Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар


Балет

Спецыяльна да традыцыйнага вясенняга свята сацыякультурны канал «Беларусь 3» падрыхтаваў тэатральны падарунак — 8 сакавіка гледачы ўбачаць тэлеверсію балета Вялікага тэатра «Рамэа і Джульета» ў новай аўтарскай рэдакцыі народнага артыста СССР і Беларусі, знакамітага балетмайстра Валянціна Елізар'ева. Прэм'ера гэтай пастаноўкі адбылася толькі ў снежні мінулага года, а на тэлебачанні пастаноўка будзе прадстаўленая ўпершыню. «На здымках спектакля была задзейнічана адна з новых найсучасных перасоўных тэлестанцый, — адзначаюць у Белтэлерадыёкампаніі, — таму аб'ектывы зафіксавалі літаральна кожны рух артыстаў і атрымалася паўнавартасная карціна, якую не заўжды разгледзіш, седзячы ў зале».

Харэаграфія Елізар'ева заўжды вызначалася наватарскім падыходам. Так, яшчэ ў 1988 годзе ў кананічны сюжэт «Рамэа і Джульеты» Уільяма Шэкспіра ён увёў цалкам новы вобраз, які дагэтуль не вылучаў ніводны аўтар лібрэта і пастаноўшчык — персаніфікаваную Варожасць, якую паказвалі ажно шасцёра артыстаў. Аншлагавы спектакль беларуская трупа прадставіла за гэтыя гады ў больш чым 20 краінах свету. Рэнавацыя ж, паводле водгукаў крытыкаў і гледачоў, атрымалася не толькі відовішчнай дзякуючы новым дэкарацыям, але і яшчэ больш драматычнай, глыбокай і па-ранейшаму актуальнай «найсумнейшай аповесцю ў свеце».

Дача

Шосты сезон папулярнага тэлепраекта «Дача», які здымае ТРК «Магілёў», стартуе ў эфіры «Беларусь 1» 2 сакавіка. Што ў ім будзе новага? Перш за ўсё вядучая. Кампанію аператару Юрыю Аўласцову ў падарожжы па «фазэндах» беларускіх дачнікаў цяпер складае Алена Іванова, бо Таццяна Ларына, якая палюбілася аўдыторыі за мінулыя пяць гадоў, перайшла на адміністрацыйную работу — летась узначаліла абласную магілёўскую тэлерадыёкампанію.

Да пастаянных рубрык праграмы ў новым сезоне дабавіцца інтэрактыўная гульня «Простая задача»: у пачатку праграмы гледачам зададуць пэўныя пытанні і дадуць падказкі, а напрыканцы — раскрыюць правільны адказ і дапоўняць яго малавядомымі фактамі па тэме. А яшчэ стваральнікі «Дачы» даюць зацікаўленым кансультацыі і прымаюць ад гледачоў расказы пра наватарскія распрацоўкі — праз электронную пошту dасhа@tvrmоgіlеv.bу.

Асноўная канцэпцыя праграмы не змянілася: тэлевізійнікі па-ранейшаму прапануюць вопытным гаспадарам дзяліцца карыснымі парадамі і садова-агароднымі хітрыкамі, а навічкоў «шасці сотак» знаёмяць з цікавымі сартамі раслін, што толькі з'яўляюцца ў нашай краіне, і разам са спецыялістамі вывучаюць з розных бакоў традыцыйныя культуры.

У першым выпуску «Дачы» 2019 года пройдзе майстар-клас, як правільна пікіраваць і саджаць эўстому — трапічную расліну, якая няблага прыжываецца ў беларускім клімаце і дапаможа зрабіць дачны ўчастак больш яркім і цікавым.

Востраў

Калі вы даўно марылі ўзяць тэлевізійных экстрасэнсаў ды адправіць усіх гуртам куды-небудзь як мага далей ад звычайных людзей, лічыце, ваша мара збылася: з 2 сакавіка на канале ТБ-3 пачынаецца рэаліці-шоу «Апошні герой. Зоркі супраць экстрасэнсаў».

Яго ўдзельнікі — «племя акцёраў», сярод якіх Ірына Бязрукава, экс-удзельніца Соmеdу Wоmаn Наталля Мядзведзева, Артур Смальянінаў і іншыя, а таксама «племя экстрасэнсаў» — удзельнікі «Бітвы экстрасэнсаў» на ТНТ. Абодвум плямёнам трэба пратрымацца 39 дзён на бязлюдных выспах, праўда, не ў суровым клімаце, а ў тропіках, на Філіпінах, затое ў кампаніі з марскімі змеямі, скарпіёнамі і ядавітымі медузамі. Штодня ўдзельнікі атрымліваюць толькі пітную ваду з разліку два літры на чалавека, а ежу трэба здабываць самім, пры гэтым выконваючы разнастайныя заданні арганізатараў. Дарэчы, на сёння міжнародны фармат «Апошняга героя», вядомы таксама пад назвамі «Экспедыцыя Рабінзон» і «Выжыўшы», адаптаваны ў розных краінах свету больш чым 40 разоў, а самая папулярная версія праекта выходзіць у ЗША ўжо 37 сезонаў запар.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.