Вы тут

Усё наноў


Не ведаю, як у вас, а ў мяне вясна пачынаецца з... шафы. Дакладней, з маштабнай прыборкі і сартавання ўсяго таго, што назапасілася ў ёй за некалькі доўгіх месяцаў: з некаторымі прадметамі гардэробу давядзецца без шкадавання развітацца, а іншыя рэчы, наадварот, выйдуць з ценю і будуць як мага лепей адпавядаць веснавому курсу на абуджэнне і аднаўленне.


Гэту завядзёнку я помню з дзяцінства. Як толькі станавілася канчаткова зразумела, што зіма скончыла свае штукі і «калянуля» больш не плануецца, мама рашуча абвяшчала: «Трэба разабраць на балконе». Балкон (а калі папраўдзе, то абодва) за зіму ператвараўся ў нешта сярэдняе паміж капцёркай і сталярнай майстэрняй і абяцаў ударнай працы на некалькі гадзін, а таму ні ў кога імпэту не выклікаў. Тата імгненна рабіў выгляд, што захоплены вячэрнім выпускам навін, але за столькі гадоў мама ведала ўсе любімыя мазалі і ўздыхала: «Ну добра, я сама». «Зараз жа, — ускідваўся тата, — ты як перакладзеш, то не знайсці, а там усё патрэбнае!» — «Ага, ага, і гумовыя боты, у якіх ты толькі ўвосень у грыбы ходзіш, і аблезлае футра, якім мы на зіму капусту накрывалі». — «Ідзі лепш кухонную шафу разбяры». — «А там, — урачыста прыпячатвала мама, — ляжыць стары сіфон для газіроўкі, для якога няма зменных блокаў, і патэльня, якую ты два гады не даеш выкінуць і абяцаеш адчысціць!» Сустрэча завяршалася з баявой нічыёй адзін-адзін, і да вечара балкон быў упарадкаваны такім чынам, каб у мамы рука не паднялася выкінуць штосьці «вельмі патрэбнае».

А ўвечары пачыналася другая частка Мерлезонскага балета, ужо з нашым удзелам: з шаф выцягваліся дэмісезонныя курткі, боты і паліто, і ўсё наноў перамяралася на траіх, каб зразумець, што яшчэ пяройдзе ў спадчыну малодшым, а што безнадзейна кароткае, вузкае і не падлягае рамонту. Некаторыя асабліва любімыя рэчы мы ўпотай перазахоўвалі ў розных шуфлядах па некалькі разоў — хоць, канешне, тады маміны жарты пра тое, што будзем яшчэ на сваіх дзяцей прымяраць, здаваліся цалкам нерэальнымі.

Сёння я знаходжуся з другога боку барыкад, таму, пакуль дачушкі ладзяць шоу-паказ з раскіданнем і пераапрананнем, спрабую адначасова падлічыць аб'ём і суму будучых абновак і прыкінуць, што мы будзем рабіць, калі ў іх наступіць перыяд «няма чаго насіць і няма куды складваць». Паралельна яшчэ трэба пераканаць сваіх мадэляў, што ў сакавіку ў басаножках хадзіць зарана, што вунь тая кофтачка прыгожая, хоць і цёплая, а з гэтых джынсаў, нягледзячы на бліскучага вышытага матылька, паненка вырасла яшчэ летась. А ўжо як весела шумным табарам хадзіць па крамах і гуляць у нацыянальную дзіцячую гульню «трымайце мяне сямёра, а камбінезон усё адно не апрану»... Зрэшты, пра тое, як цяжка апрануць маленькае дзіця, якое рагоча, уцякае і актыўна супраціўляецца працэсу, добра ведаюць усе бацькі «актывістаў» дзетсадаўскага ўзросту.

І ўсё ж у гэтым ёсць асаблівае задавальненне — разбіраць усёй сям'ёй шафы і балконы, развітвацца да наступнага сезона з пухавікамі і зімовымі ботамі, пазбаўляцца ад рэчаў, якія камусьці іншаму патрэбныя больш, чым табе, альбо пакінуць іх... ну хоць бы для масленічнага пудзіла. А пазней, калі ўжо дакладна пацяплее, — мыць, абавязкова да скрыпу, вочы-вокны ў доме, каб у іх ярчэй свяціла сонца, каб толькі не праспаць вясну. Каб, быць можа, калі і не пачаць з яе прыходам новае жыццё, то хоць бы навесці чысціню і парадак — і ў шафе, і на душы.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?