Вы тут

Сямейная падушка бяспекі. Дзе ўзяць фінансы на форс-мажор


У жыцці бываюць усякія непрадбачаныя сітуацыі. Бо ніхто не застрахаваны, напрыклад, ад паломкі халадзільніка і неабходнасці яго рамонту або тэрміновай куплі новага (наўзамен старога). Бывае, што цяжка «ўцячы» ад хвароб і непрацаздольнасці, а як вынік — праблемы з працай ці іншыя непрыемнасці. Добра, што ўсе гэтыя цяжкасці да нас яшчэ не прыйшлі, але...


У вас абавязкова павінен быць рэзервовы фонд, які з'яўляецца свайго роду страхавым полісам, і які можна выкарыстаць у выпадку форс-мажору. Кандыдат эканамічных навук Вольга КУПЧЫНАВА дапамагала нам раскласці сямейны бюджэт па палічках і растлумачыла, як сфарміраваць фінансавую падушку бяспекі.

Плануйце свае расходы

Каб сямейны бюджэт быў заўсёды з плюсам, неабходна адначасова весці падлік усіх артыкулаў яго выдаткаў. Гэта могуць быць паўсядзённыя выдаткі, штомесячныя і сезонныя. Да апошніх адносяцца, напрыклад, купля зімовага (летняга) адзення, набыццё падручнікаў у школу. Сюды ўваходзяць расходы на падзеі жыццёвага (вучоба, шлюб дзяцей, юбілеі сваякоў), а таксама на непрадбачаныя сітуацыі (напрыклад, рамонт аўтамабіля пасля аварыі) і іншыя.

Увогуле, выдаткі могуць класіфікавацца і па мэтавых напрамках, але галоўнае ў тым, каб кожны член сям'і свядома адрозніваў расходы на тое, што «хачу» і што «трэба», і ўмеў правільна вызначаць прыярытэты.

Вольга Купчынава ўпэўнена, што ў асабістым бюджэце выдаткі заўсёды павінны адпавядаць даходам. Калі першыя большыя, трэба знайсці артыкулы эканоміі або падумаць аб дадатковых заробках. Вашы зберажэнні павінны быць абаронены ад інфляцыі і прыносіць прыбытак. Таму грошы трэба трымаць не дома, а пакласці на банкаўскі дэпазіт альбо набыць на іх аблігацыі ці іншыя высокаліквідныя каштоўныя паперы.

Каб годна жыць і ў старасці, варта паспрабаваць забяспечыць да выхаду на пенсію дадатковыя крыніцы даходаў. Гэта могуць быць фінансавыя зберажэнні, якія прыносяць працэнт, альбо іншыя актывы, здольныя даваць прыбытак.

Пазычаць лепш з «халоднай» галавой

Перш чым браць крэдыт, трэба зрабіць цвярозую ацэнку рэальнай патрэбы ў ім. Наступным пунктам стане падрабязны аналіз сваіх магчымасцяў па пагашэнні пазыкі і працэнтаў, а таксама ўсіх умоў крэдытнага дагавора. Не лішнім будзе і спрагназаваць сітуацыю, калі прыйдзецца несці адказнасць перад банкам і паручыцелем у выпадку непагашэння доўгу.

Трэба выразна ўяўляць, што, карыстаючыся крэдытам, вы аддаяце за пакупку больш. Чым даўжэй выплачваецца крэдыт, тым большыя выдаткі па ім. Акрамя таго, даступнасць куплі за кошт крэдыту можа справакаваць неразумныя марнаванні. І апошняе: набываючы ў крэдыт, вы звязваеце сябе даўгавымі абавязацельствамі і абмяжоўваеце ў будучыні свае фінансавыя магчымасці.

Выратавальная «схованка» для бюджэту

Ідэальным варыянтам з'яўляецца наяўнасць у сям'і пэўнай сумы на запас, якая дазволіць без атрымання дадатковых даходаў пражыць некаторы час, аплачваючы пры гэтым камунальныя паслугі і мабільную сувязь і набываючы прадукты харчавання. У залежнасці ад вашых жыццёвых абставін рэкамендаваны памер фінансавага рэзерву будзе такі.

Варыянт «стабільны». Калі ваша праца носіць стабільны характар і ў вас ёсць блізкія сваякі і сябры, у якіх можна пазычыць грошай на некаторы час, то падушка бяспекі павінна быць у выглядзе сумы выдаткаў на тры месяцы. Наступны варыянт — «са сваякамі не пашанцавала». Калі праца і даход не зусім стабільныя і ў блізкіх няма асаблівых магчымасцяў вам дапамагчы, ваша «схованка» павінна быць цяжэйшай — гэта грошы на шэсць месяцаў пражывання. Трэці варыянт называецца «вымушаны сірата». Гэта той выпадак, калі  небяспека страты работы вялікая, сваякоў ужо няма і сяброў страцілі. У дадзенай сітуацыі фінансавы рэзерв сям'і — на бягучыя выдаткі на 9—12 месяцаў.

Сабе адкладай дзесяціну

Умець «знаходзіць» грошы — якасць надзвычай карысная і патрэбная. Гэта разумны крок да бяспечнай будучыні. Але многія лічаць, што рабіць зберажэнні могуць дазволіць сабе толькі тыя, хто мае пастаянны і вялікі прыбытак. Гэта не так. Давайце ўспомнім нашых бабуль, якія на сціплыя пенсіі ўмудраюцца рабіць заначкі «на чорны дзень» і на падарункі для ўнукаў. І наадварот, ёсць людзі, якія маюць даволі высокі даход, але ў канцы месяца ў іх усё роўна нічога не застаецца, таму што яны прывыклі шмат траціць.

Калі штомесяц адпраўляць у скарбонку пэўную суму, праз некаторы час яна нечакана для вас ператворыцца ў нядрэнны капітал. Спецыялісты банкаўскай сферы рэкамендуюць адкладаць 10 % ад свайго даходу. Можна ўстанаўліваць і іншы памер у залежнасці ад сваіх магчымасцяў. Вазьміце за правіла: атрымаў зарплату, стыпендыю ці проста кішэнныя грошы ад бацькоў — адклаў звычайны працэнт. А калі выдалі незапланаваную прэмію, грашовы прыз ці падарунак, то можна выдаткаваць на «падушку» і больш. Адкладаць грошы ў канцы месяца — толькі тое, што засталося пасля ўсіх расходаў, — велізарная памылка, якую дапускае пераважная большасць. Пра фінансавы рэзерв варта клапаціцца ў першую чаргу.

Да падушкі бяспекі трэба ставіцца, як і да любых іншых рахункаў, абавязковых для аплаты. Важна папаўняць яе сістэматычна, каб выпрацаваць у сабе гэтую вельмі карысную звычку.

Наш доўг пакрысе зніжаецца

Знешні дзяржаўны доўг нашай краіны на 1 лютага склаў 16,7 млрд долараў, знізіўшыся з пачатку года на 0,2 млрд долараў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1 %, паведамляюць спецыялісты Міністэрства фінансаў.

Пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу ў студзені склала 299,2 млн долараў, з якіх 209,2 млн долараў — Экспартна-імпартнаму банку Кітая і 90 млн долараў — ураду Расіі. Дзяржаўная запазычанасць краіны на 1 лютага склала 44,9 млрд рублёў і павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на 0,4 млрд рублёў. Унутраны дзяржаўны доўг па стане на пачатак апошняга месяца зімы склаў 8,9 млрд рублёў, зменшыўшыся з пачатку года на 8,7 млн рублёў. Эксперты Мінфіна адзначаюць, што ў студзені размяшчэнне ўнутраных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб не ажыццяўлялася.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».