Вы тут

Беларускія крыміналісты змогуць скласці фотаробат па кроплі крыві


Цяпер наша краіна ўдзельнічае ў навукова-тэхнічнай праграме Саюзнай дзяржавы «ДНК-ідэнтыфікацыя». У яе рамках плануецца распрацаваць тэхналогіі, якія дазволяць вызначаць па ДНК этнагеаграфічнае паходжанне чалавека, яго папуляцыйную прыналежнасць, узрост, некаторыя прыкметы знешнасці (колер вачэй і валасоў, целасклад). Праграма разлічана на пяць гадоў — з 2017-га да 2021-га. Вынікі збіраюцца прымяняць на практыцы. Напрыклад, пры знаходжанні на месцы забойства крыві ці сліны невядомага злачынцы, якога няма ў базе даных, будзе магчыма скласці яго партрэт.


Важны аспект для складання партрэта — псіхаэмацыянальныя асаблівасці чалавека. Флегматык ён ці халерык — залежыць ад генаў, і ніякае выхаванне не зможа гэта змяніць. Ёсць таксама ўчасткі ДНК, якія адказваюць за схільнасць да агрэсіі.

— Колькі будзе займаць прамая расшыфроўка геному, пакуль складана сказаць. Стандартная методыка, якая сёння прымяняецца пры расследаванні важных злачынстваў, робіцца на працягу пары дзён, — дзеліцца Сяргей БАРОЎКА, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення судова-медыцынскіх экспертыз цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

ДНК можна вылучыць з любога біялагічнага матэрыялу — валасоў, плямы поту. «Патрымайце аркуш паперы, і мы зможам вызначыць ваш генатып па пакінутым на аркушы следзе», — запэўнівае спецыяліст.

На генетычныя аналізы ў крыміналістыцы штогод ідзе больш за мільён долараў.

— Многія справы па цяжкіх злачынствах, якія не былі раскрыты дзесяцігоддзямі, следства змагло давесці да лагічнага фіналу дзякуючы вынікам генетычнай экспертызы. Інфармацыя, якую мы атрымліваем пры аналізе, можа паслужыць доказам як віны, так і, што важна, невінаватасці, — кажа Сяргей Бароўка.

Як прыклад ён успамінае адну з гучных спраў. З 1999-га па 2004 год на тэрыторыі Брэсцкай і Мінскай абласцей была здзейснена серыя згвалтаванняў. Судова-генетычныя экспертызы ўстанавілі, што злачынца — адзін і той жа мужчына, аднак знайсці яго не ўдалося. У кастрычніку 2014-га ў лясным масіве паблізу вёскі Новікі Драгічынскага раёна нейкі мужчына здзейсніў згвалтаванне. Аказалася, што генатып супадае з тым, што быў выяўлены па злачынствах дзесяцігадовай даўніны. Інфармацыя аб ДНК маньяка была таксама перададзена ў Расію. Праз пэўны час прыйшло паведамленне, што гэты ж чалавек гвалтаваў жанчын у Ленінградскай вобласці. Следчыя дзвюх краін заняліся яго пошукамі і ў лістападзе 2015-га затрымалі 44-гадовага грамадзяніна Расіі, празванага «тушынскім маньякам». Ён быў прысуджаны Брэсцкім абласным судом да 18 гадоў пазбаўлення волі. Усяго пацярпелымі па справе прызналі 35 чалавек, у тым ліку пяцярых непаўналетніх і трох малалетніх.

У Дзяржкамітэце судовых экспертыз вядуць улік даных ДНК. Толькі ў 2017—2018 гадах туды была змешчана інфармацыя больш чым аб 150 тысячах генатыпаў падазраваных і абвінавачваных асоб, «слядоў» з месцаў нераскрытых злачынстваў.

У тэму

Папярэдзіць дыябет і стаць топавым спартсменам

Медыкі ўпэўнены: будучыня — за малекулярнай генетыкай.

— ДНК-дыягностыку ў нас у цэнтры штогод праходзіць каля чатырох тысяч чалавек, і прыкладна 500 сем'яў праводзяць прэнатальную дыягностыку з выкарыстаннем такіх метадаў, — адзначае намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай генетыцы РНПЦ «Маці і дзіця» Ірына НАВУМЧЫК. — Гэта дастаткова шмат. І лічба будзе павялічвацца, бо з улікам тых ведаў, якія мае сучасная медыцына пра генетыку самых розных захворванняў, перш за ўсё спадчынных, патрэба ў названых даследаваннях становіцца ўсё большай. Яны даюць магчымасць спланаваць далейшае лячэнне дзіцяці ці прыпыніць цяжарнасць, калі цяжкае захворванне не мае эфектыўных метадаў лячэння.

Асоба на 75 працэнтаў залежыць ад генаў. І толькі на 25 — ад ладу жыцця, выхавання, навучання, трэніровак. Таму, ведаючы генатып чалавека, можна пра яго вельмі многае расказаць.

— Напрыклад, пра схільнасць да захворванняў — сардэчна-сасудзістых паталогій, дыябету. Ці астэапарозу — асабліва актуальна для жанчын, у якіх пасля клімаксу разам з эстрагенам «сыходзіць» кальцый, што прыводзіць да пераломаў. А калі да першых сімптомаў выявіць гэту схільнасць, папярэдзіць ломкасць касцей лёгка — з дапамогай малочнай дыеты, прэпаратаў кальцыю, — кажа загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Ірма МАСЭ.

З 2010 года ў нашай краіне выдалі 13,5 тысячы генетычных пашпартоў. Часцей за ўсё па іх звяртаюцца жанчыны, у якіх ёсць праблема невыношвання цяжарнасці. На другім месцы пашпарты здароўя: іх робяць тыя, у чыіх бацькоў быў інфаркт, інсульт, дыябет, каб своечасова пачаць прафілактыку. На трэцім — спартыўныя пашпарты. Перш чым аддаць дзіця ў секцыю, тата і мама вырашаюць праверыць: ён спрынтар, стаер ці, напрыклад, камандны гулец.

— Я паставіў бы Беларусь на першае месца па прымяненні генетычных экспертыз у крыміналістыцы на постсавецкай прасторы. Падобныя методыкі пачалі ўкараняцца ў краіне дзесьці з сярэдзіны 1990-х гадоў. Сёння ў нас, можна сказаць, сярэдні еўрапейскі ўзровень, — лічыць эксперт. — Папулярнасць такіх даследаванняў вельмі высокая. Практычна любая крымінальная справа, дзе можа быць біялагічны матэрыял — ад крадзяжоў да забойстваў, — ахоплена генетычным аналізам. Гэта дастаткова дарагое мерапрыемства. Колькі каштуе даследаванне, можна меркаваць па экспертызе для ўстанаўлення бацькоўства: на сям'ю з трох чалавек паслуга абыходзіцца ў 300 рублёў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «След» адпачывае

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.