Вы тут

24 гады турмы далі неанацысту, які ў Кобрыне забіў цяжарную жанчыну


Рашэнне абвясціў Брэсцкі абласны суд. 

Пра тое страшнае забойства пісалі шмат у лютым мінулага года. У тым ліку і наша газета. У Кобрыне вечарам на цёмным баку вуліцы зламыснік напаў з нажом на сямейную пару. Спачатку ён некалькі разоў ударыў мужчыну, потым стаў рэзаць жанчыну, якая была на апошніх месяцах цяжарнасці. І, відаць, дабіў бы абаіх, каб не выпадковы нарад міліцыі, што праязджаў побач. Забойца спалохаўся і ўцёк. Міліцыянеры сталі аказваць дапамогу людзям, што сцякалі крывёю. Мужчыну адвезлі ў бальніцу, яго ўдалося выратаваць. Жанчына і яе ненароджанае дзіця загінулі.


Потым, калі яго затрымалі, высветлілася, што хлопец не ведаў іх раней і не меў намеру забіваць менавіта іх. У той вечар з халоднай зброяй ён выйшаў на паляванне... на людзей. Яму сустрэлася вось гэтая маладая пара цыганоў, якія ішлі ў госці да сваякоў. Калі б на шляху забойцы аказаўся яўрэй, кітаец, карэец, магчыма, яго спасціг бы той жа лёс. Ён ненавідзеў людзей па нацыянальнай і расавай прыкмеце. Усё гэта пазней высветлілася падчас следства.

Следчыя прыйшлі да высновы, што на сваёй старонцы «УКантакце» пад выдуманым імем Святаслаў Ваяводзін хлопец адкрыта прапагандаваў гвалт у адносінах да прадстаўнікоў нябелай расы і нацыянальную варожасць. Абвінавачанне палічыла, што матывам нападзення стала яго прыхільнасць да неанацысцкай, фашысцкай, расісцкай, нацыяналістычнай ідэалогіі. На яго старонцы перыядычна мільгала выява Гітлера, паяўляліся знакі свастыкі. Адпаведныя татуіроўкі хлопец насіў на руцэ. У яго быў створаны цэлы альбом адпаведных матэрыялаў, відэаролікаў па азначанай тэме. З усіх гэтых матэрыялаў патыхала нянавісцю.

Хто ж гэты забойца, што так старанна рыхтаваў сваю чорную справу, што доўга выхоўваў у сабе «місіянера па ачыстцы грамадства»? Пра апошняе, дарэчы, гаворыцца ў дакуменце абвінавачання: «Абвінавачваны адчуваў нянавісць і нецярпімасць да асоб цыганскай нацыянальнасці, абвінавачваў іх у паразітычным ладзе жыцця, неахайнасці, незаконным узбагачэнні, апанаваны місіяй забіць прадстаўнікоў гэтай нацыянальнасці з мэтай «ачышчэння» грамадства, 11 лютага 2018 года...» Дык вось гэта адзін з нашых юнакоў, 20-гадовы ўраджэнец Пінска, навучэнец чацвёртага курса Кобрынскага політэхнічнага каледжа. Ён вучыўся на рэзчыка па дрэве. Хлопец добра малюе. Не курыць, не п'е, заўсёды займаўся спортам. «Неканфліктны, ветлівы, дысцыплінаваны, з усімі меў роўныя адносіны, добра вучыўся, сярэдні бал складае амаль 7,5» — так пра яго гаварыла ў судзе дапытаная ў якасці сведкі выкладчыца, куратар групы. Яшчэ ў ходзе следства высветлілася, што абвінавачваны цікавіўся гісторыяй, многа чытаў, асабліва пра Старажытную Русь, у яго кнігі адпаведныя бачылі на тумбачцы.

...Цікавіўся гісторыяй, але трактаваў падзеі па-свойму — згадалі аднакурснікі. Калі праходзілі тэму Другой сусветнай вайны, дзе гаварылася пра Халакост, масавае забойства людзей цыганскай нацыянальнасці, Андрэя прарывала, ён не хаваў непрыязнасці да ахвяр. Але ж маладыя людзі не звярталі на гэта ўвагі. Ці мала хто што гаворыць? Гаварыць можна ўсялякае, гаварыць можа ўсякі. А вось забіваць...

Я пайшла ў суд, каб паглядзець на яго і пашукаць адказаў на пытанне: адкуль бярэцца зло? І не здзівілася б убачыўшы ў клетцы панурага, затурканага, разгубленага маладога чалавека. Зусім не, ясны погляд, не пазбаўлены цікаўнасці да таго, што адбываецца, некаторая нават упэўненасць у сабе. Яна праяўлялася ў кароткіх адказах на пытанні суддзі. Калі ў яго пытаюцца, ці згодзен ён з тым ці іншым выказваннем, дзеяннем, ці няма пытанняў да сведак, ён адказвае хутка, дакладна, выразна. І зусім не пакідае ўражання, што чалавек раскайваецца ў зробленым, хоць апошняе прагучала ў першы дзень суда.

Падсудны скарыстаў сваё права не даваць паказанняў у судзе. Але агучыў зварот, напісаны загадзя: «Сваю віну я прызнаю ў поўным аб'ёме і без якіх-небудзь выключэнняў. Я поўнасцю ўсвядоміў усю цяжкасць і гнюснасць сваіх дзеянняў. Прычынай, што паслужыла здзяйсненню такіх цяжкіх злачынстваў, з'явілася тое, што я трапіў пад уплыў групы людзей, якія распаўсюджваюць у сетцы інтэрнэт шкодніцкую інфармацыю, разлічаную на яшчэ не сфарміраваную свядомасць і мысленне падлеткаў... Я не прашу ва ўсіх прабачэння і не заклікаю да спагады толькі з адной прычыны — я гэтага не заслугоўваю». Нежаданне выступаць у судзе ён растлумачыў «вялікім сорамам, шчырым раскаяннем», а таксама нежаданнем раздражняць пацярпелых «сваёй прысутнасцю і сваім голасам». Прыгожа напісана, але ў шчырасць пакаяння не надта паверыў муж 31-гадовай Сняжаны, якая загінула ад рук забойцы. Яна чакала дзіця, у яе яшчэ засталася 11-гадовая дачка ад першага шлюбу. Пацярпелы — грамадзянін Беларусі, яго жонка з Украіны, яна жыла тут па відзе на жыхарства. Іх у ходзе следства праверылі нават на дачыненне да нарказлачынстваў. Высветлілася, што ні яны, ні члены іх сем'яў гэтай крымінальнай справай не займаліся. Бо падазраваны адразу паведаміў следчым пра свае падазрэнні наконт таго, што муж з жонкай выйшлі з дому, каб прадаць наркотыкі.

Пазней яшчэ ўстанавілі двух цыганоў, якіх ён пакрыўдзіў за два месяцы да таго ў дызель-цягніку Брэст — Лунінец. 17-гадовую дзяўчыну збіў з ног, а яе брата некалькі разоў ударыў. Ён не праходзіў міма людзей, якіх лічыў горшымі за сябе.

Дык хто ж гэты хлопчык прывабнай знешнасці з правільнымі рысамі твару, якога потым назавуць неанацыстам? Яго сустрэў бы на вуліцы, не тое што спужаўся б, наадварот, звярнуўся па дапамогу, калі б яна спатрэбілася. Ён на выгляд звычайны і чалавечны. Тады хто і калі так выеў яго маладую душу і запоўніў пустое месца нянавісцю? Можа, праблема ў сям'і? Але на суд падтрымаць яго не з'явіліся ні родныя, ні блізкія. А можа, сям'я зусім ні пры чым.

Прадстаўнік пракуратуры доўга высвятляла ў выкладчыцы, якую выхаваўчую работу тая праводзіла і якое пакаранне панесла за гэты выпадак. Куратарка групы разгублена даводзіла, што яна болей увагі ўдзяляла тым, хто дрэнна вучыўся, меў праблемы з паводзінамі. У гэтага ж сапраўды ўсё было добра, амаль узорны навучэнец. Яе работу па выхаванні прызналі нездавальняючай і аб'явілі вымову. Ну і сапраўды, каб яна завезла групу на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць, не адбылося б трагедыі? Тут усё глыбей і цяжэй. Калі ён дысцыплінаваны вучань, ён паехаў бы на ўсе экскурсіі: і ў крэпасць, і ў мінскую «Яму», а потым прыехаў бы і пад выглядам Святаслава Ваяводзіна заклікаў бы забіваць. Тут трэба думаць, як у глабальным сэнсе даводзіць да свядомасці юнага пакалення, што галоўная каштоўнасць на свеце чалавек і яго жыццё. З малых дзён даводзіць. Як зрабіць так, каб маладыя глядзелі «Спісак Шындлера» Спілберга і чыталі, напрыклад, «Два браты» Бена Элтана, а не ўсялякую экстрэмісцкую і чарнасоценную лухту? Вядома, трэба гаварыць пра гэтыя і падобныя творы найперш у сям'і, потым у школе.

Гэта забойства, несумненна, стала шокам для ўсяго грамадства. Як адзначала дзяржаўны абвінаваўца на судзе, раней забойстваў па такіх матывах у нас не было. Гэта наогул не характэрна для Беларусі. І суровы прысуд павінен стаць урокам для прыхільнікаў расісцкай ідэалогіі. А для нас усіх папярэджаннем: нельга страчваць пільнасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ксенафобія — гэта не па-нашаму

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

​Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

Хоць толькі збіраюцца выйсці на рынак працы.

Калейдаскоп

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Чым Адэса прываблівае турыстаў

Гэта — недарагі адносна іншых курортаў адпачынак.

Грамадства

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Як апынуцца ў раннім Сярэднявеччы?

Ці сапраўды ў акваторыі сучаснага горада можна ўбачыць і нават праплыць на парусніку вікінгаў?

Грамадства

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

На Пастаўшчыне адбыўся інклюзіўны фестываль

Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Асаблівыя, як усе».