Вы тут

Як вырасціць суніцы на падаконніку


На падаконніках у гарадской кватэры, а яшчэ лепш на ўцепленым балконе або лоджыі вельмі рэальна выгадаваць сапраўдныя зімовыя суніцы.


Для гэтага ў канцы лютага — пачатку сакавіка я бяру насенне рэмантантных сартоў суніцы Барон Салямахер або Руяну — Александрыю) і размяркоўваю насенне па паверхні вільготнага землянога субстрату ў маленькай скрыначцы з зямлёй ці невялікай каробцы, злёгку па баразёнкам прыціскаю насенне да зямлі і прысыпаю тонкім пластом субстрату, а потым накрываю ўсё поліэтыленавым пакетам і стаўлю ў цёмнае цёплае месца ў кватэры, на ўцепленым балконе або лоджыі (пры тэмпературы +20 — + 22 градусы). Усходы, як правіла, праклёўваюцца праз 5—7 дзён пасля сеяння. А потым прыкладна праз два тыдні я іх бяру і асцярожна перасаджваю ў асобныя ёмістасці. Перад пікіроўкай раслін я багата паліваю грунт і пакідаю на 20—30 хвілін, каб глеба стала больш падатлівай, — тады сцяблінкі і карані будуць лёгка адлучацца пры перасадцы!

Чэзлыя або пажоўклыя парасткі трэба абавязкова, не шкадуючы, выдаліць. Пры перасадцы выкарыстоўваю тонкі завостраны калок або зубачыстку, каб не пашкодзіць каранёвую сістэму здаровых парасткаў у працэсе заглыблення іх у пажыўны грунт. Суніцы добра адклікаюцца на арганічныя вадкія ўгнаенні і выцяжкі з біягумусу. Даглядаць такія суніцы проста: патрабуюцца рэгулярны паліў, перыядычная праполка ад пустазелля або мульчаванне глебы, а галоўнае, добрая падкормка! Яшчэ трэба ведаць: калі насенне сабраць і на працягу трох дзён выстаўляць на мароз, а потым уносіць у цяпло, яно «загартоўваецца» і дае лепшыя ўсходы!

Каб вырасціць зімовыя суніцы, спачатку трэба выбраць прыдатны сорт для культывавання ва ўмовах хатняга закрытага грунту. Можна, вядома, перасадзіць у кашпо кусцік звычайных садовых суніц, стварыўшы яму камфортныя ўмовы (перыяд спакою, кароткі светлавы дзень, тэмпературны рэжым і гэтак далей згодна з агратэхнічнымі патрабаваннямі), і ўжо ў красавіку можна будзе атрымаць у горадзе ўраджай свойскіх ягад! Але значна прасцей і прыемней вырошчваць у гаршках рэмантантныя суніцы. Дарэчы, суніцы святлалюбныя, але пры гэтым церпяць нязначнае зацяненне. Лепей за ўсё ў кватэры ў горадзе ўтрымліваць гэтыя расліны на вокнах, якія выходзяць на сонечны бок. Пры зімовай гадоўлі на падаконніках пажадана суніцы дадаткова падсвятляць — тады яны будуць хутчэй развівацца і дадуць добры ўраджай. У самыя халодныя дні невялікія пластмасавыя скрыначкі з рыхлай урадлівай зямлёй, дзе нядрэнна растуць сунічныя кусты, я пераношу з балкона ў пакой, стаўлю на падаконнік і ўключаю ім свяцільню з лямпамі дзённага святла. Пераапыляць кветкі аказалася зусім не цяжка з дапамогай звычайнага пэндзліка. На кожнай расліне выспявае ў сярэднім па 15—20 ягад. Пасля збору ўраджаю скрыначкі з кустамі адводжу ў падвал дачнага доміка, дзе яны стаяць да вясны, а з надыходам цёплых дзён высаджваю гэтыя расліны на градцы ў агародзе.

Яўген Салановіч, дачнік са шматгадовым вопытам

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.