Вы тут

Летапіс дружбы праз лёсы людзей


Газета не раз ужо расказвала пра цікавы конкурс даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае й сучаснасць”, які праводзіць Саюз беларусаў Латвіі пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка. (Гл.: “З лёсаў тчэцца гісторыя” — ГР, 15.02.2018.) Конкурс гэты штогод збірае шмат удзельнікаў, ён спрыяе паглыбленню, пашырэнню разнастайных кантактаў між суседнімі краінамі, братнімі народамі. Праз лёсы канкрэтных людзей, сямей, праз даследаванне шматстайных абставінаў супольнага беларуска-латышскага жыцця ствараецца ўнікальны Летапіс дружбы. Можна меркаваць, што з часам каштоўныя матэрыялы, назбіраныя ды аформленыя даследчыкамі, будуць шырока даступнымі й праз інтэрнэт. А сучасныя ІТ-тэхналогіі, як вядома, дазваляюць зрабіць нават з завалаў разрозненых дакументаў, з рознафарматных файлаў сапраўдную электронную базу дадзеных, у якой можна лёгка з’арыентавацца, весці пошукі, папаўняць і ўдакладняць раней пададзеныя звесткі. Такія тэхналогіі ў Беларусі ўжо ёсць.


Ганна Міхірова (з дыпломам) на ўзнагароджанні ўдзельнікаў конкурсу ў Генконсульстве Беларусі ў Даўгаўпілсе

Штогод конкурс мае свае “магістральныя” тэмы. Летась арганізатары скіравалі ўвагу моладзі, краязнаўцаў на юбілейныя даты: 100‑годдзе Латвійскай Рэспублікі, 15‑годдзе Саюза беларусаў Латвіі. Згадвалі й жалобныя даты: 75 гадоў было Асвейскай трагедыі, Хатынскай трагедыі. Сярод лепшых у намінацыі “Беларусы Латвіі. Цікавыя асобы” апынулася й даследчая праца Ганны Міхіровай з беларускага горада Жодзіна, яна працуе ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы. Праца пад назвай “Калі ты нарадзіўся, за Дзвіной гарэла неба” прысвечана вядомаму беларускаму пісьменніку Сяргею Панізьніку, ягонай дакументальнай аповесці “Асвейская трагедыя”. Нагадаем: нястомны творца шмат зрабіў і робіць для развіцця літаратурных, культурных стасункаў паміж дзвюма краінамі, братнімі народамі. За заслугі перад Латвіяй у 1998 годзе ён ганараваны Ордэнам Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі.

Аповесць “Асвейская трагедыя” — гэта шчымлівы аповед пра чорную старонку ў беларускай гісторыі: пра карную антыпартызанскую аперацыю на тэрыторыі Віцебскай вобласці пад час Вялікай Айчыннай вайны. Яна пачалася 15 лютага 1943 года ў вёсцы Росіца (Верхнядзвінскі раён) і мела назву “Зімовае чараўніцтва”. Нелюдзі сагналі ў касцёл мірных жыхароў, пратрымалі іх там у холадзе й голадзе некаторы час, а пасля “сартавання” 1528 чалавек спалілі жыўцом на ўскрайку вёскі. Так Росіца стала своеасаблівым знакам вялікай бяды — першай вёскай, якую спалілі карнікі ў аперацыі “Зімовае чараўніцтва”.

Чытаем у аповесці: “Карная аперацыя, якую арганізавалі гітлераўскія захопнікі, па жорсткасці перасягнула ўсе раней праведзеныя імі акцыі па знішчэнні мірнага насельніцтва. У выніку блакады толькі ў былым Асвейскім раёне спалены былі ўсе 158 населеных пунктаў, частка з іх знішчана разам з людзьмі… На Віцебшчыне ў вайну не стала кожнага трэцяга, тут кожны другі мужчына з вайны дамоў не вярнуўся… На Асвейшчыне 120 вёсак так і засталіся не адноўленымі”.

Унікальная Кніга народнай памяці, якую стварыў Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік, цяжкая для прачытання. Аўтару “даводзілася трывожыць скалечаную вайной памяць людзей, хваляваць чалавечыя сэрцы”. На старонках “Асвейскай трагедыі” сведкі жудасных падзей распавядалі, як сядзелі некалькі дзён у халодным касцёле, як іх потым сартавалі, разлучалі многіх назаўжды з роднымі, блізкімі. А потым яшчэ тым, хто ацалеў, трэба было выжываць у лагерах смерці. Уявіць сабе цяжка, што перажылі мірныя жыхары, якія бачылі ўсё тое на свае вочы. Колькі ж ім патрэба было сіл духоўных і фізічных, цярпення, каб вытрымаць здзекі фашыстаў, падмануць голад, проста не змерзнуць. Аўтар “Асвейскай трагедыі”, сам былы афіцэр, заклінае ўсіх нас быць пільнымі, не дапусціць, каб тыя жахі калі-небудзь паўтарыліся.

Ганна Міхірова, расказваючы пра аўтара, саму Асвейскую трагедыю, аповесць з такой назвай, нагадвае: кнігу Сяргея Панізьніка ў Жодзіне можна ўзяць пачытаць у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы.

Паўдзельнічаць у конкурсе даследчых работ “Беларусы Латвіі. Мінулае й сучаснасць”, які праводзіць Саюз беларусаў Латвіі пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка, можа кожны ахвочы. Развіваючы свой праект, актывісты СБЛ спрыяюць творчаму, сяброўскаму яднанню ўсіх народаў, якія жывуць у Латвіі. Яны ж гуртуюць аднадумцаў з розных краін, сацыяльных груп і рэгіёнаў, якія працуюць на карысць добрасуседства, узаемаўзбагачэння культур беларусаў і латышоў. Асабліва ж вялікая доля беларускага насельніцтва ў памежным рэгіёне, таму ёсць заўсёды пра каго й пра што расказаць. Дарэчы, і Сяргей Панізьнік — таксама з беларускага Прыдзвіння родам, а ягоная сястра даўно жыве ў Рызе.

Алесь Мурочак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.

Грамадства

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Як «Звязда» парушальнікаў адпачынку з міліцыяй шукала

Апошнімі цёплымі дзянькамі многія мінчане стараюцца скарыстацца напоўніцу і па магчымасці адпачыць на прыродзе, хай сабе і ў межах горада.

Культура

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Спявак Аляксандр Гелах: Як толькі паступіў, пачаў шукаць работу

Малады тэнар, які прыйшоў у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў 2015-м, звярнуў на сябе ўвагу аматараў оперы адразу.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Танцуй... Пакуль не замужам?