Вы тут

Аляксандр Турчын: Заробак, ніжэйшы за 600 рублёў, — гэта няправільна


«Заробак ніжэйшы за 600 рублёў — гэта няправільна», — з такой думкі першы віцэ-прэм'ер Аляксандр Турчын пачаў чарговае пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва, якое адбылося ў Савеце Міністраў. На гэты раз тэмай сустрэчы прадстаўнікоў улады і бізнесу стала «Развіццё прадпрымальніцтва ў рэгіёнах: стан, праблемы, шляхі іх вырашэння».


— Для мяне гэта два кірункі: як актывізаваць бізнес, які знаходзіцца на тэрыторыі гэтага раёна, каб ён ператвараўся ў больш паспяховую кампанію, і як прыцягнуць у гэтыя рэгіёны бізнес з буйных гарадоў, — абазначыў праблемныя пытанні першы намеснік прэм'ер-міністра.

Стан

— Калі казаць аб тэрытарыяльнай структуры развіцця малога і сярэдняга бізнесу, яна на працягу двух дзесяцігоддзяў па вялікім рахунку не змянілася. Нягледзячы на тое, што ў нас была рэалізавана дзяржаўная праграма па развіцці малых і сярэдніх прадпрыемстваў, у нас дзейнічае Дэкрэт № 6 аб развіцці малых і сярэдніх прадпрыемстваў у малых гарадах, сельскай мясцовасці, сельскіх пасяленнях і гэтак далей. Або дадзеныя меры нядзейсныя,
або дзейсныя ў недастатковай ступені, — лічыць Жанна ТАРАСЕВІЧ, дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М. С. Куняўскага.

У структуры малога і сярэдняга прадпрымальніцтва 87 % займаюць мікраарганізацыі, на якіх працуюць 3-4 работнікі. Апошнія гады назіраецца павелічэнне працэнта самазанятых грамадзян. Што датычыцца сярэдняга бізнесу, то яго колькасць з гадамі зніжаецца.

Каля 40 % прадпрымальнікаў сёння занятыя ў гандлі, 13 % — у апрацоўчай прамысловасці, 10 % — у транспарце, на ўсе астатнія галіны прыходзіцца да 5 %. Менш за 1% развіваюць праекты ў сацыяльнай сферы — у адукацыі, ахове здароўя, культуры. Асноўная маса суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва засяроджана ў Мінску і абласных цэнтрах.

Аляксандр Турчын адзначыў, што ў хуткім часе ўрад накіруе ў Адміністрацыю Прэзідэнта ініцыятывы аб матэрыяльным стымуляванні дзяржаўных служачых, якія імкнуцца развіваць бізнес у сваім рэгіёне.

Праблемы

Сярод праблемных пытанняў, паводле экспертаў, — плошчы для стварэння бізнесу ў рэгіёнах. Часта іх рамонт, арганізацыя інфраструктуры (святло, ацяпленне) каштуюць і грошай, і часу. Тут могуць дапамагчы тэхналагічныя паркі з усёй неабходнай базай. Бізнесмен можа арандаваць памяшканне для працы і плаціць арэнду.

Яшчэ бар'ер — прыцягненне свабодных інвестыцый. Адзначылі як праблему і недастатковую кваліфікацыю рабочай сілы.

— Калі гаворым пра працу ў рэгіёнах, то колькасць людзей абмежаваная і прафесіяналізм выклікае пытанні. Усе астатнія ўмовы такія, як і ў гарадах. Ёсць значныя льготы па падатках на прыбытак. Але сёння ў многіх бізнесах пытанне не ў тым, каб са 100 рублёў 18 ці 10 аддаць дзяржаве, а ўвогуле ў наяўнасці прыбытку. Таму гэта льгота добрая, калі ёсць прыбытак, — заўважыў Валянцін БАЙКО, старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа». — Буйныя вытворцы і прадпрыемствы не могуць існаваць толькі ў дзяржаве, дзе дзесяць мільёнаў жыхароў. Мы вымушаны глядзець на рынкі Расіі, Казахстана, Украіны. Таму для любога прадпрымальніка пытанне: ставіць фабрыку ў малым горадзе Беларусі ці пабудаваць яе ва Узбекістане? Мы, на жаль, разглядаем і такія пытанні, таму што там газ, электрычнасць, рабочая сіла таннейшыя.

Шляхі рашэння

Калі мы хочам быць канкурэнтаздольнымі, мы павінны развіваць высокатэхналагічны малы і сярэдні аграбізнес. З такой ідэяй выступіла прафесар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Людміла СОВІК.

Адной з самых паспяховых праграм падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў краіне з'яўляецца стварэнне фондаў. Пра гэты метад расказаў старшыня праўлення Банка развіцця Андрэй ЖЫШКЕВІЧ. У 2018 годзе ўстанова каля 200 мільёнаў рублёў размясціла ў фондах праз сетку банкаў-партнёраў і лізінгавых кампаній для таго, каб гэтыя банкі праз сваю структуру выдавалі крэдыты прадпрымальнікам.

На думку Андрэя Жышкевіча, складана на ўзроўні абласцей сфарміраваць працэдуру адбору праектаў, выканаць функцыю крэдытнай экспертызы, таму трэба было б цэнтралізаваць гэтыя задачы і перадаць пэўнай установе.

— Гэта ідэя ўжо доўгія гады абмяркоўваецца. Прадпрымальнікі не маюць нерухомасці, якая задавольвае банкі, складана афармляць заклады нетаварнага тыпу. Таму рашэнне праблемы недастатковасці забеспячэння праз даванне гарантый таксама гучала. Зараз фонд падтрымкі прадпрымальніцтва падрыхтаваў запуск гарантыйнага фонду, — паведаміў Андрэй Жышкевіч.

Гэта значна палепшыць доступ бізнесу да крэдытных ліній. Па словах генеральнага дырэктара Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Паўла ГОРБАЧА, гарантыйны фонд запрацуе ў найбліжэйшыя месяцы.

— Сэнс дзейнасці гарантыйнага фонду — гэта выдача паручыцельстваў па праектах, калі суб'ектам малога прадпрымальніцтва недастаткова забеспячэння пры звароце па крэдыт у банк, — расказаў пра ідэю Павел Горбач.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Бізнес гарады бярэ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».