Вы тут

Як навучэнцы інтэрната стваралі аўтарскія майкі для подыума


Дабрачынны модны паказ з удзелам больш як 120 дзяцей з асаблівасцямі развіцця з шасці дамоў і школ-інтэрнатаў краіны пройдзе 2 сакавіка ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Арганізатары паказу ладзілі для дзяцей розныя рэпетыцыі і сустрэчы, з якіх асаблівым выйшаў майстар-клас для дзяцей з Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната Валожынскага раёна. Сямёра хлопчыкаў і дзяўчынак — Косця Забела, Саша Вараўка, Віка Алешка, Оля Субота, Сняжана Казлова, Улад Ванслаў і Алена Калугіна — самі з дапамогай фарбаў стваралі дызайн маек, у якіх выйдуць на подыум. Майстар-клас праходзіў у мастацкай майстэрні другога корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, дзе будучым удзельнкам паказу дапамагалі валанцёры клуба «СЛОН».


— Заняткі па самастойным роспісе маек задуманы для таго, каб навучэнцы са школы-інтэрната змаглі праявіць сваю фантазію і асвоіць новую для іх справу — маляванне акрылавымі фарбамі на гатовым тэкстыльным вырабе. Таксама нам вельмі хацелася, каб яны выйшлі на подыум не толькі ў вырабах ад мадэльера Настассі Фальковіч, але і ў самастойна вырабленых аўтарскіх рэчах. Нашу ідэю падтрымаў валанцёр клуба «СЛОН» Эдуард Свірыдаў, які навучаецца на кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І менавіта ён праводзіў майстар-клас для хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе дзеці і валанцёры вельмі чакаюць прэм’еры калекцыі «Сам сабе дызайнер» і ўпэўненыя, што падобныя праекты спрыяюць інклюзіўнаму культурнаму развіццю дзяцей з асаблівасцямі развіцця і эмпатыйнасці нашага грамадства, — расказала арганізатар моднага паказу і кіраўнік валанцёрскага клуба «СЛОН» Анжаліка Байко.

У студэнта другога курса Эдуарда Свірыдава, які праводзіў майстар-клас, гэты дзень пакінуў станоўчыя эмоцыі і незвычайны вопыт.

— Такі досвед у мяне першы раз, асабліва ў той тэхніцы, у якой мы працавалі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Кожнае дзіця пры роспісе маек змагло паказаць сваю індывідуальнасць, выбраць колер, які яму бліжэй, ну і, вядома, даведацца пра нешта новае для сябе.

Канешне, самыя яркія эмоцыі атрымалі выхаванцы Чэхаўшчынскай школы-інтэрната, для якіх усё і арганізоўвалася. Хоць іх узрост значна адрозніваўся — самаму малодшаму было сем гадоў, а старэйшым сямнаццаць — кожны знайшоў плюсы і карысць у стварэнні ўласнай майкі і з радасцю падзяліўся сваімі ўражаннямі.

— Я люблю маляваць у альбоме, а на вопратцы ніколі не спрабаваў. Я яшчэ не ведаю, кім хачу быць, калі вырасту, я люблю гуляць у футбол, у мяне нават ёсць медаль і кубак. А, можа, стану мастаком, бо дзяўчаты-валанцёры кажуць, што ў мяне вельмі прыгожа атрымліваецца. Сваю майку буду часта апранаць, я нават намаляваў на ёй літару «К», каб усе ведалі, што яе рабіў я! — дзеліцца ўражаннямі сямігадовы Косцік Забела.

— Мне ўжо сямнаццаць, але за іх я ні разу не ўдзельнічаў у нечым падобным. Памятаю, у нас быў майстар-клас па стварэнні паштовак, але тут зусім іншае, паштоўку паставіш і ўсё, а такую майку можна насіць хоць кожны дзень. Да таго ж такой дакладна ні ў каго не будзе, і гэта выдатна. Мне падабаюцца спосабы, якімі мы малюем. Я ніколі не думаў, што ў мяне атрымаецца зрабіць эфект «размытага малюнка». Цяпер я вучуся, у вольны час захапляюся баскетболам. Пра тое, куды хачу паступаць, яшчэ не вырашыў, але думаю, навык размалёўваць майкі можа мне спатрэбіцца ў будучыні, — кажа Саша Вараўка.

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».