Вы тут

З чаго пачынаецца мужнасць


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўшанавалі лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва


Выступае Акадэмічны ансамбль песні й танца Узброеных сіл Беларусі

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў Нацыянальнай бібліятэцы складалі “Оду мужнасці”. На святочны канцэрт з такой назвай сабралася шмат людзей: сталых, з ардэнамі й медалямі на грудзях, і маладых, у курсанцкай форме. Прыйшлі тыя, каму падабаюцца добрыя песні з мінулага. Ужо ў фае панавала святочная атмасфера: на сцэну ж выйдуць лаўрэаты спецпрэміі Прэзідэнта за 2018 год. Гэта Акадэмічны ансамбль песні й танца Узброеных сіл Беларусі ды творчы калектыў “Судьбы” з былых непаўналетніх вязняў фашызму, які створаны ў Першамайскім раёне Мінска.

Ад пачатку канцэрта гучалі натхнёныя словы, вершаваныя радкі, сардэчныя песні пра Маці-Беларусь. Бо, як вядома, і абараняць Айчыну, і служыць ёй, народу сваімі добрымі справамі ў мірны час немагчыма без глыбокай, моцнай любові да роднага краю. З патрыятычных песень у асноўным і складаецца рэпертуар згаданага ансамбля Узброеных сіл, што робіць вялікі ўнёсак у скарбніцу беларускай музыкі, нацыянальнай культуры ў цэлым, дорачы слухачам бадзёрыя армейскія песні ды танцы. Уручэнне прэміі для ансамбля стала знакавай падзеяй і таму, што 9 студзеня ён адзначыў 80‑годдзе. Узнагароду ад Прэзідэнта ансамбль атрымаў за рэалізацыю праекта “Айчыне служым”: артысты давалі канцэрты ў раённых і абласных цэнтрах, воінскіх часцях і дамах культуры Беларусі. Цяпер калектыў узначальвае выпускнік ваенна-дырыжорскага факультэта пры Маскоўскай дзяржкансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, магістр мастацтваў, заслужаны артыст Беларусі, палкоўнік Уладзімір Варапаеў. Ансамбль даў пад яго кіраўніцтвам з 2004 года больш 2100 канцэртаў як у Беларусі, так і ў Германіі, Польшчы, Францыі, Расіі. Уладзімір Сяргеевіч на імпрэзе ў Нацыянальнай бібліятэцы сказаў: патрыятычныя песні патрэбны ў першую чаргу маладому пакаленню, выхаванне з дапамогай армейскіх песняў і танцаў будзе пашырацца.

Я ўжо згадала юнакоў у курсанцкай форме. Цікава, пра што думалі яны, калі на сцэну падняліся былыя непаўналетнія вязні фашызму? З гадамі ж толькі мы разумеем, што мужнасць пачынаецца не заўсёды на полі бою. Яна не толькі ў тым, каб быць гатовым загінуць за родных, за свой народ, але і ў тым, каб выжыць дзеля сваёй Бацькаўшчыны ў цяжкіх, нечалавечых умовах. А потым — біць у набат, папярэджваць іншых: будзьце пільныя! Не дайце разгарэцца новым узброеным канфліктам! Бабулі, дзядулі паважанага веку паўсталі перад хлопцамі як сапраўдныя героі ўжо таму, што змаглі выжыць, выстаяць у жыцці, прайшоўшы ў дзяцінстве праз здзекі ў канцлагерах, голад і нястачу пад час блакады, акупацыі. Яны ж і цяпер цвёрда стаялі ў страі, плячом да пляча, і хорам спявалі песні пра Перамогу.

Людміла Бурдыка разам з хорам

Хор “Судьбы” атрымаў спецпрэмію Прэзідэнта за акцыю “Не фашызму! Дзяцінства без вайны!”, якая стартавала ў 2014 годзе ў Ваеннай акадэміі Беларусі. Пра тую акцыю, дарэчы, не раз пісала й наша газета. Хор выступаў у Чэхіі, Францыі, Галандыі, Бельгіі, Фінляндыі, Швецыі, Расіі, Казахстане, Кыргызстане, Эстоніі ды іншых краінах. А ў французкім горадзе Арадур былыя вязні фашызму падпісалі зварот да ўсіх народаў Еўропы з заклікам не дапусціць паўтарэння жахаў вайны. Хор створаны ў 2004 годзе ў плыні сумеснага беларуска-нямецкага праекта “Песні для справы міру”. Ініцыятары яго стварэння — кіраўніца арганізацыі былых непаўналетніх вязняў фашызму Першамайскага раёна Мінска Галіна Змушко ды яе брат Мікалай Дзенісевіч (яго летась не стала), выкладчыца гісторыі 137‑й мінскай школы імя П. М. Машэрава Людміла Шчэннікава, канцэртмайстар Алена Наумчык. Мастацкі кіраўнік хора — Людміла Бурдыка.

Ушанаванне лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта ў Нацыянальнай бібліятэцы — добрая ўжо штогадовая традыцыя. На гэты раз бібліятэка прадставіла й кніжную выставу “Вялікі талент, вялікая праца, вялікае сэрца”, прысвечаную лаўрэатам прэміі Прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, спецпрэміі Прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп” за 2018 год. Дэманстраваліся кнігі, каталогі, буклеты, артыкулы з перыёдыкі, выяўленчы матэрыял з бібліятэчных фондаў, у якіх расказваецца пра лаўрэатаў.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».