Вы тут

Лес... у электронным фармаце


Каштоўным прыродным багаццем Беларусі застаюцца велізарныя лясныя масівы


Што Беларусь — лясны край, тое ведаюць многія. Нездарма ж раней, калі прыходзілі на родную зямлю ворагі, тут заўсёды ўздымаўся масавы партызанскі рух, а бярозы ды сосны станавіліся партызанскімі сёстрамі. Што да Вялікай Айчыннай вайны, то ў афіцыйных дакументах была такая лічба: 374 тысячы беларускіх партызан. Цяпер падлічана: у нас на кожнага жыхара прыпадае каля 1 гектара пакрытых лесам земляў. Да таго ж краіна — у ліку дзесяці самых лясных у Еўропе.

Што сёння робіцца для таго, каб ашчадна, рацыянальна, па-гаспадарску тыя багацці выкарыстоўваць і ўзнаўляць? Пра тое расказваў журналістам на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Віталь Дрожжа. Прывядзем некаторыя з фактаў.

Экспарт? Улік і кантроль!

Мінлясгас актыўна займаецца стварэннем адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфасістэмы ўліку драўніны й здзелак з ёю. Спецыялісты прадпрыемства “Белдзяржлес” у 2017 годзе ўжо стварылі яе макет: эксперыментальны комплекс праграмна-апаратнага забеспячэння. Пры яго дапамозе будзе весціся ўлік круглых лесаматэрыялаў у электронным выглядзе. Тэсціроўка макета сістэмы прайшла летась на базе трох лясгасаў: Уздзенскага, Гродзенскага й Драгічынскага.

Цяпер ідзе дапрацоўка праграмы. Стварэнне сістэмы ўліку драўніны й здзелак з ёю плануюць завяршыць у 2020 годзе. Патрэба ў ёй — велізарная. Летась, напрыклад, на экспарт пастаўлена лесапрадукцыя, аказана паслуг на суму больш за 140 мільёнаў даляраў ЗША — 94 % да 2017‑га. І гэта зроблена было ва ўмовах, калі экспарт круглага лесу быў у Беларусі забаронены. Такім чынам, у супастаўляльных умовах (без уліку экспарту круглага лесу ў папярэднія гады) рост экспарту склаў 174 %. Тое адбылося за кошт развіцця ўласных дрэваапрацоўчых магутнасцяў. Як вынік — забяспечана выкананне ўсіх фінансава-эканамічных паказчыкаў, ёсць стабільнае развіццё лясной гаспадаркі.

Перасадка? Круглы год!

Многія ведаюць: якасны пасадкавы матэрыял — важны складнік эканомікі лясной гаспадаркі. Яшчэ адзін сучасны лесанасенны комплекс па вырошчванні пасадкавага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай здадуць гэтай вясной у аграгарадку Шчомысліца, пад Мінскам. Сёлета запланавана й будаўніцтва такога цэнтра на базе Магілёўскага лясгаса. Два комплексы працуюць з мінулага года дзякуючы рэалізацыі праекта “Развіццё ляснога сектара Беларусі”: адзін — у Івацэвіцкім лясгасе (Брэстчына), другі — у Глыбоцкім доследным лясгасе (Віцебшчына). Кіраўнік Мінлясгаса лічыць, што такія комплексы дазволяць забяспечыць Беларусь пасадкавым матэрыялам палепшанай якасці, да таго ж пастаўляць на экспарт пэўную колькасць зялёнай прадукцыі.

На будаўніцтва сучасных лесанасенных цэнтраў, комплексаў набыццё тэхнікі, абсталявання выкарыстаны сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі й развіцця. Пагадненне аб пазыцы было падпісана ў красавіку 2015‑га: як дадатак да праекта “Развіццё лясной гаспадаркі Беларусі”. МБРР прадаставіў Беларусі пазыку на суму 40,714 млн даляраў ЗША. Савет выканаўчых дырэктараў банка ў сакавіку 2018‑га прыняў рашэнне й пра дадатковае фінансаванне (12 млн еўра).

Паляўнічы турызм? Гэта выгадна!

Для паляўнічых з розных краін у Беларусі ствараюцца камфортныя ўмовы, іх прыязджае ўсё больш.

Замежны паляўнічы турызм у 2018‑м прынёс лесапаляўнічым гаспадаркам Беларусі кожны пяты зароблены рубель. Прыбыткі ад такой дзейнасці летась — амаль 5 мільёнаў рублёў. Палявалі ў асноўным на лася, аленя й касулю.

Цяпер у лесапаляўнічых гаспадарках Мінлясгаса ёсць 90 паляўнічых комплексаў: у Брэсцкай вобласці — 13, Віцебскай — 18, Гомельскай — 14, Гродзенскай — 11, Мінскай — 21 і Магілёўскай — 13. Каб стварыць камфортныя ўмовы для паляўнічых, збудаваны новыя аб’екты, рэканструваны комплексы ў Ганцавіцкім, Лёзненскім, Ваўкавыскім і Валожынскім лясгасах.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».