Вы тут

У Беларусь вярнулася Лаўрышаўскае Евангелле


Гэтымі днямі беларусы атрымалі ў дар унікальны кніжны фаліянт – факсімільнае ўзнаўленне Лаўрышаўскага Евангелля. Зроблены ў старажытныя часы ў Беларусі, яго арыгінал знаходзіцца ў польскім Кракаве, а ўкраінскія даследчыкі зрабілі сучаснае перавыданне кнігі, якое і перадалі нам. Пра тое, як старадаўняе Евангелле зноў трапіла на нашы землі, карэспандэнт “Звязды” на ўрачыстым мерапрыемстве ў Нацыянальнай бібліятэцы пагутарыла з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Украіны ў Беларусі Ігарам КІЗІМАМ:


- Ігар Юр'евіч, раскажыце, як Лаўрышаўскае Евангелле зноў трапіла ў Беларусь?

- Ёсць у вас такі горад – Навагрудак, сталіца Вялікага Княства Літоўскага (усміхаецца – Аўт.). Цудоўныя людзі, навагрудчане, якія працуюць у мясцовай бібліятэцы, райвыканкаме, пачулі, што такое Евангелле, якое датычыцца Лаўрышаўскага манастыра (знаходзіцца за 20-30 кіламетраў ад Навагрудка), было перавыдадзена ва Украіне. Людзі культуры ва ўсім свеце пра такія факты даведваюцца  адразу. І кіраўніцтва Навагрудскага раёна звярнулася да Вольгі Папко – дэпутата ад Навагрудскага раёна ў Нацыянальным сходзе Беларусі, – каб знайсці магчымасць атрымаць асобнікі Евангелля для навагрудчан. Вольга Папко завітала да мяне, і мы абгаварылі, як прыблізна гэта можна зрабіць. У сваю чаргу, пасольства Украіны звярнулася да выдавецтва, і мы прапанавалі арганізаваць перадачу такога ўнікальнага выдання, якое сапраўды датычыцца гісторыі і ўкраінскага, і беларускага, і польскага народаў. Мы згадалі, што калісьці жылі ў агульнай дзяржаве, якая называецца Вялікае Княства Літоўскае. І сталіцай гэтай дзяржавы быў Навагрудак – усё сышлося. Былі некаторыя турботы адносна колькасці асобнікаў – яны вельмі каштоўныя. Але нашы спонсары абсалютна спакойна пакрылі неабходныя выдаткі. Днямі ў Навагрудку адбылася ўрачыстая перадача трох асобнікаў Евангелля – для краязнаўчага музея, бібліятэкі і манастыра. Для мяне асабіста такія падзеі – вялікі гонар, бо гэта ўнікальны памятнік. Я першы раз бяру ўдзел у такіх прэзентацыях. Цяпер, я ўпэўнены, будуць новыя праекты па ўмацаванні адносін у гуманітарнай, культурнай, нават выдавецкай сферах. Такія планы для нас надзвычай важныя.

- Падзяліцеся вашымі ўражаннямі ад сучаснага Навагрудка.

- Мяне вельмі здзівілі людзі, якія нас сустрэлі, – тое, як яны любяць свой горад. Мы наведалі бібліятэку, сустрэліся з новым кіраўніком райвыканкама. Наведалі дом-музей Адама Міцкевіча, краязнаўчы музей, замак. Вельмі цудоўна, што людзі, якія там працуюць, вельмі адданыя працы. Яны любяць свой горад, раён. Могуць гадзінамі расказваць пра сваю зямлю, што на ёй было, як яны ганарацца гэтым. Напэўна, на такіх людзях трымаецца наша гісторыя і нашы народы. Я быў насамрэч уражаны. Што датычыцца сучаснага жыцця горада, то мне было прыемна пачуць, што праблемы адтоку ці прытоку насельніцтва не існуе, народ застаецца. Натуральна, хтосьці з’язджае, хтосьці прыязджае, аднак гэта не крытычна. Гэта сведчыць, што і кіраўніцтва, і сам раён вельмі зручныя для пражывання. У рэгіёне ёсць унікальныя месцы. Некаторыя краявіды можна параўнаць з англійскімі. Што датычыцца архітэктуры, адметна, што будынкі, якія ўзводзяцца ў цэнтральнай частцы горада, не перашкаджаюць яго агульнаму вобліку XVIII–XIX стагоддзяў. А цэнтральную плошчу хочацца ўбачыць у іншы сезон. Як чалавек, які наведаў вельмі шмат мясцін, скажу, што Навагрудак – гэта горад, у які хочацца вярнуцца.

- Наколькі важнай падзеяй для ўкраінцаў стаў выхад такога Евангелля?

- Скажу, што гэта важна не толькі для беларусаў і ўкраінцаў. Гэта падзея ва ўсім славянскім свеце. Пісьменства XIV стагоддзя скрупулёзна вывучаецца многімі навукоўцамі. Архіўны матэрыял пабачыць не так проста, ён выдаецца толькі па запыце. Арыгінал, як вы ведаеце, знаходзіцца ў Кракаве. З Навагрудка ён трапіў у Парыж, потым у Кракаў. Таму з навуковага пункту гледжання выданне выклікае бясспрэчную цікавасць. А з пункту гледжання абывацеля Евангелле вельмі прыгожае. Гартаеш кнігу і здзіўляешся, наколькі добра захавалася само пісьмо, намаляваныя там каляровыя мініяцюры. Яно зроблена так, нібы гэта кніга толькі ўчора была выдадзеная, толькі ўчора хтосьці яе маляваў. Пры тым, што гэтаму Евангеллю 700 гадоў. Я сам гісторык па адукацыі і разумею, як важна мець арыгінал. Чым бліжэй да арыгіналу, тым больш дакладная ацэнка сітуацыі і гісторыі.

Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь СУША:

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі цяпер прадстаўлены экспанаты з археалагічных раскопак на тэрыторыі Лаўрышаўскага манастыра. На працягу некалькіх гадоў праваслаўная археалагічная экспедыцыя ладзіла там раскопкі. Ужывую можна пабачыць арыгінальныя артэфакты акурат XIII–XIV стагоддзяў. Напрыклад пісалы, якімі, магчыма, і стваралася Евангелле. Касцяныя, керамічныя, металічныя прадметы самага рознага прызначэння. Накладкі, збаны і іншае. Усё гэта мае выключную цікавасць. Мы шчаслівыя мець магчымасць убачыць рэальныя матэрыяльныя сведчанні шматвекавой традыцыі.

Лаўрышаўскае Евангелле – рукапісны помнік кніжнай культуры ХІІІ–XIV ст . Быў створаны для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам, аб чым сведчаць укладныя (дарчыя) запісы, змешчаныя ў кнізе. Лаўрышаўскае Евангелле мае адметнае мастацкае аздабленне: ілюстравана мініяцюрамі, пераплёт упрыгожаны каштоўнымі камянямі і фігурнай металічнай пласцінай з выявай святога воіна (магчыма, князя Войшалка).

У перыяд знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай Імперыі ў XIX ст. унікальная кніга была вывезена ў Кракаў, дзе цяпер і захоўваецца ў Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (Польшча, Кракаў).

Факсімільнае выданне выйшла ў канцы 2018 года ў кіеўскім выдавецтве «Горобець» ва Украіне.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?