Вы тут

Прайшоў фінал Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу інавацыйных ідэй


Цёплыя кнігі, аграробат, самаробны 3D-прынтар, мабільны навігатар для людзей з інваліднасцю... Вось толькі некаторыя з незвычайных распрацовак, што былі прадстаўлены ў фінале конкурсу па прасоўванні маладзёжных ініцыятыў «100 ідэй для Беларусі», які ладзіцца Саюзам моладзі ўжо восьмы раз. На ім не проста выяўляюць пераможцаў, а стараюцца матываваць вынаходцаў і развіваць найлепшыя інавацыйныя ідэі ў энергетыцы, прамысловасці, медыцыне, сельскай гаспадарцы, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах.

Сёлета маладыя інаватары (школьнікі, студэнты, курсанты, рабочая моладзь) падалі каля дзвюх тысяч заявак. Толькі 107 з іх дайшлі да фіналу. Эксперты — навукоўцы, бізнесмены, пераможцы мінулых гадоў — ацэньвалі актуальнасць і навізну ідэй, іх практычную значнасць, а таксама рэальнасць рэалізацыі ідэі, вызначылі 20 пераможцаў, якія прымуць удзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў і маюць шанц атрымаць гранты на іх далейшае развіццё.


...На выстаўцы — ажыўленне: прысутныя з цікавасцю разглядаюць арыгінальныя вынаходствы ўдзельнікаў, а тыя ў сваю чаргу расказваюць пра карысць сваіх распрацовак. Тут табе і робаты, і лекі, і прысмакі розныя — цяжка вызначыць, куды падысці ў першую чаргу.

Каля аднаго стэнда — мадэль чалавечай печані, а побач з ёй — медыцынскія прылады. Як расказалі аўтары праекта, студэнты Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Уладзіслаў Катовіч і Андрэй Валкавыцкі, яго сутнасць заключаецца ў тым, што з дапамогай нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання можна паменшыць пухліну печані ў тры-чатыры разы. Пакуль што гэта адкрыццё эксперыментальнае, доследы праводзіліся на пацуках у лабараторных умовах. Але, як дадалі студэнты, праект ужо пачынае рэалізоўвацца як у вучэбнай, так і ў лячэбнай практыцы.

Далей — стэнд з прысмакамі. «Гэта згушчоны прадукт на аснове сыроваткі», — гаворыць супрацоўнік лабараторыі малочных кансерваў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Людміла Сакалоўская. Ад звычайнай згушчонкі адрозніваецца тым, што цукру там у два разы менш, а лактозы ўвогуле — у сем разоў. Гэта будзе карысна тым, у каго ёсць частковая непераноснасць малочнага цукру. Ці адрозніваецца тэхналогія прыгатавання? «Яна практычна супадае з традыцыйнай за выключэннем таго, што неабходна папярэдне падрыхтаваць сыроватку, — тлумачыць суразмоўніца. — Гэта паўнавартасная малочная сыравіна, з якой можна і нават трэба рабіць смачны прадукт. Сыроватка на 15 працэнтаў больш карысная за малако, бо ў ёй утрымліваюцца незаменныя амінакіслоты».

Як тлумачыць Людміла Сакалоўская, у звычайнай згушчонцы — больш за 14 працэнтаў лактозы. Чалавек, у якога ёсць яе непераноснасць, пасля трох-чатырох лыжак можа адчуць сябе дрэнна. Удасканалены варыянт, які прадстаўлены сёння, мае менш за 2 працэнты лактозы. Пры гэтым на смак прадукт такі ж. Прадукцыю з павышанай біялагічнай каштоўнасцю ўжо можна знайсці ў прадуктовых крамах, у перспектыве плануецца зрабіць цалкам безлактознае згушчонае малако.

Праектам з незвычайнай назвай «Хутар Мёбіуса», які стварыў аспірант Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Аляксей Зайцаў, зацікавіліся не толькі работнікі аграпрамысловасці, але і людзі з уласнай гаспадаркай. «Будзь фермерам, не выходзячы з дому» — такая ідэя гэтага праекта. З дапамогай прылады дыстанцыйнага кантролю «SMF — 02», поўнасцю замкнутай і аўтаматычнай, вы можаце літаральна кіраваць сваім зямельным участкам з любога пункта свету! На спецыяльнай мабільнай праграме, якая і кіруе сістэмай, некалькі опцый: збор метыаданых, адсочванне вільготнасці глебы (і, пры неабходнасці, паліў), устаноўка аптымальных умоў для вырошчвання культур, выбар альтэрнатыўнай крыніцы энергіі (дажджавая вада, сонечная энергія), і нават стварэнне бяспекі фермы.

— Ідэя ўзнікла, калі я захацеў заняцца фермерскай гаспадаркай і задаў сабе пытанне: як стаць фермерам, не выходзячы з дому? — расказвае аўтар ідэі Аляксей Зайцаў. — І злучыў ІТ-тэхналогіі з фермерствам. Назву прыдумаў, зыходзячы з падабенства з ідэяй вядомай «Пятлі Мёбіуса» — міжнародным сімвалам рэцыркуляцыі... У нас, як і ў астатніх краінах СНД, няма аналагаў такой прылады. Толькі ў ЗША і Японіі. Аднак там — праекты, якія трэба купляць за некалькі сотняў долараў, а змяніць іх і дадаць нешта сваё ты не зможаш. Мой жа — адкрыты для дапаўненняў, а сама прылада каштуе ад 50 рублёў.

Ганна Палешка, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН прадставіла праект, які дазволіць людзям з рэдкімі генетычнымі захворваннямі пазбавіцца ад «дрэнных» клетак. «Нетыповыя хваробы сустракаюцца ў людзей у суадносінах 1 да 2000. За апошнія гады якасць дыягностыкі значна палепшылася, таму важна займацца распрацоўкай «добрай» клетачнай мадэлі для вывучэння патагенезу цяпер».

Суразмоўніца сказала, што пераўтварэнне дарослых перапраграмаваных клетак у эмбрыянальны стан дапамагае стварыць індуцыраваныя клеткі (ствалавыя, створаныя ў лабараторных умовах). А яны дапамагаюць навукоўцам змяніць генетычны складнік чалавека. Адметна, што аналагічных распрацовак у іншых краінах няма, таму гэты праект унікальны.

Пераносны і аўтаномны лазерны гравёр Аляксандра Шыдлоўскага і Дзіяны Біруковай з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта таксама не застаўся без увагі. З дапамогай гэтай прылады для гравіроўкі па дрэве можна ствараць арыгінальныя і непаўторныя сувеніры: фота і паштоўкі на фанеры, «драўляныя» блакноты, настольныя гульні. Сярод асаблівасцяў гравёра — аўтаномнасць, наяўнасць экрана кіравання, назіранне праз камеру і ціхі рэжым работы. Аляксандр і Дзіяна лічаць, што іх прылада можа спатрэбіцца школам, дамам дзіцячай творчасці, рамеснікам і капіцэнтрам.

Адным з самых людных сярод прадстаўленых быў стэнд з распрацоўкай мабільнай праграмы «Мабільны навігатар для людзей з інваліднасцю «ІNVО». Прадстаўнікі аўтарскага калектыву навучэнцаў Мінскага радыётэхнічнага каледжа Юлія Стэфняк і Наталля Сусько ўпэўнены, што гэтая праграма прынясе карысць многім людзям: «Мы стараемся зрабіць усё, каб палепшыць безбар'ернае асяроддзе ў нашым горадзе. Сутнасць ідэі заключаецца ў тым, што на электроннай карце змяшчаюцца маршруты, якія маюць адзнакі-колеры: зялёны паказвае той маршрут, дзе можна рухацца, чырвоны — непераадольныя аб'екты і перашкоды, жоўты — тыя, што часткова можна аб'ехаць. Пакуль што гэтая праграма даступная толькі на аndrоіd, але ў хуткім часе плануецца зрабіць яе і для карыстальнікаў ІОS».

А ці зручна будзе карыстацца гаджэтамі старэйшаму пакаленню? «Акрамя мабільнай версіі ёсць і папяровы варыянт, — расказваюць дзяўчаты. — Мы змяшчаем нашы маршруты ў розных медыцынскіх цэнтрах, каб старыя людзі больш ведалі пра магчымасць рухацца па горадзе без перашкод. Разам з валанцёрамі праводзілі апытанне сярод сем'яў, дзе ёсць інвалід, па якім высветлілі, што такія людзі часцей за ўсё баяцца перамяшчацца на вялікую адлегласць з-за розных перашкод. А наш навігатар якраз-такі «асвятляе» ім гэты шлях».

Юля і Наталля кажуць, што ў хуткім часе яны плануюць інтэграваць расклад маршрутаў нізкападлогавага транспарту ў рэальным часе, але пакуль што распісаныя толькі пешыя маршруты: «Мы плануем пастаянна ўносіць змены ў распрацаваную праграму, бо безбар'ернае асяроддзе пастаянна мяняецца. Атрымліваючы зваротную сувязь з нашымі карыстальнікамі, мы можам гарантаваць якасную работу прылады».

Прыцягнула ўвагу прысутных і вялікая незразумелая фігура са шчупальцамі. Аказалася, яна раздрукаваная на самаробным 3D-прынтары! Яго змайстраваў з падручных матэрыялаў магістрант Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргей Нікіцін. Асаблівасць вынаходства ў тым, што ў ім ёсць магчымасць замяняць асноўны інструмент на лазерны гравёр ці экструдар (машына для размягчэння) для друку пастай, а таксама хуткасць друку вышэйшая, чым у звычайным прынтары.

— Аднойчы мы задумаліся над тым, што абмяжоўвае хуткасць друку, — сказаў Сяргей. — Зразумелі, што сам вузел, які друкуе. А ўсё таму, што нікому не вядомыя яго аптымальныя параметры — пры закладцы праекта не выдаюць такой інфармацыі. Таму мы зрабілі матэматычную мадэль вузла друку пры дапамозе вылічальнага эксперымента і ўдасканалілі прыладу.

На самаробным прынтары Сяргей Нікіцін ужо выконвае заказы: ад распрацоўкі мадэлі да яе раздрукоўкі, ад самых маленькіх фігур да грувасткіх. Аднак кошт залежыць не ад памеру, а ад складанасці работы і вагі: за адзін грам — адзін рубель.

Сярод пераможцаў конкурсу «100 ідэй для Беларусі» былі адзначаны многія праекціроўшчыкі, сярод якіх Дзяніс Катляроў, навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа з аўтарскім праектам «NеurоLіfе», Павел Трыфалаў, навучэнец Гомельскага дзяржаўнага машынабудаўнічага каледжа з праектам «Электронны флікер для веласіпедыстаў», Ксенія Цярэшчанка, навучэнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі з праектам «Fuzzу-рэгулятары» ў энергаэфектыўным кіраванні электрапрыводамі пастаяннага току», Аляксей Бакуновіч, малодшы навуковы супрацоўнік НАН Беларусі, аўтар праекта «Электронны атлас «Гаенне поўнаслаёвай скурнай раны: мікраанатомія і гісталогія» і іншыя распрацоўшчыкі інавацыйных праектаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА, Юлія АДАМОВІЧ, студэнткі ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.

Грамадства

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Iмплантацыя зубоў: цi ёсць падставы для страху i сумненняў?

Урачы папярэджваюць: нават калi з нейкiх прычын прыйшлося выдалiць адзiн зуб, яму патрэбная замена. 

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Праўду кажуць: няма лесу без ваўка, а сяла без злодзея.

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны.