Вы тут

Сталасці трэба вучыцца з 30!


Формула актыўнага мужчынскага даўгалецця.

Чамусьці пасля 45 гадоў нашы мужчыны пачынаюць ужо рыхтавацца да пенсіі, перастаюць весці актыўны лад жыцця і ставіць амбіцыйныя мэты. Акрамя таго, кожны другі пасля 50 пакутуе ад адэномы прастаты. Каб паказаць, што можа быць інакш і ўзрост — не прычына апускаць крылы і скарацца балячкам, ініцыятыва «Самы час!» арганізуе семінары пра здароўе і даўгалецце мужчын ва ўзросце 45+. На адным з такіх мерапрыемстваў, што прайшло ў Салігорску, пабывала карэспандэнт «Звязды»: вызнала формулу актыўнага мужчынскага даўгалецця і даведалася пра самы ўразлівы мужчынскі ўзрост.


Дозы алкаголю і ўзровень тэстэстэрону

Тэматычныя семінары цягам двух месяцаў адбудуцца ў Валожыне, Жодзіне, Маладзечне, Слуцку і Салігорску. Па выніках арганізатары спадзяюцца не толькі зразумець мадэль паводзін мужчын і дапамагчы ім справіцца з існуючымі праблемамі, але і далучыць да барацьбы з хуткім старэннем усю краіну.

— Адсутнасць вялікай мэты дрэнна адбіваецца на актыўнасці чалавека, падразае яго крылы і ў выніку скарачае жыццё, — упэўнены Андрэй ЭЗЕРЫН, каардынатар ініцыятывы «Самы час!». — А паколькі многія сур'ёзныя пытанні мужчыны вырашаюць з падачы жанчын, важна, каб і прыгожая палова разумела, якая сітуацыя склалася з мужчынскім здароўем і як дапамагчы дужай палове яе вырашыць.

Ініцыятыва «Самы час!» — частка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь». У нашай краіне праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН з дапамогай Міністэрства аховы здароўя.

Адной з асноўных прычын смяротнасці ў Беларусі лічыцца атручванне алкаголем і самагубства ў п'яным стане. Некаторыя ўрачы лічаць, што небяспечнай дозы алкаголя не існуе ўвогуле, а 300 грам спірту, выпітага цягам шасці гадзін, абавязкова прывядуць да лятальнага канца. Пры гэтым варта памятаць, што піўны хмель зніжае колькасць тэстэстэрону ў крыві, які і сам з 30—35 гадоў штогод пачынае змяншацца на 1-2 %. Як вынік — фігура мужчыны пачынае станавіцца «жаночай», паўнеюць грудзі і сцёгны, з'яўляецца жывот... Сяргей БУДАЕЎ, загадчык уралагічнага аддзялення Салігорскай раённай бальніцы, расказваючы пра небяспеку хваробы прастаты і яе наступствы, адзначыў:

— Скрынінг раку прастаты праводзіцца ў Беларусі з 2011 года. Пачынаўся гэты працэс у нашай бальніцы, маладзечанскай установе ахове здароўя і ў Першамайскім раёне сталіцы. Дзякуючы яму на 54 % раней пачалі выяўляць рак. Для большай упэўненасці біяпсію прастаты трэба рабіць раз на два гады. А паколькі ракавая пухліна расце прыкладна дзесяць гадоў, то пасля 75 гадоў такія аналізы рабіць ужо немэтазгодна.

Яшчэ адна праблема мужчын пасля 45 — метабалічны сіндром. Як кажуць спецыялісты, калі мужчынская талія шырэйшая за 94 сантыметры, гэта нагода задумацца.

Ён усім вінен?

Першыя вынікі перагляду стаўлення да здароўя мужчын ад праведзеных семінараў ужо назіраюцца. У Валожыне, напрыклад, на адным з прадпрыемстваў вырашылі ўвесці сістэму фінансавага стымулявання тых, хто вядзе здаровы лад жыцця.

А ў Салігорску з 1 сакавіка пачнецца пілотны праект прадпрыемства «Калійспецтранс». Каб выяўляць і карэктаваць фактары рызыкі здароўя людзей, якія працуюць у шкодных умовах, рабочым будуць замяраць артэрыяльны ціск і ўзровень цукру.

Цікавую інфармацыю атрымліваюць і ў выніку сацыялагічных даследаванняў. У Маладзечне, напрыклад, назіралі фокус-групу з 18 мужчын ва ўзросце 45+. Сацыёлагі мелі на мэце вывучыць мадэль іх паводзін, дазнацца, як яны ўспрымаюць сваё здароўе, што для іх значыць здаровы лад жыцця і як яны ўсведамляюць сваё сацыяльнае становішча. Аказалася, што мужчынам не хапае вольнага часу, бо шмат яго адбіраюць хатнія справы, няма магчымасці расслабіцца і ўвогуле складваецца ўражанне, што «мужчына ўсім вінен». Няма магчымасці адпачыць нідзе, акрамя як на дачы. Разам з тым мадэль жыцця толькі дзеля сябе ўспрымаецца мужчынамі негатыўна.

Рэспандэнты адзначылі, што для іх важнае здароўе сваё і родных, упэўненасць у заўтрашнім дні, наяўнасць прыемных «вынікаў» жыцця. Важна таксама, каб чалавек развіваўся і даведваўся пра новае, аднак нейкія сур'ёзныя задачы — гэта для маладых. Клапаціцца пра ўласнае здароўе апытаныя мужчыны не хочуць (хадзі яшчэ аналізы здавай), аднак пры гэтым крытыкуюць сістэму аховы здароўя. Баяцца стаць абузай для дзяцей і ўнукаў, аднак у іх адсутнічае дакладнае ўяўленне пра дзейнасць і лад жыцця ў старасці. Такія, часам супярэчлівыя, меркаванні адных і тых жа людзей — нагода яшчэ больш задумацца над разуменнем старасці, лічаць арганізатары.

Уразлівы ўзрост

Павелічэнне працягласці жыцця беларусаў, здаецца, з'ява добрая. Аднак наколькі актыўнымі яны застаюцца пры гэтым павелічэнні і ці гатовае наша грамадства прымаць старых? Такую праблему ўзняла на семінары Людміла ЖЫЛЕВІЧ, галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

— Лічыцца, што ў 40—50 гадоў у мужчын настае пік сардэчна-сасудзістых захворванняў. А з 41 да 60 гадоў — самы ўразлівы ўзрост, калі паказчык смяротнасці сярод дужай паловы найбольшы. Да гэтага ўзросту мужчына ўжо прымае масу рашэнняў, мае адказнасць, за плячыма стаяць больш маладыя, адбываюцца гарманальныя змены. Урэшце ён ставіць нейкую кропку на будучых намаганнях, і... арганізм рэагуе адпаведна. Акрамя таго, разважаючы пра заўтрашні дзень, ва ўмовах пастаяннага стрэсу мужчыны часта не ўмеюць адкрываць клапан, вось і не вытрымліваюць гэты цяжкі пераходны ўзрост.

Часцей за ўсё мужчыны паміраюць ад захворванняў органаў кровазвароту, траўмаў і новаўтварэнняў. Гэта абумоўлена шкоднымі звычкамі, пастаяннымі стрэсамі і іншымі праявамі сучаснасці.

— Навошта прырода прыдумала для чалавека стрэс? Каб мабілізаваць яго, а не разбурыць! Так што нельга раіць не падводзіць сябе пад стрэс, лепш умець да яго адаптавацца, каб адрэналін не разбурыў нас знутры, — раіць Людміла Жылевіч.

Фактары рызыкі, якія ўплываюць на развіццё раку, дарэчы, як кажа герантолаг, таксама ў большасці выпадкаў залежаць ад нашых уласных намаганняў. Генетычныя захворванні — гэта толькі 10 % прычын праблем анкалогіі. Разам з тым ні ў адной еўрапейскай краіне няма такога высокага працэнта захворванняў на рак прастаты, як у Беларусі.

— Метабалічны сіндром абумоўлены курэннем, п'янствам, маларухавым ладам жыцця, атлусценнем. І ўсё гэта звязана з нашым менталітэтам. Як расслабляюцца мужчыны? Сустрэцца з сябрамі за куфлем піва. Не дзіўна, што наступствы запаволенага метабалізму спасцігаюць мужчын ужо пасля 30 гадоў, — кажа герантолаг. — Кепска ўплывае на працягласць жыцця мужчын таксама адзінота і дэпрэсія.

Вырашаць праблему папярэджвання захворванняў мужчын пасля 45 гадоў спартыўнымі мерапрыемствамі не варта, лічаць спецыялісты. Гэтаксама, як і пачынаць «новае здаровае жыццё» ўвесну.

— Вясна — гэта якраз час, калі мы губляем мужчын-гараджан, якія выязджаюць на дачу і стараюцца за выхадныя выканаць усё тое, што мужчыны-вяскоўцы робяць цягам года, — дадае Людміла Жылевіч. — Каб мужчына заставаўся здаровым фізічна, псіхалагічна і эмацыянальна, трэба пазбавіцца ад фактараў рызыкі, наладзіць харчаванне і павялічыць фізічную нагрузку. І ніякіх лекаў тады не трэба.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

У 72-м аб'яднаным вучэбным цэнтры юнакі атрымліваюць і грамадзянскія спецыяльнасці

72-і аб'яднаны вучэбны цэнтр, што ў Печах, — самая вялікая воінская часць у Беларусі. 

Грамадства

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Распавядаем, як арганізавана меддапамога ў Паставах

Самым аддаленым ад абласнога цэнтра раёне краіны.

У свеце

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Чаму Дональд Трамп захацеў набыць Грэнландыю?

Цяпер гэтая аўтаномная тэрыторыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія.

Грамадства

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Школы Гомельшчыны прайшлі праверку на гатоўнасць да навучальнага года

Сё­ле­та ў да­школь­ныя ўста­но­вы ра­ё­на прый­дзе 2 700 ма­лых.