Вы тут

Хто зберажэ ад небыцця мову малой радзімы?


У мінулую суботу душэўна пасядзелі вялікай сям'ёй за бяседай у вясковай братавай хаце. Як заўсёды бывае, калі вось так (на жаль, нячаста) сустракаемся, пачалі прыгадваць дзяцінства, родныя мясціны, прыгоды, на якія заўсёды шчодрым для падлеткаў было вясковае наваколле. Успаміналі, дзе калісьці стаяла пачатковая школа (старэйшыя ведаюць, як яна выглядала, пры мне ж ад яе засталася толькі назва пусткі за вёскай з тоўстымі дрэвамі ля дарогі — Школьнішча). Прыгадвалі, дзе стаяў стары клуб, якая была ў ім сцэна, у якім кутку стаяла печка і якія знатныя шчыліны былі ў драўлянай падлозе: у іх вясковыя модніцы часта ламалі абцасы. Смяяліся, згадваючы, як баяліся заходзіць у цёмныя сенцы вясковай крамы, увянчанай крыху скошанай шыльдай «Ларёк», як прывезеныя пласты замарожанай рыбы мясцовыя цёткі дзялілі паміж сабой проста на прылаўку, ламаючы іх голымі рукамі. Старэйшыя тлумачылі мне, дзе стаяла старая вясковая кузня, у якой, як яны думалі, жыў сапраўдны нячысцік — так страшна там шугаў горан і гудзела полымя...


Наступныя два пакаленні — дзеці і ўнукі, слухалі нашу захопленую вандроўку ў насамрэч недалёкае, але для іх зусім невядомае мінулае з цікавасцю, як казку. Асабліва іх усцешыла, калі пачалі гаварыць пра вясковую рэчку і назвы мясцін у наваколлі — Васілёў бярэзнік, Старая ды Новая Купальня, Лагі, Падзяроўкі. А калі размова зайшла пра рыб, якія лавіліся ў той рэчцы, наша моладзь павесялілася ад душы: перапытвалі, рагаталі, хтосьці нават узяўся запісваць. Зразумелыя з дзяцінства келба, гаркуша, сліж, якіх лавілі на вуду дзясяткамі і часта з-за драбнаты скармлівалі катам, здаваліся ім, жыхарам вялікага горада, нейкімі незразумелымі істотамі, якіх яны нават і не бачылі: рэчку пасля перагарадзілі дамбай, ва ўтворанае возера напусцілі карпа, стронгі і нават шчупакоў, якія вельмі хутка ўсю малечу з вады вывелі. Пакапаўшыся ў асацыятыўнай памяці, удалося маладым растлумачыць, што келба — гэта пячкур, сліжа слоўнікі называюць сліжык (ён нечым падобны на мініяцюрнага сома), гаркуша (яна ж — гаркушка, або гальян) — з выгляду як маленькая фарэлька...

Мы пасля дзівіліся: як так выйшла, што звычайныя і абсалютна простыя, як паветра, як хлеб, словы родных мясцін сталі для нашых жа дзяцей абсалютна незразумелымі — гэткай кітайскай граматай. І каторы ўжо раз падумалася пра больш глабальнае: вусная спадчына нават у наш век гіганцкіх сховішчаў рознага кшталту інфармацыі застаецца самай уразлівай, можна сказаць, на мяжы знікнення. Асабліва калі на мяжы знікнення знаходзяцца самі паселішчы, у якіх адметная гаворка гучала. Дыялектныя слоўнікі тут не выратуюць — яны ў нашым выпадку не маюць аўдыядадаткаў, каб пачуць, як тое ці іншае слова гучала ад яго сапраўдных носьбітаў ужывую, да таго ж — давайце будзем шчырымі — хто і калі, акрамя мовазнаўцаў, у іх заглядае? У многіх невялікіх вёсках засталося па некалькі (у лепшым выпадку — па некалькі дзясяткаў) жыхароў — жывых носьбітаў мясцовых гаворак (да іх, праўда, з вялікай доляй пагрэшнасці, можна дадаць тых, хто ў вёсцы не жыве, але нарадзіўся і вырас). І ўсе гэтыя людзі, на жаль, не маладзеюць. А з наступнага пакалення, для якога адметныя словы не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі (акрамя «о, прыкольна!»), носьбітаў не атрымаецца.

Атрымліваецца, разам з паселішчамі на мяжы вымірання апынаюцца і мясцовыя назвы ўрочышчаў, крыніц, лясоў, жывёл і траў, трапныя мянушкі, якіх у любой вёсцы — россып, і ў кожнай — свая гісторыя. У самога паселішча застаюцца шанцы адрадзіцца — прыедуць новыя людзі, пабудуюць аграсядзібу ці ўладкуюцца на пастаяннае вясковае жыхарства. І імя яго, калі што, ужо не знікне без следу — не так даўно выдадзены даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» згадвае ўсе без выключэння беларускія вёскі — і жывыя, і ўжо зніклыя. А вось адметныя вясковыя слоўцы (а тым больш — дакладна нідзе не зафіксаваныя «неафіцыйныя» імёны ўласныя), згінуўшы аднойчы, ужо не адродзяцца ніколі. І каб выратаваць іх, хаця б элементарна запісаўшы, не хопіць ніякіх цэнтралізаваных захадаў — хай сабе нават уся Акадэмія навук выправіцца ў адмысловыя экспедыцыі.

Выратаваць мову сваёй малой радзімы можам толькі мы самі. Перадаўшы — хаця б у выглядзе запісаў і тлумачэнняў — сваім дзецям і ўнукам, заахвоціўшы вучняў мясцовай школы зрабіць слоўнік жывой гаворкі роднай вёскі, намаляваць лакальную карту з адметнымі назвамі (гэта я ўжо наўпрост да настаўнікаў звяртаюся).

Навошта ўсё гэта патрэбна, спытаеце? А раптам тыя, хто прыйдзе пасля нас, будуць разумнейшыя і лепшыя. І захочуць не толькі ўбачыць і адчуць свае вытокі і карані, але і пачуць іх, і паспрабаць іх вымавіць. І з надзеяй зверуцца да нас...

Ці скажуць толькі пасля «дзякуй»? Не ведаю, як вам, а мне чамусьці гэта не ўсё роўна.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Загаловак у газеце: Слоўнік памяці

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.