Вы тут

«Лета зіму піхнула, і ножачку звіхнула»


На Грамніцы скідай рукавіцы


Так павялося ў нашай культуры, што з цягам гісторыі святы народнага календара цесна перапляліся з календаром хрысціянскім. Таму сёння нам так складана дакладна вызначыць карані значных для беларусаў дзён, раздзяліць хрысціянскія і язычніцкія рысы іх святкавання. А можа, гэта і не трэба? Нашы продкі на працягу многіх стагоддзяў распрацавалі дакладныя механізмы рытуалаў, што ўраўнаважваюць шляхі шанавання кожнай з рэлігій.

Вось, напрыклад, адно з галоўных святаў хрысціянскага календара Грамніцы (каталікі яго адзначаюць 2 лютага, а праваслаўныя — 15) і ў нашы дні захоўвае шмат архаічных рысаў язычніцтва, яно цесна звязана з земляробчым календаром, але разам з тым штогод адзначаецца афіцыйнай рэлігіяй — у цэрквах і касцёлах. Адметна, што гэта адно з нямногіх рэлігійных святаў, дата адзначэння ягога дакладна замацавана ў календары.

Паводле адной з версій, назва Грамніцы паходзіць ад язычніцкага бога Перуна, якога ў народзе таксама называлі Грамаўніком. Ён апекаваўся веснавымі навальніцамі, дажджамі, якія ўплывалі на рост раслін, а значыць, станоўча ўздзейнічалі на будучы ўраджай. Паводле іншых меркаванняў, у пачатку лютага святы Юр’я выпрабоўвае на нячыстай сіле свае стрэлы, і менавіта з гэтага дня можна пачуць першыя вясновыя грымоты. Другая назва — Стрэчанне — таксама мае два карані. Гэта сустрэча зімы і лета, а таксама біблейскі расповед пра «сутыкненне» Старога і Новага запаветаў. Гісторыя такая: яшчэ ў старазапаветныя часы ў Александрыі неяк сабралася каля 70 перакладчыкаў старажытных іўдзейскіх кніг на грэчаскую мову. Сярод іх быў 360-гадовы Сімяон. Іосіф і Марыя прынеслі старцу немаўля Ісуса, якому ў той дзень якраз споўнілася 40 дзён. Сімяон і прадказаў, кім будзе дзіцятка.

Святкаванне Грамніц таксама мае два аспекты — хрысціянскі і язычніцкі. Паводле першага, у гэты дзень вернікі ідуць у царкву ці касцёл, дзе адбываецца асвячэнне вады (яна лічыцца такой жа гаючай і цудадзейнай, ак асвечаная на Вадохрышча) і васковых свечак. Свечкі гэтыя лічацца сімвалам Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Але рытуальную практыку іх прымянення ў гаспадарцы складана назваць суадноснай з хрысціянствам.

Так, грамнічныя свечкі рыхтавалі самастойна. Воск збіралі загадзя, а выраблялі іх у апошнюю суботу напярэдадні свята. Свечкі-грамніцы ўражваюць памерамі і гэтым вылучаюцца сярод іншых. Так, паводле сведчанняў этнографаў, што датуюцца канцом ХІХ стагоддзя, даўжыня грамнічнай свечкі складала прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — 3 чвэрці вяршка (каля 3,5 см). Такі ўнушальны памер можна патлумачыць вялікай колькасцю сітуацый, дзе грамнічная свечка служыла адным з самых важных рытуальных атрыбутаў.

Мяркуйце самі. Пасля таго, як свечкі былі асвечаны ў храме, іх тушылі пераварочваннем кнота ўніз і хавалі за пазуху. Пасля вяртання дадому гаспадара адбываўся абавязковы абрад агністага крыжавання, каб засцерагчы ўсю сям’ю, дом і гаспадарку ад пажараў і навальніцы. Муж даставаў свечку, жонка запальвала яе. Затым бацька абпальваў крыжападобна валасы спачатку на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросце. Уся сям’я гуртам ішла ў хлеў, дзе крыжы выпальваліся на поўсці кожнай жывёліны. Затым гаспадар дакранаўся палаючым кнотам да сцен і дзвярэй. Агнём асвечанай свечкі абпальвалі пастаўленыя на зімоўку вуллі. Напрыканцы дзеі свечку тушылі, прыносілі ў хату і хавалі за бажніцу на покуці ці ў куфар. Каб злыя духі не скралі гаючую і засцерагальную моц грамнічнай свечкі, яе трэба было трымаць падалей ад чужых вачэй, каб ніхто не ведаў, дзе яна схавана, і нават не здагадваўся, што яна ёсць у хаце.

Гэтымі свечкамі карысталіся на працягу ўсяго года, іх запальвалі падчас навальніцы, каб засцерагчыся ад грымотаў. Свечкі абаранялі маці і дзіця падчас нараджэння, маладых — падчас шлюбу, нябожчыкаў і ўсю сям’ю — на пахаванні. Таксама выкарыстоўвалі падчас варажбы. Грамнічныя свечкі шануюць і ў нашы дні, іх ні ў якім разе нельга перадаваць у іншую сям’ю, нават родным і сваякам.

 Як, бадай, у любое народнае свята, Грамніцы маюць свае рэгіянальныя асаблівасці правядзення. Так, паколькі з гэтага дня, па сутнасці, распачыналася падрыхтоўка да вясновай працы ў полі, на свята маці пяклі з цеста дочкам сімвалічныя сярпы, а сынам — косы. У некаторых мясцінах дзяцей, зацікаўленых пабачыць сустрэчу зімы і лета, каб яны былі моцныя і здаровыя, распранутых і босых выпраўлялі за гумны і агароды, абяцаючы, што зіма ім дасць чырвоныя боты. А вось у Добрушскім раёне (гэты незвычайны абрад не так даўно аднавілі ў Беларусім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту) на Грамніцы было прынята пячы вялікі каравай, упрыгожваць ёлку папяровымі кветкамі (на фота). Гаспадар з гаспадыняй у суправаджэнні вясковай грамады (пры гэтым усе мусілі трымацца за рукі) выпраўляліся з караваем і ёлкай у поле, дзе частавалі ўсіх, спявалі песні і танцавалі.

Праз некаторы час пасля Грамніц можна пачынаць рыхтавацца да самага вясёлага вясновага тыдня — Масленіцы, а па тым, якім было надвор’е на свята, можна прадказаць надвор’е на ўсю вясну. Калі на Грамніцы вялікі мароз, то лічылася, што снег паляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое; завіруха прадказвала доўгую вясну, а значыць — недахоп корму для жывёлы; пацяпленне сведчыла пра раннюю вясну («Калі на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, то на Юр’я вол пад’есць травіцы»), аднак лета чакалася непагоднае, з невялікім ураджаем («На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга»).

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?