Вы тут

“Надзея” плюс “Прамень”


Урачыстая вечарына ў гонар 30-годдзя ансамбля беларускай песні “Надзея” і Беларускага таварыства “Прамень” прайшла ў шматлюднай зале Рыжскага Латышскага таварыства


Алёна Лазарава

Адкрываючы імпрэзу, вітала ўсіх старшыня таварыства Алёна Лазарава. Потым старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова казала, што “Прамень” — адна з найстарэйшых беларускіх суполак у краіне, адзін з заснавальнікаў СБЛ. Таварыства працуе ўжо 30 гадоў, мае шмат узнагарод ад Мінкультуры Беларусі, а ў кастрычніку 2018‑га было адзначана й Міністэрствам замежных спраў Беларусі за важкі ўнёсак у развіццё добрасуседскіх адносін паміж Латвіяй і Беларуссю. Каштоўны складнік беларускага руху ў Латвіі таксама — ансамбль беларускай песні “Надзея”. Ад часу стварэння ён дасягнуў высокага майстэрства, палюбіўся слухачам, пастаянна ўдзельнічае ў святах песні, за што атрымаў падзяку і ад Прэзідэнта Латвіі Раймандса Веяніса. Людміла Піскунова таксама зачытала прывітальны ліст ад Мінкультуры Беларусі.

Далей юбіляраў ад імя Рыжскай Думы й Дэпартамента адукацыі, культуры й спорту віншаваў Арніс Мілтыньш. Ён уручыў Алёне Лазаравай Ганаровую грамату, падзякаваў за плённую працу таварыства на карысць яднання грамадства, пажадаў поспехаў усёй беларускай дыяспары. Юбіляраў віталі: прадстаўнік Дома недзяржаўных арганізацый Зінта Гуганэ, дарадца-пасланнік Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксей Мацюхевіч і айцец Алег Пелевін, протаіерэй праваслаўнай царквы Святога Архангела Міхаіла.

Вялікі канцэрт распачаўся радкамі Янкі Купалы: “Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,/ На другое неба я гляджу сягоння,/ Але ў думках, сэрцы толькі вас вітаю,/ Як і жыў, жыву я ў сваім родным краі./ І няма на свеце той вялікай меры,/ І няма на свеце тых каваных дзвераў,/ Каб хоць на гадзіну, у будні ці ў нядзелю/ Мяне ад Радзімы адарваць сумелі”. На сцэну выйшаў гурт-юбіляр “Надзея” (музычны кіраўнік — Ларыса Люцько). І загучалі песні: акапэльна — “Явар і каліна” на словы Янкі Купалы, народная “Шчодры вечар”, а пасля пад акампанемент акардэона Дар’і Грышынай — “Ці свет, ці світае” ды “Гары, касцёр”.

Вядучыя Алёна Міцкевіч і Ягор Лазараў знаёмілі ўсіх з гісторыяй ансамбля. Нагадалі, як у 1988‑м, на хвалі перабудовы ў СССР, савецкія людзі пачалі ўспамінаць пра нацыянальныя карані, гуртавацца. У рыжскіх беларусаў азначыўся гурток спевакоў з людзей розных узростаў і прафесій, якіх паядноўвала беларуская культура, родная песня. Кіраўніцтва ўзяла на сябе Ніла Александровіч, настаўніца спеваў адной са школ Рыгі. А першаю песняй гурта стала “Люблю мой край” на словы Канстанцыі Буйло, далей пайшоў шэраг народных. Паступова да гурта далучаліся беларусы з Огрэ, Олайнэ, Вангажы. З’явіўся канцэртмайстар Валеры Буль, ён і цяпер сябруе з гуртом, напісаў музыку для некаторых песень. Пачалі выяўляцца салісты, іх на свяце прадстаўлялі: сур’ёзны, адказны чалавек Сіма Смірнова, шчыры аматар народнай песні Галіна Берзіня, “наш званочак” Дана Марцюшова, уважлівая й добразычлівая Надзея Пяткевіч.

Тыя, хто стаяў ля вытокаў “Надзеі”, кажуць: спевакі адчувалі сябе маленькім лісточкам на магутным дрэве народнай культуры. Першае выступленне гурта на людзях прайшло 31 кастрычніка 1990 года: на вечарыне, прысвечанай 500‑годдзю з дня нараджэння Францыска Скарыны, якую ладзіла суполка “Прамень”. Невялічкі гурт выйшаў на сцэну. Усе хваляваліся… А прынялі спевакоў вельмі цёпла й добразычліва, грамада была ўзрушана гучаннем роднай мовы, хараством і мілагучнасцю песень. Тое й надало сіл, упэўненасці выканаўцам, кіраўніцы.

Безумоўна, шлях “Надзеі” непарыўна спалучаны з дзейнасцю суполкі “Прамень”, якая з першых дзён існавання (1988) мае мэту захоўваць беларускую мову ў Латвіі, узнаўляць нацыянальныя традыцыі, ладзіць мастацкую самадзейнасць, выпускаць беларускую газету ў Прыбалтыцы. І мясцовыя беларусы хлынулі ў “Прамень”, бо выдатна сябе адчувалі ў коле шчырых і спачувальных супляменнікаў, маглі рэалізаваць тут свае таленты. Пра цесныя сувязі таварыства й ансамбля казалі дырэктар Латвійскага Цэнтра нацыянальных культур Сігнэ Пуятэ і спецыяліст цэнтра Aйга Васілеўская, супрацоўнікі Мінкультуры Латвіі Дзяніс Краталаў і Крысціна Ліепіня. Шаноўныя госці віншавалі ўсіх з юбілеем. І падарункам стала з’яўленне на сцэне гасцей з Беларусі: заслужанага аматарскага калектыву фольк-шоу балета “Альянс” з гімназіі-каледжа мастацтваў горада Бабруйска. Першы ж танец “Кросны” выклікаў авацыі: так прыгожа, энергічна, спрытна й зладжана выглядалі й рухаліся танцоры! “Альянс” быў раней на Беларускім кірмашы ў Даўгаўпілсе, а летам 2019‑га плануецца паездка “Надзеі” ў Бабруйск на Міжнародны фестываль “Вянок дружбы”.

У другой частцы канцэрта на сцэну выйшаў гурт “Надзея”, перамяніўшы касцюмы. Гучала старадаўняя царкоўная песня “Ой, на моры, моры”, а пасля — хваласпеў “Свету заступніца” напева Пюхціцкага манастыра на словы Ю. Жадоўскай (пераклад на беларускую мову Алёны Міцкевіч) прысвечаная Божай маці. Песні гучалі чысцютка, пранізліва, краналі найтонкія струны душы. Потым доўга не змаўкалі апладысменты. І вось ужо на сцэне — госця з Мінска, даўняя сяброўка “Праменя”, пісьменніца, сцэнарыстка, навукоўца Наталля Голубева. Яна расказала, што даўно і ўважліва назірае за суполкай, вітае ўсе ініцыятывы, дзівіцца шырыні творчых задумаў, праектаў актывістаў. Госця падарыла юбілярам святочны ручнік, выказала гатоўнасць дапамагаць у выпуску кнігі, фільма пра жыццё й дзейнасць беларусаў Латвіі. Яе выступленне падтрымалі дырэктар Акадэмічнай бібліятэкі Латвійскага ўніверсітэта Вента Коцэрэ і кіраўніца Беларускага інфармацыйнага цэнтра Лінда Элтэрманэ. Была ўшанавана памяць спевака, баяніста Станіслава Клімава — ён і акампанаваў ансамблю, і пісаў музыку да вершаў. Летась было 80 гадоў ад часу яго нараджэння. У гонар Станіслава Клімава — спевака-баяніста, які акампанаваў ансамблю і пісаў музыку — гучала яго любімая песня.

З 1994 года таварыства “Прамень” пачало выпуск газеты з такой жа назвай. У яе стварэнне многа сіл уклалі Валянціна Піскунова, Алесь Карповіч, Лявон Шакавец, Раіса Сакалова, Валянціна Шыбаева ды іншыя. Да 24 кастрычніка 2016 года галоўным рэдактарам “Праменя” быў Лявон Шакавец: журналіст, таленавіты апавядальнік. Ён шмат пісаў пра жыццё беларусаў, удзельнічаў у выданні кнігі “Прамень” (2008), зборніка вершаў латвійскіх беларусаў “А водар Радзімы ўсё кліча і кліча”. Яго памяці ансамбль таксама прысвяціў песню. Алёна Лазарава потым нагадала, што ў розныя гады суполкаю “Прамень” паслядоўна кіравалі: Валянціна Кліменка (да 1991 г.), Алесь Карповіч (1991–1996), Мікола Буры (1996–2003), Валянціна Піскунова (2003–2011).

І Ніла Александровіч, першая музычная кіраўніца гурта “Надзея”, была ўшанаваная: прыехала на свята з Мінска. І Зоя Кальвіш, якая працавала з гуртом (1989–2006) — самародак і шчырая душа. Пры ёй значна пашырыўся, узбагаціўся рэпертуар, ансамбль пачаў удзельнічаць у песенных фэстах Латвіі й Беларусі. Выпусцілі кампакт-дыск. Зоя Кальвіш ушанавана Ганаровай граматай Мінкультуры Беларусі. Трэцяя кіраўніца гурта — Людміла Серада — працягнула справу папярэдніц да 2016 года. Гэта прафесіянал, творчая асоба. Яна акцэнтавала ўвагу на новых формах гучання песень, развівала вакальныя здольнасці спевакоў. На штогадовых аглядах гурт ацэньваўся высокімі баламі, “Надзея” ездзіла на фестывалі ў Літву, Эстонію, Беларусь, многа выступала ў Латвіі. Людміла ўшанавана Ганаровай граматай Мінкультуры Беларусі, граматай Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Беларусі.

З удзячнасцю Алёна Лазарава паклікала на сцэну й шматгадовых актывістаў таварыства “Прамень”, што стаялі ля вытокаў суполкі, песеннага гурта: Валянціну Шыбаеву, Сіму Смірнову, Раісу Сакалову, Алёну Міцкевіч, Іосіфа Цыргановіча, Міхаіла Саўчука, Галіну Междрэю, акампаніятараў Сяргея Калеснікава і Валерыя Буля. Ветэраны з натхненнем спявалі знакавую для нас песню “Люблю мой край”. Усе “першапраходцы” атрымалі падзякі, падарункі, пад апладысменты сышлі са сцэны. Паэт Станіслаў Валодзька, сябар суполкі “Уздым” з Даўгаўпілса, чытаў свае вершы, прысвечаныя “Праменю” і “Надзеі”, потым яны разам з уздымаўцам Валерыем Амбросавым віталі юбіляраў. Да іх далучыліся актывісты суполак “Мара” з Ліепаі, “Злата” з Елгавы, “Узоры” з Ліван. Зноў гучалі песні, а спевакоў зменьвалі танцоры з “Альянса” — госці паказалі пяць цудоўных народных танцаў з “Лявоніхай” напрыканцы. А “Надзея” ў той жа плыні спявала “Чабатуху”, поўную народнага гумару й весялосці. Зала доўга не адпускала салістку Зою Кальвіш, гурт і акампаніятара Саву Зіха.

Далей вядучыя расказалі: у 2011‑м на чале “Праменя” стала Алёна Лазарава, і з яе прыходам суполка набыла новае дыханне. Алёна — чалавек творчы, рознабаковы, са шчырай душой і гарачым сэрцам, яна рухае ўсё новыя ініцыятывы, дабіваецца іх здзяйснення. Скажам, шмат увагі цяпер надаецца культурна-адукацыйным праектам. З яе падачы штогод праводзяцца ў Латвіі Дні беларускай культуры, падтрыманыя СБЛ. Добры плён мае Конкурс даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае і сучаснасць”: за 5 гадоў падрыхтавана 65 работ. А колькі ўсяго цікавага ўмясціў праект “Ручнік — традыцыйны элемент беларускай культуры”! (Пра тое — у тэкстах “Родныя сэрцу ўзоры” (ГР, 22.06.2016), “Латвійскаму народу ў дар” (ГР, 28.12. 2018). — Рэд.)

Апошнія два гады ансамблем “Надзея” кіруе Ларыса Люцько, педагог музычнай школы й выдатная спявачка. Шліфуецца майстэрства спевакоў, пашыраецца рэпертуар. Ларыса з Галінай Паляковай спявае і ў папулярным вакальным “Класік-дуэце”, ён выканаў на свяце песню “А ў полі вярба” пад гітарны акампанемент Іны Райхманэ. Выступалі й салісты “Надзеі”: Алёна Лазарава й Святлана Астроўская (песня “Ручнік” на словы Станіслава Валодзькі), Зоя Кальвіш і Надзея Пяткевіч (“Каля гаю, там, дзе рэчка”). А Людміла Сінкевіч спявала “Па-над белым пухам вішняў” на словы Максіма Багдановіча. Уразіла ўсіх сям’я Мараніных: мама і тры дачкі цудоўна праспявалі народную песню “Ручнікі”. Выступаў яшчэ інструментальны дуэт — Дар’я Грышына з Інай Райхманэ.

Кожны з удзельнікаў гурта “Надзея” — па-свойму цікавы, таленавіты спявак. Мы дзякуем вам, сябры, і жадаем здароўя, новых творчых здзяйсненняў.

Па традыцыі вечарыну закончылі агульнай песняй “Родны край” — своеасаблівым гімнам беларусаў замежжа. Спявала стоячы ўся зала, натхнёная агульным настроем цеплыні й дабразычлівасці.

Алёна Міцкевіч, сябар рэдкалегіі газеты беларусаў Латвіі “Прамень”

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.