок да нейкага сюжэтнага дзівацтва — дзівацтва візуальнае. Навошта рабіць мультфільм пра тых жа нацыянальных буслоў ці зуброў, калі можна зрабіць героя з нежывога аб’екта — з той жа бульбы?! Гэта ж так арыгінальна і па-новаму! Самі героі, як гэта звычайна бывае ў нечым адмыслова дзіцячым, — дзеці школьнага ўзросту, якія (бульба ж!) прыгоднічаюць недзе ў гародзе. Дзесьці фонам — такі ж бульбяны дзед не можа зладзіць з кіраваннем скейтбордам, а ў гэты час маленькія бульбадзеці б’юцца са шматгаловым гародным босам, якога раптоўна выклікала цётачка Цыбуля, чарговая антрапаморфная гародніна. Не ведаю, на якую аўдыторыю разлічваў рэжысёр Аляксандр Ленкін, калі браўся здзяйсняць падобны канцэпт. Бо ўзяў ён стэрэатыпны вобраз — і зрабіў гэта без кроплі іроніі…

Адценне IІ: «Зоркі 7-га неба “Небяспечныя сустрэчы”»

Ярка, графоніста і моладзева выглядае гэтая стужка Алены Туравай. Дызайн персанажаў бомбавы, канцэпты злачынцаў таксама распрацаваныя. Нават саўндтрэк упісваецца ў рух на экране. Але ва ўсёй гэтай крутасці ёсць адно «але»: сюжэтна ўсё парэзана, ні нейкіх злодзейскіх ці пратаганісцкіх бэкграўндаў — толькі голая ідэя ў абалонцы сапраўды прыгожай графікі. Зразумела, гэта не першая прыгода герояў, а працяг. Але ці не варта было б у экспазіцыі караценька распавесці пра тое, каго мы бачым на экране? Ці засяродзіцца на адным злачынцы, каб раскрыць яго гісторыю? Але рваны сюжэт дазваляе ўспрымаць толькі сам факт існавання персанажаў, нейкага свету і нейкага дзеяння, пры гэтым не проста ўлавіць узаемасувязь розных элементаў.

Адценне III: «Займальная азбука»

Назва, у прынцыпе, гаворыць сама за сабе. Амаль ніякага асаблівага крэатыву ў падачы матэрыялу няма. Але яскравы мазок Уладзіміру Пяткевічу і Ірыне Тарасавай усё ж удалося паставіць на гэтым простым анімацыйным палатне: ім з’яўляецца дзяўчынка, якая абвяшчае літары перад іх запамінальным раскрыццём. Яна якраз даволі харызматычна робіць сваю справу, і вельмі шкада, што ёй не адведзена ніякай ролі непасрэдна ў раскрыцці літар. Калі далей праект гэтай азбукі будзе працягвацца, было б няблага зрабіць з яе гэткую дзяўчынку-маскот.

Адценне IV: «Выкраданне ў госці»

Той жа азбучны канцэпт, але іншая рэалізацыя. Нездарма гэтая стужка Таццяны Кубліцкай брала ўдзел у «Лістападзе». Не вельмі складныя вершы цалкам перакрываюцца і складнасцю самой гісторыі маленькіх дамавічкоў, і прадуманасцю вобраза галоўнай злачынкі, якая за некалькі хвілін не толькі паспявае закахаць у сябе і сваю трагедыю, але і нават змяніцца ў пазітыўны бок. Нягледзячы на архетыпічнасць і прадказальнасць большасці хадоў, усё выглядае вельмі натуральна і ўпісана ў створаны экранны свет. Мультфільм зроблены з павагай да дзіцячага светаўспрымання і пры гэтым можа парадаваць дарослых сваеасаблівай меланхалічнай варыяцыяй на Шапакляк, чые праблемы хаця і маюць па-дзіцячаму простыя карані і рашэнні, але па сутнасці сваёй — досыць сур’ёзныя...

Адценне V: «Магістр вольных мастацтваў. Францыск Скарына»

 Шкада, што стужка не аказалася ў спісе ўдзельнікаў «Лістапада». Быццам бы добрая гістарычная падстава. Створана яна не як дзяржзаказ ды агітка беларускасці, а як матэрыял, да якога рэжысёрка Алена Пяткевіч падышла з уласным інтарэсам. Візуальна гэта нагадвае штосьці паміж «Вожыкам у тумане» і нядаўнім расійскім даўгабудам з гаваркой назвай «Гафманіяда». Штосьці таемнае і невытлумачальнае ўмешваецца ў жыццё Францыска Скарыны — і гэта менавіта той тон, у якім трэба паказваць падобных гістарычных асоб: з містычным і недзе містыфікатарскім падыходам.

Адценне VI: «Як Сінячок да Сонца лётаў»

Экранізацыя аднайменнай вершаванай гісторыі Уладзіміра Дубоўкі атрымалася даволі моцная — і гэта не толькі дзякуючы якасці арыгінальнага твора. Мяккая пластылінавая графіка развіла нерэалістычнае адлюстраванне мастацкай рэчаіснасці ў два бакі. У большасці момантаў гэта быў бок змякчэння і спрашчэння карцінкі, які дазваляў дзіцячаму твору насамрэч заставацца дзіцячым. Але ў некалькіх момантах манументальна ўразаўся і другі бок — абагульняльнага гратэску. Гэты гратэск зрабіў з пугача, які адзіны з усіх птушак адмаўляе сінячку ў дапамозе, нешта больш чорнае, эгаістычнае і зласлівае, чым было ў арыгінале. Але за што хочацца асабліва падзякаваць Наталлі Касцючэнцы, і рэжысёрцы, і мастаку, дык гэта за тое, з якой высечанай у пластыліне самаадданасцю сінячок, які спаліў ад сонца пёркі, падаў уніз, каб перадаць людзям агонь. Праз гэтыя некалькі імгненняў адначасова пранесліся асацыяцыі з вобразамі Ікара, Праметэя і, што цікава, Люцыфера ў выкананні Гюстава Дарэ. Гэты, такі просты і такі знаёмы спектр вобразаў, выклікае амаль катарсічныя пачуцці.

Адценне VII: «Лагодны воўк»

Цяжка будзе ўтрымацца, каб зноў жа не згадаць наш кінафестываль, бо гэта пераможца анімацыйнай праграмы 2018 года за аўтарствам рэжысёра Наталлі Дарвінай. І на самай справе: кепскага пра гэты анімацыйны фільм нічога не скажаш. Ідэя Ваўка, які адмаўляецца ад сваёй драпежнай сутнасці, не такая арыгінальная, але тут у паказаны шлях верыш, бо паказаны ён досыць падрабязна. Спачатку — мінулае жыццё ў зграі і першае непрыманне між родзічамі, потым — пакутлівае адзіноцтва героя ва ўласнай хаце, далей — зрыў і спроба вярнуцца да старого ладу жыцця, але ў выніку фіяска і доўгачаканае прыманне свайго лёсу. Дзед-паляўнічы і ягонае Ягнё хаця і выконваюць хутчэй ролю функцый, якія раскрываюць канфлікт Воўка, кожны робіць гэта па-свойму: Ягнё не шмат напужанае сваім выкраданнем, а дастаткова хутка прымае недрапежныя правілы гульні і пачынае граць на музыкальным інструменце ды танчыць, каб спаталіць ваўчыны голад хаця б духоўна, Дзед жа ў свой час не проста не застрэльвае Ваўка, а запрашае да сябе ў госці на бліны (спаталяе нарэшце голад фізічны) і пазней нават прапаноўвае шэраму пільнаваць свой статак. Візуальна нельга не падкрэсліць (акрамя агульна добрага ўзроўню анімацыі) канцоўку, у якой кожны з асноўных персанажаў ходзіць па ўласным рухомым коле, што нібыта ўзмацняе агульнагуманістычную глебу, на якой стаіць светаўспрыманне кожнага з герояў. Цалкам жа ўсё гэта падобна да антычнай графікі, у якой праз малюнкі кола таксама даносіліся нейкія ўніверсальныя (нават ужо не чалавечыя, а менавіта агульнакасмічныя) устаноўкі.

Адценне VIII: «Ваўчышка»

Гэтая стужка была адзначаная на «Лістападзе» спецыяльнай прэміяй кінакрытыкаў за паэтычнасць, але чаму б яшчэ раз не даць гэтам твору той водгук, якога ён заслугоўвае. Чаму б не паразважаць, за што, шчыра кажучы, можна было б даць Ігару Воўчаку не толькі спецпрэмію, але і прыз пераможцы фестывалю? Фільм настолькі багаты на вобразы, што можна нават не баяцца скаціцца да звычайнага пераказу, а толькі пералічваць гэтыя самыя вобразы і, каб было яшчэ цікавей, пазначаць разыходжанні з арыгінальным апавяданнем Яўгена Чарушына, бо гэта той самы выпадак, калі аўтарскі падыход да адаптацыі зрабіў яе мацнейшай за арыгінал. Па-першае, тут ёсць метафізічная зорная Вялікая Ваўчыца — гэта адначасова і іранічная алюзія на Вялікую Мядзведзіцу, і ўвасабленне Любові і самога Жыцця, якое Ваўчышка носіць заўсёды з сабою. У арыгінале Ваўчыца была паўнавартаснай жывой істотай, з-за чаго, вядома, сімвалізму ў ёй было нашмат менш. Далей — тое, як сябе паводзіць Ваўчышка: у экранізацыі ён сапраўднае дзіця, якое спазнае свет праз уласныя сінякі і гузы, у арыгінале ж — штосьці не вельмі самастойнае, што нават спалохацца не можа без ужывання аўтарам адпаведнага дзеяслова. Асобныя рысы характару надаюцца жыхарам таго дома, у які трапляе Ваўчышка, праз дробныя графічна-мімічныя асаблівасці, як у выпадку з Катом і Сабакам ці ў шчырасмешнай гуказамене голасу Жонкі Паляўнічага. У арыгінальным тэксце жонкі няма наогул, а кот з сабакам, як і дагэтуль ваўчанё, зусім невыразныя. Асаблівым месцам, у адрозненне ад арыгінала, робіць Ігар Воўчак і лес, дзе жыве Ваўчышка: ён праз сваіх жыхароў выконвае выхаваўчую функцыю і ў жыцці Ваўчышкі грае ледзь не большую ролю, чым Маці-Ваўчыца. Фінал карціны закальцоўвае падарожжа Ваўчышкі, з-за чаго ўсё тоё, што з ім здарылася, можна разглядаць не як нейкі ўнікальны суб’ектыўны досвед, а як частку быційнай руціны штодзённага руплівага працэсу пазнання сябе і свету. Акрамя вышэйсказанага, у гэтым анімацыйным фільме можна вельмі лёгка ўбачыць… лёс самога Ігара Воўчака. Ён знаходзіцца ў творчай зоне камфорту, у касмічным, незямным мастацкім вымярэнні — адтуль яго знянацку выцягвае штосьці побытавае і прымушае неяк узаемадзейнічаць і гуляць па правілах масавай аўдыторыі, але з часам атрымліваецца збегчы назад у родны мастацкі кут з доступам да космасу. І гэтае кола шматразова паўтараецца, бо гэта ягоная ўласная мастацкая сансара. А пакуль коранем мастацтва з’яўляецца пакута, кола не спыніцца і будзе чакаць кожнага мастака, і чакаць да той пары, пакуль род чалавечы не ператворыцца ў нешта зусім іншае.

Адценне №... Святло

Напрыканцы паказу недзе з глядацкіх месцаў было чуваць жартаўлівую рэмарку, маўляў, ці чулі вы, што «Беларусьфільм» збіраюцца зрабіць філіялам анімацыйнай студыі?.. Жарт небеспадстаўны: у беларускай анімацыі на самай справе настолькі вялікі працэнт мастацкіх знаходак на адзінку фільма…

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».