Вы тут

Вада з-пад крана: без рызыкі і фільтраў


Якасная пітная вада ва ўсёй краіне з'явіцца ў 2025 годзе, аднак і цяпер яе — і халодную, і гарачую, з-пад крана ў Мінску дарослым і дзецям можна піць без рызыкі для здароўя. І нават пах хлоркі сёлета павінен знікнуць са сталічных кранаў. Пра гэтыя і іншыя планы воднай гаспадаркі расказалі спецыялісты.


Да 2025 года ў Беларусі запланавана будаўніцтва 500 станцый абезжалезвання, каб забяспечыць якаснай пітной вадой усю краіну. Мяркуецца, што сёлета будзе ўзведзена каля 250 такіх збудаванняў, на што з бюджэту пойдзе 50 мільёнаў рублёў.

— Для дасягнення якасці будзе весціся перападключэнне населеных пунктаў да існуючых сістэм цэнтралізаванага водазабеспячэння, дзе вада адпавядае нарматыўным паказчыкам, будаўніцтва водазаборных свідравін, а таксама закальцоўванне, — запэўніла Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. — Планы намечаны паўсюдна, мы дайшлі да кожнай вёскі, дзе існуе жыццё, і разумеем, што там рабіць, каб вада была якаснай.

Пітная вада з цэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння, у прыватнасці камунальных водаправодаў, і цяпер характарызуецца высокай эпідэміялагічнай надзейнасцю, а выпадкаў атручвання вадой не было ўжо больш як 15 гадоў, ахарактарызаваў стан вады Аляксандр СПУРГЯШ, урач-гігіеніст рэспубліканскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

— Доля нестандартных мікрабіялагічных проб з водаправодаў у краіне менш за 1 %, а згодна з рэкамендацыямі СААЗ гэты паказчык не павінен перавышаць 5 %.

Каб напаіць вялікі горад, у Мінску функцыянуе 354 свідравіны, 190 з якіх у рабоце штодня. На 70 % сталіца насычаецца вадой з падземных крыніц.

— Паколькі паўднёвыя воды горада больш напоўнены жалезам, чым іншыя, такую ваду прыходзіцца абезжалезваць, перш чым яна трапіць да спажыўца. У паўночна-ўсходняй частцы горада (Уруччы і Зялёным Лузе) падземная вада адпавядае ўсім нормам, таму без усялякіх працэсаў водападрыхтоўкі яна трапляе праз рэзервуары чыстай вады адразу ў размеркавальную сетку сталіцы, — расказала Наталля САЗАНАВА, намеснік начальніка вытворчасці УП «Мінскводаканал».

Якасць пітной вады кантралюецца штодзённа. Яна правяраецца па хімічных, мікрабіялагічных і радыялагічных паказчыках.

— Рабочай праграмай на год запланавана зрабіць каля 120 тысяч аналізаў вады, аднак гэты паказчык перавыконваецца, як правіла, на чвэрць, — заўважыла Наталля ГРУШНІК, начальнік хіміка-бактэрыялагічнай лабараторыі УП «Мінскводаканал». — Мы абавязкова адбіраем пробы пасля санітарна-тэхнічных прамывак водаправоднай сеткі, а таксама пасля ўсіх інцыдэнтаў на сетках.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.