Вы тут

Парады па стылі для тых, каму «за»


Чаму спадарыням ва ўзросце лепш адмовіцца ад буйных завушніц і яркага манікюру, а свой гардэроб папоўніць шыйнымі хусткамі і спадніцамі? Ці можна насіць ружовае? Як выглядаць стыльна пасля 50, разбіраемся з кіраўніком праекта «Элегантнасць па-за ўзростам» Аксанай БАРЫСЕВІЧ.


Спад­ні­ца  па­він­на быць  кры­ху ні­жэй  за ка­ле­на,  а туф­лі —  на не­вя­лі­кім  аб­ца­се.

Шоўку — так, трыкатажу — не

Пры выбары фасонаў лепш аддаваць перавагу класіцы. Чорная прамая сукенка, спадніца-аловак або тыпу сонца-клёш. Частая праблема ў гэтым узросце — жывоцік, які хочацца схаваць. Тады варта выбіраць спадніцы і штаны з высокай пасадкай. Выглядаць больш зграбна дапаможа карэкцыйная бялізна, а таксама мадэлі адзення з баскай, валанамі, з захінам. Фігуру «скрадвае» і блуза навыпуск, падпяразаная раменьчыкам.

— Я прыхільніца таго, каб пасля 50 збольшага насілі сукенкі і спадніцы. Яны лепш падкрэсліваюць жаночую фігуру.
Хоць ведаю спадарынь, якія аддаюць перавагу спартыўнаму стылю і ў джынсах глядзяцца вельмі класна, — кажа Аксана Барысевіч.

Вясной варта ўспомніць пра такія лёгкія тканіны, як шоўк і шыфон. А вось трыкатаж не найлепшы варыянт. Так, мы прывыклі да гэтых рэчаў, бо яны цёплыя, камфортныя і не мнуцца. Але гольфы, якія аблягаюць фігуру, падкрэсліваюць недахопы. У гардэробе можна пакінуць толькі жакеты і сукенкі са шчыльнага трыкатажу.

Хусткі, брошкі, капелюшы

Самы галоўны аксесуар — шыйная хустка (памерам 50 на 50 ці 60 на 60 сантыметраў). Ёй можна прыкрыць зону шыі і тым самым «схаваць» свой рэальны ўзрост. Паспрабуйце насіць паланціны — гэта вельмі па-жаноцку. Іх эксперт раіць выкарыстоўваць штодзень, а не толькі пры паходзе ў тэатр ці на выставу. Асабліва зручна ў беларускае лета, калі не хочацца браць з сабой жакет: паклаў у сумачку паланцін, а потым дастаў і накінуў на плечы.

Успомніце пра брошкі. «Іх можна дэманстраваць не толькі на грудзях. Вучымся насіць іх на сцягне, прыколваць да сумкі разам з хусткай, да пояса», — дадае Аксана Барысевіч.

Акуляры — гэта такі ж аксесуар. Важна падабраць аправу, якая будзе ўпрыгожваць твар. Таксама вобраз цудоўна дапаўняюць капялюшыкі.

Ад­да­ём пе­ра­ва­гу ру­ка­ву даў­жы­нёй тры чвэр­ці.

Што нельга?

— Я часта назіраю, як жанчыны за кошт адзення стараюцца маладзіцца. Не варта гэта рабіць: так вы толькі падкрэсліваеце недахопы. 50+ — цудоўны ўзрост, у якім ёсць свой шарм, — упэўнена эксперт.

Існуе некалькі правілаў, якія варта захоўваць. Напрыклад, не адкрываць рукі — куды лепш будзе глядзецца рукаў тры чвэрці ці доўгі. Любіце насіць маечкі — накідвайце лёгкі паланцін. Сарафанаў на шлейках трэба пазбягаць. Ці купляць камплект — з жакетам наверх.

Рэкамендаваная даўжыня сукенак і спадніц — ніжэй за калена, штаноў — класічная або да костачкі. Не запраўляйце штаны ўнутр высокіх ботаў — насіце іх з батыльёнамі ці чаравікамі.

Не варта рабіць яркі макіяж і кідкі манікюр.

— Адмоўцеся ад буйных пярсцёнкаў і бранзалетаў — не заўсёды рукі ў гэтым узросце выглядаюць выйгрышна, таму не раю акцэнтаваць на іх увагу, — тлумачыць Аксана Барысевіч. — Мне падабаецца той час, калі спадарыні летам насілі карункавыя пальчаткі.

Пазбягайце глыбокага дэкальтэ. Будзьце таксама асцярожныя з выбарам завушніц: з узростам мочка дэфармуецца, і пад цяжарам буйных упрыгажэнняў, натуральных камянёў, вуха абвісае, што не вельмі прыгожа.

Даведка

«Элегантнасць па-за ўзростам» — гэта школа стылю і развіцця для дам, старэйшых за 50. Сацыяльны праект стаў фіналістам конкурсу Socіal Weekend і атрымаў фінансаванне ад Швейцарскага Чырвонага Крыжа. Заняткі праходзяць па трох кірунках: курс па стылі, па фотапазіраванні і дэфіле ды па вырабе аксесуараў.

— Самай пажылой спадарыні, якая зараз вучыцца, 77 гадоў. Гэта чароўная прабабуля, вельмі элегантная, яркая, дагледжаная. На першыя заняткі яна прыйшла з манікюрам, стыльнай стрыжкай, у падабраным з густам камплекце. Сказала: «Я хацела ўразіць выкладчыка». Ёй удалося, — усміхаецца Аксана Барысевіч.

У Мінску праект працуе на базе Цэнтра актыўнага даўгалецця. Студэнтак набіраюць двойчы на год — у лютым і кастрычніку. Падобныя школы стылю адкрыліся таксама яшчэ ў чатырох рэгіёнах: у Брэсце, Слоніме, Бабруйску і гарадскім пасёлку Коханава.

Падкрэслівайце непаўторнасць

— Фаіна Ранеўская ў свой час казала: «Няма тоўстых жанчын, ёсць маленькае адзенне». Насамрэч — дрэнных фігур не існуе. З дапамогай правільных рэчаў усё можна скарэктаваць, — лічыць эксперт. — Не забывайцеся на дэталі. Думаю, вашы чытачкі памятаюць фільм «Службовы раман». У галоўнай гераіні Людмілы Кулагінай быў быццам базавы гардэроб, але добрыя касцюмы на ёй глядзеліся жудасна, пакуль сакратарка Верачка не навяла яе на думку купіць стыльныя боты і змяніць паходку.

У гэтым узросце важна звярнуць увагу на тое, што зможа падкрэсліць індывідуальнасць жанчыны і яе непаўторнасць.

На заметку

— Дадайце вобразу яркасці. Спадарыні думаюць, што ім пасуюць толькі цёмныя колеры, бо прывыклі да іх. Але не трэба баяцца сакавітых фарбаў: бландзінкам у любым узросце да твару ружовы, а брунеткам — блакітны (варта толькі падабраць патрэбнае адценне).

— Туфлі выбірайце на невялікім устойлівым абцасе.

— Падняты каўнер кашулі дадасць вобразу шарму.

— Белую кашулю можна купіць у... мужчынскім аддзеле. Па-першае, там заўсёды знойдзецца прамая мадэль — прыталеныя і завужаныя не варта браць. Па-другое, у мужчынскім аддзеле кашуля звычайна каштуе танней.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

За дапамогу ў арганізацыі фотаздымкі дзякуем краме «Калінка»

Загаловак у газеце: Элегантнасць па-за ўзростам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.