Вы тут

Над чым будзе працаваць Мінпрацы і сацабароны ў 2019 годзе?


У ліку прыярытэтных кірункаў дзейнасці ведамства — удасканаленне аплаты працы ў бюджэтнай сферы, а таксама нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, пенсійнага забеспячэння, сацыяльных паслуг, работа над праектам стратэгіі актыўнага даўгалецця, выкананне мерапрыемстваў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў і іншыя. Аб гэтым ішла гаворка на выніковай калегіі міністэрства.


Будзе спрошчаны парадак налічэння зарплаты бюджэтнікам

Гэта — адзін з асноўных кірункаў работы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў найбліжэйшы час, цытуе БелТА міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыну Касцевіч.

— Тут велізарны пласт работы з пункту гледжання заканадаўства. Больш за 100 нарматыўных прававых актаў трэба будзе адмяніць, па 70 — правесці карэкціроўку, — сказала Ірына Касцевіч. — Сам указ (маецца на ўвазе ўказ № 27 па ўдасканаленні аплаты працы ў бюджэтнай сферы. — Аўт.) накіраваны перш за ўсё на ўдасканаленне аплаты працы. У ім выразна прапісана не дапусціць паніжэння зарплаты, але пры гэтым спрасціць парадак яе налічэння. З 27-разраднай сеткі мы пераходзім да 18-разраднай, з тарыфнай стаўкі першага разраду — на базавую стаўку.

Ужо да 1 сакавіка плануецца ўстанавіць 18-разрадную сетку і памер базавай стаўкі (гэты праект пастановы ўжо ўнесены ва ўрад), да 1 мая — вызначыць агульныя ўмовы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Яе памер павінен быць не ніжэй за 80 % сярэдняй зарплаты па краіне. Дарэчы, па выніках мінулага года гэты паказчык па краіне склаў 77,2 %. Планку ў 80 % перавысілі Магілёўская, Віцебская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці. Пры гэтым намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў названых рэгіёнах дасягала 802, 811, 829 і 831 рубля адпаведна. У Гомельскай і Мінскай яна была вышэйшая, а ў лідарах быў Мінск з паказчыкам 1330 рублёў.

Запланаваны таксама актыўныя меры па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, каб забяспечыць баланс попыту з боку наймальнікаў і прапановы ад адукацыйных устаноў. Падрыхтаваны праект адпаведнай пастановы. У сакавіку — красавіку гэтага года плануецца зацвердзіць віды дзейнасці, па якіх будуць распрацоўвацца прафесійныя стандарты — патрабаванні, што прад'яўляе наймальнік да работніка. На іх аснове плануецца скарэктаваць і адукацыйныя стандарты. Усяго за тры гады плануецца распрацаваць каля 45 прафесійных стандартаў па прыярытэтных відах эканамічнай дзейнасці. Па кожнай прафесіі такі стандарт будзе пераглядацца раз у тры гады.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, які прысутнічаў на калегіі ведамства, адзначыў, што асаблівую ўвагу трэба аддаць апераджальным тэмпам росту зарплаты нізкааплатных катэгорый работнікаў. Нягледзячы на дэцэнтралізацыю ў пытаннях аплаты працы бюджэтнікаў, за Мінпрацы застаюцца дакладная каардынацыя і метадалагічнае суправаджэнне.

Дзяржава ўзмоцніць падтрымку шматдзетных сем'яў

Прапануецца змяніць падыход да выкарыстання сямейнага капіталу, перагледзець некаторыя віды дапамог па доглядзе дзяцей да трох гадоў у бок іх павелічэння і разгледзець некаторыя іншыя пытанні, якія датычацца падтрымкі сем'яў. Дзяржавай вызначаны прыярытэты, і гэта, па словах міністра працы і сацабароны, — шматдзетная сям'я.

Зараз разглядаецца магчымасць выкарыстання сямейнага капіталу датэрмінова, то-бок, да дасягнення дзіцем 18 гадоў (на адукацыю, паляпшэнне жыллёвых умоў, лячэнне і іншае). Нагадаем, што на 1 лютага гэтага года ў Беларусі адкрыта больш за 64 тысячы дэпазітных рахункаў на сямейны капітал на агульную суму 641,77 млн долараў.

Разам з тым першарадным фактарам, які ўплывае на рост нараджальнасці, Ірына Касцевіч назвала наяўнасць жылля. Пры гэтым яна спаслалася на сацыялагічныя даследаванні, падчас якіх у людзей пыталіся, што неабходна для павелічэння нараджальнасці. «На першае месца людзі ставяць жыллё, — заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны. — Ужо прынята пастанова ўрада, не менш за 12 тысяч шматдзетных сем'яў сёлета атрымаюць кватэры. На наступны, 2020 год, узятая такая ж планка». Дарэчы, летась у нашай краіне змаглі палепшыць жыллёвыя ўмовы 8 тысяч шматдзетных сем'яў.

Чакаецца і перагляд дзіцячых дапамог у бок іх узмацнення, але ў прывязцы да колькасці дзяцей. «З кожным дзіцем выдаткі сям'і павялічваюцца. Таму наша задача — паглядзець, як падтрымаць шматдзетныя сем'і з нізкімі даходамі», — заявіла Ірына Касцевіч.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Раней у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка ў ліку мер дзяржаўнай падтрымкі, накіраваных на павышэнне нараджальнасці ў краіне, назваў прапанову ўрада залічваць у страхавы стаж для прызначэння працоўных пенсій перыяды водпуску па доглядзе дзіцяці і доглядзе дзяцей да дасягнення імі 3 гадоў, але не больш за 12 гадоў (цяпер — не больш за 9 гадоў).

Таксама сёлета пачнецца стварэнне базы шматдзетных сем'яў. Чарнавы яе варыянт павінен быць гатовы ўжо да жніўня. Мэта яе распрацоўкі — забяспечыць шматдзетныя сем'і падтрымкай у поўным аб'ёме па выяўляльным прынцыпе, бо некаторыя з іх не ведаюць у поўнай меры пра тыя гарантыі, якія ім прадугледжаны заканадаўствам.

Цяпер улік шматдзетных сем'яў вядуць тэрытарыяльныя цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва. У іх ёсць інфармацыя аб умовах пражывання дзяцей, занятасці бацькоў, аб фактах сацыяльнага недабрабыту і цяжкай жыццёвай сітуацыі сям'і.

Новыя падыходы да работы з людзьмі з інваліднасцю

Праект закона «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі» будзе ўнесены на разгляд у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўжо ў красавіку. Плануецца, што сёлета ён будзе разгледжаны ў першым чытанні.

Трэба адзначыць тры важныя інавацыйныя падыходы, якія плануецца рэалізаваць у рабоце з інвалідамі. Першы — будзе ўкараняцца паслуга персанальнага асістэнта для інваліда. Другі — будуць устанаўлівацца квоты на рабочыя месцы для асоб з інваліднасцю, каб максімальна аказаць ім садзейнічанне ў працаўладкаванні. Трэці падыход — стварэнне рэабілітацыйных цэнтраў для інвалідаў.

Праект закона ўжо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі органамі дзяржкіравання, але ёсць некаторыя рознагалоссі з грамадскімі аб'яднаннямі. У сакавіку на ўзроўні Мінпрацы плануецца чарговая нарада, каб знайсці кампрамісныя рашэнні. Пры гэтым асаблівы акцэнт будзе зроблены на садзейнічанне занятасці людзей з інваліднасцю.

Што датычыцца паняцця «персанальны асістэнт», то яго ўвод замацуе ўжо наяўную практыку дапамогі па суправаджэнні, паслуг асабістага перакладчыка мовы жэстаў ці асістэнта для адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў І і ІІ груп.

Таксама, магчыма, будзе зменены парадак забеспячэння інвалідаў тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі. «Хочам даць права на самастойны выбар і набыццё такіх сродкаў з наступным атрыманнем кампенсацыі», — сказала Ірына Касцевіч.

Працягваецца работа над праектам стратэгіі актыўнага даўгалецця

Ён будзе ўнесены ў Савет Міністраў у кастрычніку. «Гэта дакумент, які па ўсіх кірунках вызначыць нашы крокі ў адносінах да пажылых ва ўсіх сферах іх жыцця», — сказала на калегіі Ірына Касцевіч.

Колькасць дамоў-інтэрнатаў у Беларусі апошнія сем гадоў захоўваецца на адным узроўні, што сведчыць аб тым, што пажылыя людзі часцей застаюцца ў хатніх умовах і пры гэтым атрымліваюць неабходны ім комплекс паслуг. Абслугоўванне дома набірае абароты: калі ў 2017 годзе яго атрымлівала амаль 90 тысяч чалавек, то ў 2018-м — ужо больш за 91 тысячу. Колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг расце, з аднаго боку, у сувязі з ростам колькасці грамадзян сталага веку, з другога, з-за таго, што самі органы сацабароны больш актыўна ідуць да людзей, маючых патрэбу ў паслугах. Гэта значыць, паступова адбываецца пераход ад заяўнага да выяўляльнага прынцыпу.

«Мы зацвердзілі нацыянальны стандарт якасці сацыяльных паслуг, летась працавалі над стварэннем сістэмы маніторынгу, сёлета яго правядзём. І па выніках 2019 года ўсе 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва атрымаюць сваё месца ў рэйтынгу», — заявіла кіраўнік міністэрства.

Мінпрацы спросціць і перавядзе ў электронны фармат адміністрацыйныя працэдуры

Усе адміністрацыйныя працэдуры па лініі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будуць пераведзеныя ў электронны фармат. Гэта будзе зроблена для таго, каб людзі маглі аператыўна атрымаць паслугу. «У перспектыве — увесці праактыўную працэдуру (сэрвіс): праз тэлефон зарэгістраваўся, праз яго ж атрымаў дапамогу і даведаўся неабходную інфармацыю. Гэта патрабаванне жыцця, многія краіны ўжо ідуць у гэтым напрамку», — адзначае Ірына Касцевіч.

Падрыхтавала Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Новыя падыходы і пераход у электронны фармат

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.