Вы тут

Грамніцы: жывы працяг традыцый


Спрадвечныя звычаі, абрады беларусаў, якія раней бытавалі пераважна па вёсках, цяпер адаптуюцца і ў гарадскіх умовах, прычым — у далёкай Сібіры


Грамнічная свечка сагравае

Зіма сёлета ў Беларусі праходзіць пад знакам плюс, б’е тэмпературныя рэкорды. Таму, пэўна, не так засумавалі мы па вясне, як супляменнікі з Сібіры, дзе маразы былі за мінус 30. І допіс у рэдакцыйнай пошце Вікторыі Канінай пра тое, што “Крывічы” саграваюць Іркуцк, — не выпадковы: хочацца ж людзям цяпла! Вось і сабраліся ў холад актывісты Іркуцкага Беларускага клуба “Крывічы”, каб правесці абрад “Грамніцы”. Тое было на выспе Юнасць, што пасярод Ангары ў цэнтры Іркуцка. Да таго ж ладзілі абрад беларусы 2 лютага — “па Сонцы”, паводле язычніцкіх вераванняў продкаў.

Як вядома, у беларускай міфалогіі ёсць Бог грому й маланкі Пярун, а ягоную жонку завуць Грамніца, яна — Багіня лета. Яе нашы продкі сабе ўяўлялі як прыгожую, добрую жанчыну, заступніцу сялян. Яе й прасілі пра дождж у летнюю спякоту. Верылі: калі зімою Пярун з жонкаю клаліся спаць, то Грамніца першаю прачыналася ды назірала, ці моцна лютуе на зямлі Бог зімы — Зюзя.

З прыходам хрысціянства на Беларусь “Грамніцы” займелі яшчэ назву “Стрэчэньне”. Карані ж абраду сягаюць у эпоху старажытнаславянскую. Даследчыкі лічаць: людзі заўважылі, што на пачатку лютага пасля моцных студзеньскіх маразоў прыходзіць адліга. Потым яшчэ зноў маглі ўдарыць маразы, разгуляцца завеі. То лічылі: гэта сустрэча Зімы й Лета — касмічных, сёння б сказалі, энергетычных плыняў. Вось такія “парадоксы надвор’я” адсачылі мудрацы, зафіксавалі ў свядомасці ды вераваннях, у адметным абрадзе, які мае шмат розных нюансаў.

На ангарскай выспе сабралася ладзіць Грамніцы каля 40 чалавек: былі нават студэнты з Германіі ды ЗША, якія “па абмене” вучацца на міжнародным факультэце Іркуцкага дзяржуніверсітэта. Ды суровыя ўмовы такі вымусілі частку абраду з вуліцы перанесці ў кафэ “Остров”. Дзяўчаты па чарзе выклікалі Грамніцу: стукалі драўлянай калатушкай па жалезным кальцы. Потым усе падзяліліся на дзве каманды: “Зіму” й “Лета”. Пачаліся спаборніцтвы ў традыцыйных беларускіх гульнях “Кавенька”, “На сілкі”, “Цягалкі”. Ну што ж, у Іркуцку “Лета” саступіла “Зіме” — чакай маразоў.

Пад дахам мужчыны здабылі рытуальны Агонь, высекшы іскру з крэменю. Ад яго запалілі галоўную Грамнічную свечку, і ад яе кожны змог пераняць полымя для сваёй, загадаць жаданне. Магічная сіла свечкі, вераць беларусы, спрыяе ў розных варунках: зняць зубны боль, паладзіць з тым, каго кахаеш...Сіла тая ўзмацнілася, калі гурт аўтэнтычнай песні “Крывічы” праспяваў песню “Зіма з летам стрэлася”. Потым былі яшчэ іншыя песні, танцы — імі завяршалі Грамніцы.

Ад вогнішча запалілі Грамнічныя свечкі

А наўздагон гэтаму допісу з Іркуцка прыйшоў яшчэ адзін: як актывісты Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага святкавалі Стрэчанне. Тое было, напісалі нам з ІТБК, 15 лютага на вулічнай пляцоўцы Дома рамёстваў і фальклору. Запрасілі паўдзельнічаць у абрадзе аднадумцаў, аматараў народных традыцыйных святаў. Некаторыя нават загадзя зрабілі васковыя свечкі: яны жаўтаватыя, пахнуць мёдам. “Глядзіш на іх — і на душы становіцца цяплей”, — пішуць нашы сябры. Сонечны, ясны дзянёк выдаўся. І спрыяў ён таксама добраму настрою. І на гэты раз высеклі іскру, запалілі агонь, потым Грамнічныя свечкі, спявалі абрадавыя песні. Яшчэ нашы сябры пішуць: “Калі праспявалі “Благаславі, Божа!”, то здавалася, што скрозь аблокі, галіны дрэў сыходзіць на нас дабраславенне. На душы было лёгка й добра. Усе разам вадзілі карагоды, гулялі, танцавалі пад гармонік. Наш дзень прадказаў: вясна будзе ранняю ды прынясе добры ўраджай пшаніцы”.

Ну вось, будзе яшчэ ў Іркуцку магчымасць праверыць: чый жа прагноз надвор’я, зроблены ў пару Грамніц і Стрэчання, вытрымае выпрабаванне часам. Зрэшты, я ўпэўнена: у тых, хто ўдзельнічае ў народных абрадах, паглыбляецца ў чароўны свет народных традыцый — і барометр душы спрацоўвае больш на пазітыў, на сонечную й цёплую, камфортную будучыню.

Вольга Ігнатчык

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.