Вы тут

Дзмiтры Ровенскi, сын салдата


Музыка-самавук прыйшоў у музыку дзякуючы трафейнаму гармоніку ды бацьку-салдату з Кубані, які вызваляў Беларусь, дайшоў да Берліна і вярнуўся з перамогай на Капыльшчыну — да дзяўчыны, якую ў вайну пакахаў


Прыгожа, з музыкай ідзе па жыцці Дзмітры Ровенскі

Абараняць Айчыну можна, як кажуць, з розных флангаў — і ў ваенны, і ў мірны час. Як там у класіка нямецкай літаратуры: “І варты толькі той жыцця ды волі,/ Хто кожны дзень за іх ідзе на бой…” Памяць пра падзеі Другой сусветнай вайны ўслед за бацькамі-ветэранамі, партызанамі ў Беларусі зберагаюць іх сыны, дочкі. А гэта — велізарная сіла! Неацэнны досвед змагання за жыццё, навуку перамагаць, не адступаць перад цяжкасцямі ды радавацца кожнаму новаму дню многія з нашчадкаў салдатаў Перамогі самі засвоілі ад старэйшых — і далей перадаюць па жыццёвай эстафеце.

З ліку такіх і Дзмітры Ровенскі — знакаміты музыка-самавук з Капыльшчыны, сын салдата.

Наша газета пісала пра яго раней. Нагадаем: Дзмітры Дзмітравіч у 1970 годзе стварыў (хутка паўвека!) гурт “Дударыкі”. Яго артысты разам з мастацкім кіраўніком пабывалі амаль у 40 краінах замежжа, далі звыш 500 канцэртаў, атрымалі 10 Гран-пры на міжнародных фестывалях. Заслужаны аматарскі дзіцячы фальклорны калектыў цяпер смела можна лічыць адной з нацыянальных каштоўнасцяў Беларусі. Дзясяткі тры таленавітых дзяцей розных узростаў, непрафесійных артыстаў ствараюць на сцэне дзівоснае шоу: віртуозна граюць на гармоніках, дудках, дудах, скрыпках, акарынах, цымбалах, барабанах і бубнах, а то й на чыгунках ці пілах, пральных дошках, звычайных чарацінках ці саломінках. І спяваюць, і танцуюць. Выступаюць па ўсім свеце, нават у Парыжы, у штаб-кватэры ЮНЕСКА давалі канцэрт у маі 2014 года: там у вялікай канцэртнай зале прайшоў канцэрт “Дударыкаў” сумесна з Нацыянальным акадэмічным рускім народным хорам імя Пятніцкага. Канцэрт ладзіўся з нагоды 60‑годдзя ўступлення Беларусі ды Расіі ў ЮНЕСКА.

Музыка-самавук — таксама й “бацька” гурта “Мінскія музыкі”, якому ўжо больш за 20 гадоў і галоўны ў “Сямейным ансамблі Ровенскіх” (створаны ў 1980‑м). Не ўсе ведаюць, але ж Ровенскі з аднадумцамі стварылі ў 14‑й мінскай гімназіі, дзе ад нараджэння жывуць “Дударыкі”, яшчэ й Музей беларускай культуры й побыту: існуе з 1985 года. А Музей музычных інструментаў заснаваны там жа ў 2003‑м. Так што шырокім фронтам сын салдата Перамогі змагаецца за духоўную моц Бацькаўшчыны, узяўшы за аснову народную беларускую культуру, “мабілізаваўшы” ў свае шэрагі, у глабальныя творчыя праекты юныя таленты з Мінска, сваіх сямейнікаў. Апошніх варта й пералічыць: гэта жонка Лідзія Яўгенаўна, трое іх дзяцей (Марыя, Віталь і Васіль), а таксама ўнукі Ліна і Лаліта, Дзіма, Мікіта, Ілона, Сафія і Цімоха. Сам жа Дзмітры Дзмітравіч з 12 гадоў іграў на 12 традыцыйных інструментах, засвоіў багаты рэпертуар полек і найгрышаў песеннай Капыльшчыны, цяпер ён увогуле, як кажуць, на ўсе рукі майстар.

І тут да месца будзе сказаць: ёсць у Музеі музычных інструментаў і трафейны гармонік-“венка”, з якога пачынаўся калісьці музычны лёс гэтага “Заслужанага дзеяча культуры”, а таксама й “Выдатніка адукацыі” Беларусі.

У сына салдата — “мірныя” ўзнагароды

Сам жа Дзмітры Ровенскі — сын кавалерыста, казака з Кубані, які вызваляў Беларусь, Мінск у складзе арміі генерала Бялова. Ён дайшоў да Берліна і — бывае ж такое не толькі ў кіно! — вярнуўся пасля Перамогі з шашкаю, з трафейным гармонікам на беларускую Капыльшчыну да дзяўчыны з вёскі Ржаўкі Ліны Нагорнай, якую пакахаў у вайну. З ёю і ажаніўся.

Пэўна ж, і той гармонік-“венка” маркі Hohner — не выпадковая дэталь у жыцці салдата Ровенскага. Ёсць у родзе паданне: ягоны бацька-дваранін Фёдар Аляксандравіч пасля рэвалюцыі ўсю маёмасць аддаў бальшавікам добраахвотна, — толькі скрыпку пакінуў у сабе.

“Дзед адукаваны быў, і ўсе тры дачкі яго мелі вышэйшую адукацыю, — расказаў мне музыка. — Ён добра граў на скрыпцы, любоў да музыкі й дапамагла сям’і, скажам так, непралетарскага паходжання выжыць за савецкім часам. Зарабляў на жыццё, працуючы ў школе настаўнікам музыкі й спеваў. Потым — вайна, дочкі пайшлі на фронт. Ацалела ў агні вайны толькі мая цётка Аксана, другая згарэла ў самалёце, трэцяя — у танку. А бацьку майму будучаму й 18‑ці не было, дык ён год сабе дадаў і таксама пайшоў ваяваць. І вось жа лёс павёў яго да Перамогі праз Беларусь, якая й стала Радзімаю для мяне (нарадзіўся ў канцы 1947‑га, у пашпарце запісаны 1948‑ы), маіх дзяцей і ўнукаў”.

Кубанскі казак, бравы старшына эскадрона, калі здабыў з сябрамі Вялікую Перамогу, здаўся ў салодкі палон прыгажуні-беларусцы Ліне. Бацька Амброжый якой, дарэчы, цудоўна граў на барабане, сам і рабіў іх, а ў вайну загінуў на фронце. У Каўнасе казак закончыў міліцэйскую школу, вярнуўся ў Капыльскі раён: участковым працаваў, потым следчым. Яго не стала ў 1968‑м, калі сын Дзмітры ў арміі служыў. Дарэчы, у Маскве, у элітных войсках: стаяў на ганаровай варце ў Маўзалеі.

Той самы гармонік-“венка”

Але вернемся ў вяскова-капыльскае дзяцінства музыкі. “Якраз трафейны гармонік-“венка” й абудзіў, напэўна, мой спадчынны музычны талент, — разважае Дзмітры Дзмітравіч. — Складаны гармонік нямецкага строю (на жым і разжым мяхоў там — розныя гукі), а я на ім вучыўся граць. Ён жа, можна лічыць, і самы першы экспанат у Музеі музінструментаў, а іх ужо за 350. Мой тата, як і дзед, вельмі любіў музыку, і гармонік часам браў у рукі. Ну і я туды ж… А як споўнілася мне пяць гадоў, то бацька яго падарыў мне. Я ўжо мелодыі падбіраў. Дапамагала й мама: спявала хораша, а я спрабаваў падыгрываць. У дзяцінстве ж найлепш, пераконваўся ў тым не раз, музыцы вучыцца. Не паверыце: першае вяселле я сыграў з сябрам Сашкам, калі мы яшчэ ў школу не хадзілі! З таго й пачалося: запрашалі на вечарынкі, гулянкі. Жыў я да школы ў вёсцы Ржаўцы ў бабулі Серафімы. Там на вяселлях, фэстах гралі музыкі, ды й сама яна цудоўна спявала, танцавала, мяне да музыкі падахвочвала — род і па мамінай лініі ў нас музычны вельмі, спеўны быў”.

Летась у адным з тэкстаў, прысвечаных 70‑годдзю Дзмітрыя Ровенскага, я прачытаў: тое першае было вяселле яго суседа Леаніда Вілейкі. А маленькі музыка так запомніўся маладым, што жаніх і нявеста потым запрасілі Ровенскага сыграць і на іх залатым вяселлі.

Дзмітры згадвае, што амаль усе Нагорныя гралі на розных інструментах, хоць не мелі музычнай адукацыі. З радні склаўся цэлы аркестр! Тых музыкаў з вёскі Казакоўкі на Капыльшчыне звалі “Сляпыя”: бо іх кіраўнік Уладзімір Міхайлавіч Давідовіч быў зусім сляпы. І амаль што без пальцаў: у яго ў руках разарваўся снарад. А як іграў на баяне! Вялікую школу з тымі музыкамі прайшоў і стваральнік “Дударыкаў”: “Са “Сляпымі” я й пазней шмат адыграў. З 66‑га ўжо ў Мінску жыў, а прыязджаў з імі на Капыльшчыну граць, і вельмі многаму ў іх навучыўся”. У 60‑я гады той самадзейны гурт прадстаўляў Капыльшчыну й на І Усесаюзным фестывалі мастацкай творчасці.

Была й такая навука: у 12 гадоў пры Палацы культуры ў Капылі ён закончыў духавую школу па класе барытона. Пазней іграў вяселлі ўжо і ў складзе духавога аркестра, з “макароннікамі” — так звалі музыкантаў, што прайшлі службу ў ваенных аркестрах. А з 1961‑га яны з бацькам і сястрою Людмілай ігралі таксама ў “Капыльскіх дударах”. То быў вядомы гурт. Нават фільмы пра яго здымалі, па радыё часта яго музыка гучала. І калі ў Мінску ўжо Дзмітры Ровенскі ствараў дзіцячы гурт, то назваў яго “Дударыкі” — і ў памяць пра людзей, з якімі пачынаў выходзіць на вялікія сцэны Беларусі.

Здымак на памяць у Штаб-кватэры ЮНЕСКА. Парыж, май 2014 г.

Вялікая ўдзячнасць бацьку-салдату за жыццёвую навуку, за прывітую з ранняга дзяцінства любоў да парадку, да працы, а таксама й да музыкі жыве ў яго сэрцы й цяпер. Дзмітры Дзмітравіч расказаў мне нядаўна, што 50 гадоў шукаў фільм 1963 года “Беларускія напевы” пра “Капыльскіх дудароў”— і знайшоў-такі яго ў архіве ў Дзяржынску. Там ёсць на кадрах, расказвае, і яго настаўнік Аляксей Фядотавіч Клякін, і яны з бацькам.

У працяг вось гэтых нататкаў я рыхтую тэкст пад рубрыкай “Музыка Перамогі”. Каб падрабязней расказаць пра ўнікальныя музінструменты з багатай калекцыі Дзмітрыя Ровенскага, так ці інакш звязаныя з яго бацькам-салдатам ды іншымі ветэранамі Вялікай Айчыннай.

Пра тое, якім вялікім аўтарытэтам для дзяцей былі іх бацькі-франтавікі, партызаны, мы згадвалі, калі Дзмітры Ровенскі наведаўся ў рэдакцыю. Яму з Чылі перадаў у калекцыю два экзатычныя музінструменты наш сябар, былы капітан дальняга плавання Пётр Рабко. Гэта ўкраінец з Чарнігаўшчыны, бацька яго загінуў у 1944‑м, вызваляючы Беларусь — і таму сябе лічыць беларусам. Раней гэты нястомны вандроўнік бываў у гасцях у “Дударыкаў”, слухаў іх музыку, спевы. Ровенскі з Рабко — абодва сыны франтавікоў! — вельмі хутка пасябравалі. Цяпер Пётр Дзям’янавіч па ўсім свеце праз інтэрнэт расказвае, што за цуд ёсць у Беларусі, дзеліцца спасылкамі на іх відэа. І вырашыў зрабіць заакіянскі падарунак сябрам. Дзмітры Дзмітравіч з цікавасцю аглядваў як чылійскую акарыну (паспрабаваў іграць), так і рэч з рознаўзроўневымі драўлянымі цыліндрыкамі ў два рады (таксама духавы інструмент). Папрасіў перадаць вялікі дзякуй сябру-дабрадзею.

І яшчэ штрых да гісторыі з гармонікам-“венкаю”, з якога пачыналася музычная дарога Майстра. Дарэчы, апошняе вызначэнне ўжо не проста словы: на Міжнародным музычным конкурсе імя Івана Маланіна ў Новасібірску ў 2014‑м ён з Антонам Лукашэвічам атрымаў Гран-пры ў намінацыі “Настаўнік і вучань”. Быў ушанаваны ганаровым званнем “Народны гарманіст Зямлі Рускай”. Дык вось, пра “венку”. Назва, мусіць, такая прыстала — бо карані гармоніка недзе пад напоўненаю музыкай Венаю. І дзіўным чынам туды, у Аўстрыю занесла сіла творчасці сына салдата з яго “Дударыкамі”. У шматфарбным буклеце да 45-х угодкаў гурта ёсць фота-2012 у Аўстрыі: там “Дударыкі” з прэзідэнтам фестывалю фальклорных гуртоў, генералам Х. Эберлам. Ровенскі патлумачыў: і ў 2014-м гурт выступаў там. Генерал Эберл у 2012-м уручыў сыну савецкага салдата медаль за прапаганду народнай культуры ў Еўропе. Запрашэнне на фэст маюць і сёлета. Цікава: ці ведаюць там, што якраз трафейны гармонік-“венка” і павёў хлопчыка з Капыльшчыны, з вёскі Ржаўкі ў вялікі музычны свет?

Iван Ждановiч

Дарэчы. Дзмітры Ровенскі мне сказаў: на гармоніку граў і знакаміты маршал Георгій Жукаў — маршал Перамогі. У расійскім серыяле “Жуков” — яго вобраз стварыў Аляксандр Валуеў — ёсць эпізод, дзе маршал на гармоніку грае. У ліпені 2015‑га гурт “Мінскія музыкі” выступаў у горадзе Жукаў — на радзіме палкаводца, у Калужскай вобласці. Тады кіраўніцтва Фонду імя Г. К. Жукава ўшанавала Дзмітрыя Ровенскага медалём “За мужнасць і любоў да Айчыны”. Сімвалічна! Паколькі ж марыць кіраўнік “Дударыкаў” знайсці спонсараў, каб зладзіць гастролі гурта па гарадах Расіі — то можа да юбілею Вызвалення Беларусі ці Перамогі тое зрабіць? Як падарунак расіянам, братняй краіне, з якой у Дзмітрыя Ровенскага, як і з Беларуссю, ёсць моцная крэўная повязь.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».