Вы тут

Напярэдадні вясны


Як хутка ідзе час! Вось і люты пакрыху (ленавата і неахвотна) саступае месца малодшаму брату сакавіку. 

А ці ведаеце вы, якой птушцы па версіі грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” прысвоена званне “Птушкі 2019 года”? Правільна, вялікаму арляцу, якога жыхары Палесся называюць балотным гаролам. І гэта нездарма. Забалочаныя лясы – асноўныя тэрыторыі, дзе на Беларусі селіцца гэта велічная птушка. Але ў апошні час колькасць вялікага арляца і месцаў яго гнездавання ў краіне паступова скарачаецца. Чытайце пра гэта ў матэрыяле Веранікі Коласавай “Выратуем арла!”.

Тэма ўстойлівага развіцця таксама не абышла наш часопіс. Мэты, прапісаныя ў Парадку дня да 2030 года, закранаюць усе аспекты жыцця людзей, як у кожнай краіне паасобку, так і ва ўсім свеце. Напачатку года ў Мінску прайшоў Першы нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці. На ім прадстаўнікі дзяржсектара, грамадскасці і міжнародныя партнёры агучылі свае прапановы па далейшай рабоце ў галіне МУР і неабходных мерах па іх удасканаленню. Якія ж змены ў экалагічным кампаненце Мэтаў ужо адбываюцца ці павінны адбыцца ў хуткім часе? На гэтыя пытанні адказвае Вераніка Коласава (“Маленькія крокі – для значных вынікаў”).

Тэма абыходжання з адходамі сёння ва ўсіх на слыху. І ўсё ж многія да канца не разумеюць, чаму пра гэту праблеме так шмат кажуць СМІ, і лічаць, што ёй надаецца занадта вялікае значэнне. Пераканаць простых людзей у зваротным даволі лёгка, дастаткова падаць апошнія даныя пра тое, колькі адходаў утварылася ў Беларусі (як прамысловых, так і бытавых) за адзін год. Чытайце матэрыял “Адходы вялікія і малыя” і не забывайцеся сартаваць смецце!

Акацыі на працягу некалькіх стагоддзяў растуць на тэрыторыі нашай краіны, яны сталі звыклымі для вока жыхароў. Вы здзівіцеся, але і рабінія ілжэакацыя, і дуб чырвоны нясуць вялікую пагрозу мясцовай флоры, укараняючыся ў прыродныя супольнасці. Пра гэта распавядае ў рубрыцы “Чорная кніга” Леанід Чумакоў, кандыдат біялагічных навук, супрацоўнік сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча (“Упрыгожванне сядзіб – шкода для прыроды”).

Шумець на прыродзе нельга, інакш птушкі спалохаюцца і паляцяць. У пачатковай школе №29 г. Мінска пра гэта ведае нават першакласнік. Нядаўна тут адкрыліся першыя ў Беларусі “Зялёныя класы”, а адзін з іх ужо атрымаў спецыяльны сертыфікат. Пра выхаванне і адукацыю маленькіх абаронцаў прыроды раскажа Кацярына Цітова (“Зялёнаклашкі” – самыя ціхія!”).

Працягвае тэму птушак гэтая ж аўтарка ў матэрыяле "Птушка са статусам... гарылы”. Ці ведаеце вы, што чырванакніжная вяртлявая чаротаўка такая маленькая, што важыць не больш за лыжачку цукру, або ў тры разы менш за вераб’я! Аднак яна мае такі ж статус у свеце (глабальна пагражальнага віду), як афрыканскі слон і гарыла! Што такога цікавага і значнага ў шэранькай птушцы, якую нават у траве не бачна? Уявіце! За сваё жыццё вяртлявая чаротаўка ажно 5 разоў наведвае Афрыку і вяртаецца назад! Асабліва безабаронная птушка, калі выседжвае і даглядае птушанят. Таму ў гэты перыяд (з канца мая да канца ліпеня) будзьце асабліва ўважлівымі на прыродзе! Папярэджвае Кацярына.

А Маша Зялёная ў сваіх “Экапарадах” прапаноўвае чытачам уявіць, што дома скончыліся мяса і рыба, а трэба прыгатаваць абед на ўсю сям’ю. Ці шмат рэцэптаў прыходзіць вам на розум, калі не лезці ў інтэрнэт? Відавочна, што нямнога!.. А ёсць людзі, якія пры такіх умовах могуць зрабіць сапраўдны банкет. Маша ў гэтым выпуску развенчвае міфы пра тое, быццам вегетарыянцы ўжываюць адну траву, з-за чаго пакутуюць ад недахопу вітамінаў. Яна разбіраецца, што такое вегетарыянства і з чым яго “ядуць” (“Хто такія вегетарыянцы?”).

Аксана Катовіч і Янка Крук у гэтым выпуску вядуць гаворку пра птушку, якая прылятае ў нашы мясціны, бадай што, апошняй і адлятае ў вырай хіба не першай. Прылятае на самы кароткі тэрмін, аднак і гэтага часу для нас дастаткова, каб атрымаць незвычайную асалоду ад яе мілагучнага спеву. Завуць гэтага чараўніка спеўнага майстэрства салавей. Адкуль узялася гэта дзівосная птушка, і як наша міфалогія падае вытокі яе з’яўлення на тэрыторыі пражывання ўсходнеславянскіх народаў? (“Пра што салоўка спявае”)

Алена Ляўковіч, таленавіты журналіст і шчырая абаронца братоў нашых меншых, пабывала на паўвостраве Ямал – у Салехардзе, яго ваколіцах і нават на ўзбярэжжы Паўночнага Ледавітага акіяна, але на востраў Белы, які апошнім часам у многіх на слыху нават далёка за межамі Арктыкі, на жаль, так і не трапіла. На тое былі дзве прычыны: аб’ектыўная – вельмі далёка, бо Белы – самая паўночная зямля Ямала, і містычная: жанчынам на востраве з’яўляцца забаронена, каб не патрывожыць духаў-ахоўнікаў гэтага краю. Але пра цікавы экалагічны праект, які рэалізоўваецца ў гэтых мясцінах, а пасля мусіць распаўсюдзіцца на ўсю расійскую Арктыку, давялося пачуць падрабязна і з першых вуснаў. Пра гэта – экалагічны досвед “Некарысныя “выкапні” Ямала”.

Хто яшчэ не прайшоў нашу невялікую апытанку, запрашаем зрабіць гэта. Спадзяёмся, абаронцаў прыроды, прыхільнікаў роварнага руху і здаровага ладу жыцця стане ў гэтым годзе больш!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».