Вы тут

Хвалі кніжнага шчасця


Згадкі пра тое, чым запомнілася XXVІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш і які паслясмак пакінула


Неяк раней пасля выставы-кірмашу я пісаў пра кніжнае мора, у якім павандраваць кожнаму цікава. Можна выбіраць свае курсы, швартавацца да невядомых выспаў, спазнаваць новых людзей, новыя кнігі, а праз іх — і краіны. Развіваючы вобраз мора, лёгка ўявіць сабе й цёплыя хвалі кніжнага шчасця, у якія мы акунаемся з галавой падчас падобных падзей міжнароднага культурнага ўзроўню. Прычым лавіў сябе на думцы яшчэ ў вялізным выставачным павільёне, гайдаючыся ў хвалях гукаў, вобразаў, галасоў: а здорава быць на такой выставе няспешным вандроўнікам, а не ўпрэжаным у часавы хамут (тэрмінова ў нумар!) журналістам. Зрэшты, праца ўсё ж робіць нас, а не толькі мы яе. І таму плюхаўся ў пругкіх хвалях выставы-кірмашу я такі не бязмэтна: выбіраў кірункі руху ў адпаведнасці з фарматам роднай газеты.

Ці запозненыя нататкі мае? Наўрад ці… Добрая ж кніга, кажуць, гэта сябар на ўсё жыццё. Мы й цяпер, з сівізною ў галаве, згадваем тую, што чыталі ў дзяцінстве. Таму лагічна перабраць у памяці падзеі нядаўняга часу: сустрэчы, фотаздымкі ды кнігі, што засталіся пасля “кніжнага цунамі”. Бо хоць выстава й прайшла, а паслясмак (“послевкусие”, пра якое кажуць аматары якаснай ежы й напояў) застаецца надоўга.

Падымаем ветразі ўспамінаў. Гартаем паметкі ў блакноце, заглядаем для пэўнасці ў тыя інфахвалі, у якіх купаліся калегі.

Казахстанская беларуска Любоў Шашкова

Паэтку з кніжкамі ў руках я сустрэў непадалёк ад галоўнай пляцоўкі выставы-кірмашу. Больш ведаюць беларуску можа ў Алматы: як журналістку, паэтэсу. Раней працавала ў “Казахстанскай правде”, цяпер — намесніца галоўрэда ў літаратурна-мастацкім часопісе “Простор”. Любоў Шашкова сціпла так стаяла пры стэндзе выдавецтва “Мастацкая літаратура”. На пытанне, ці ведае гэтую жанчыну, Алесь Бадак, дырэктар выдавецтва, расплыўся ва ўсмешцы: “Не толькі ведаю, але й быў адным з першых чытачоў кнігі”. Упершыню яе творы выйшлі ў Беларусі асобным выданнем на беларускай мове. І выдавецтва “МЛ” да таго спрычынілася.

За такі падарунак Любоў Канстанцінаўна ўдзячная найперш Алесю Карлюкевічу, цяпер Міністру інфармацыі. Згадвае, як яшчэ не ведаючы яе, напісаў ён цёплую рэцэнзію на падборку вершаў у адным з беларускіх часопісаў. Кніга Любові Шашковай “Луг залаты” — гэта ўжо радасная, шчаслівая рэальнасць для ўраджэнкі вёскі Васілёўкі, “што кіламетраў за 30 ад Бабруйска”. Раней то быў Парыцкі раён Магілёўшчыны. Тую рэальнасць — разам з аўтаркай і Алесем Бадаком — я сфатаграфаваў на цёплай хвалі кніжнага шчасця. Весткі ж прыводжу з маёй публікацыі пра зямлячку (“Крылы для творчага палёту” — ГР, 24.11.2011). Тады якраз у Казахстане выйшла яе кніга “Два вольныя крылы”, а ў паэтэсы быў юбілей — нарадзілася яна 18 лістапада 1951 года. Назву кнігі, прызнавалася, “нашапталі абедзве радзімы”. І на стварэнне вершаў і паэм Любоў Шашкову натхняюць як Беларусь, так і Казахстан. “З тым дарам землякам і ляцела Любоў з Алматы, дзе ўжо сорак гадоў жыве й працуе, у Мінск, — пісаў я ў 2011‑м. — Паэтку, журналістку запрасілі на прэзентацыю кнігі казахскага класіка Мухтара Ауэзава “Шлях Абая” ў новым перакладзе на рускую мову Анатолія Кіма”. То можа на тую кнігу вершаў пісаў рэцэнзію Алесь Мікалаевіч?

Зямлячка захапляецца дзейнасцю калегі як радзімазнаўца, пісьменніка, даследчыка. Пахваліла кнігу Алеся Карлюкевіча “Братэрства” (Мінск, 2014) — ёсць і ў нэце https://fіctіonbook.ru/author/ales_karlyukevіch/bratyerstva/read_onlіne.html. Потым абмеркавалі, як зберагаецца ў Казахстане, Беларусі памяць пра ўраджэнца Нясвіжа, даследчыка культуры казахаў Адольфа Янушкевіча. Згадалі пра помнік на яго магіле ў Дзягільне (Дзяржынскі раён пад Мінскам) ды ўнёсак Уладзіслава Цыдзіка ў яго стварэнне, пра даследчыцу Фаіну Сцяклову, якая вывучала дзейнасць ссыльных рэвалюцыянераў. А кніга Адольфа Янушкевіча “Дневники и письма из путешествия по казахским степям” была выдадзена ў Алма-Аце ў 1966 годзе — Сцяклова там была перакладчыцай, аўтаркай прадмовы.

Вершы зборніка “Луг залаты” перастварылі з рускай мовы вядомыя беларускія творцы Мікола Мятліцкі ды Казімір Камейша. Сустрэў апошняга на выставе-кірмашы, ён казаў: вельмі моцныя, і тонкія, і беларускія па духу вершы ў зямлячкі з Казахстана. Пераклады ж раней, у 2014‑м, друкаваліся ў часопісе “Полымя”. Я глянуў у нэце: у 2006‑м вершы й паэмы Любові Шашковай пад назвай “Луг золотой” выходзілі ў Алматы — у серыі “Литература народов Казахстана”. Як бачым, кветкамі з луга залатога яе паэтычнай творчасці маюць магчымасць любавацца ў розных краінах.

Два Ільдары з Татарстана

Іх на стэндзе Расіі цяжка было не заўважыць: вясёлыя, у цюбецейках… Яны ахвотна фатаграфаваліся з наведнікамі, прапаноўвалі купіць кнігі Татарскага кніжнага выдавецтва. Назву цяпер бачу на сваім стале: на сімпатычным юбілейным каляндарыку, які з Казані хлопцы — Ільдар Сагдатшын ды Ільдар Хуснутдзінаў — падарылі. Выдавецтва святкуе 100‑гадовы юбілей, а паўдзельнічала ў Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ўпершыню. Прычым хоць абодва Ільдары — кіраўнікі высокага рангу, першы ўвогуле гендырэктар выдавецтва, аднак, зносіліся з наведнікамі стэнда па-свойску, адкрыта. Спачатку мне патлумачылі, а потым і на сайце tatknіga.ru я знайшоў: Расія прадставіла нацыянальны стэнд плошчай больш за 200 кв. метраў, вялікую праграму з удзелам папулярных паэтаў, пісьменнікаў. Было на стэндзе больш за 500 кніг! Якраз там, дарэчы, сустрэў я й паэта Максіма Замшава, галоўнага рэдактара “Литературной газеты” з філіжанкаю кавы. Пра яго раскажу асобна, іншым часам, бо ён жа ўпершыню пераклаў санеты Янкі Купалы на рускую мову. І потым расказваў пра свае ўражанні ад сустрэчы з Купалавым словам, чытаў пераклады на сустрэчы з чытачамі ў Мінску, дорачы ім нумар “ЛГ” з рарытэтнай публікацыяй.

А што ў Татарстане нагадвае пра Беларусь? Пра музей Янкі Купалы ў Пячышчах, пад Казанню, Ільдары чулі. Пра беларускую суполку ў горадзе — таксама, яе кіраўніка Сяргея Марудэнку ведаюць. Ёсць у Казані вуліца Янкі Купалы: “усе сябры там жывуць”. Знайшлі на стэндзе цудоўна выдадзеную кнігу “Сказки народов Татарстана” (2016). На 50‑й старонцы ёсць там і беларуская народная казка “Каня”. У змесце напісана, што пераказаў яе беларус Сяргей Марудэнка. Гаварылі пра талерантнасць татараў: ёсць у рэспубліцы месцы, дзе амаль побач стаяць мячэць, сінагога, царква. А ў Кіраўскім раёне ёсць нават Храм усіх рэлігій. Я згадаў: і у нас так людзі жывуць! Скажам, у Іўі, на Гродзеншчыне, Помнік талерантнасці паставілі — з удзелам ураджэнкі тых месцаў Ядзвігі Юферавай, вядомай расійскай журналісткі.

Добрым “паромшчыкам”, які дапамагае літаратурным зносінам паміж Беларуссю й Татарстанам, стаў народны паэт Татарстана Роберт Мінулін. Мы ў размове з Ільдарамі згадвалі пра іх таленавітага земляка. Пазней я ўдакладніў: яго кнігі вершаў “Адна сям’я”, “Начныя птушкі” пабачылі свет апошнім часам у Мінску з сяброўскімі прадмовамі Алеся Карлюкевіча, у перастварэнні з татарскае мовы адпаведна Яны Явіч і Міколы Мятліцкага.

Мы закранулі яшчэ цікавую вельмі для гасцей тэму пра татараў на Беларусі (а жывуць прадстаўнікі гэтага народа на беларускіх землях з 14 стагоддзя!), пра знакамітыя аль-кітабы, пашыраныя раней на Беларусі. Варта нагадаць: “Аль-кітаб” ці проста “кітаб” па-арабску значыць “кніга”. У беларускіх мусульман так завуцца кнігі рэлігійныя. Адметнасць беларускіх аль-кітабаў у тым, што пісаліся яны хоць арабскаю вяззю, але беларускімі словамі, бо татары мову нашу добра засвоілі, арабскую ж далёка не ўсе ведалі. Шэраг беларускіх татар, такіх як пісьменнік, доктар філалагічных навук Сцяпан Александровіч, кампазітар Дзмітры Смольскі, гісторык Ібрагім Канапацкі ды іншыя зрабілі вялікі ўнёсак у беларускую культуру. Вось бы расказаць пра іх чытачам і ў Татарстане! Такая прапанова гасцей з Казані вельмі зацікавіла: казалі, праз “паромшчыка” Роберта Мінуліна будуць рухацца ў гэтым кірунку.

Па выставе-кірмашы падарожнічаў Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».