Вы тут

Улюбёныя ў народныя рамёствы


Непарыўная сувязь паміж традыцыйнымі народнымі рамёствамі і прыкладным мастацтвам існуе цягам многіх стагоддзяў. Народная культурная спадчына – галоўны складнік сённяшняга нацыянальнага мастацкага набытку Беларусі, таму важна не толькі яе зберагаць, але і развіваць, перадаваць новым пакаленням маладых беларусаў. Аб усім гэтым – нашая гутарка з кіраўніком Браслаўскага народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера” Наталляй ПАРАХНЕВІЧ.


Ад прадзедаў

Многія браслаўчанкі яшчэ з юнацкіх гадоў засвойваюць традыцыйныя для нашага рэгіёну віды рукадзелля: вышыванне, вязанне, пляценне, ткацтва, аплікацыі з саломкі і стварэнне фігурак з яе, дэкаратыўнае шыццё з абрэзкаў тканіны і іншае. Часам гэта становіцца любімым заняткам, заўзятасцю ці нават неўтаймаванай цягай, азартам. Цікавыя рэчы, сапраўдныя ўзоры высокага майстэрства ствараць могуць не толькі прафесійныя мастакі, але і захопленыя аматары.

Менавіта задачы падтрымкі самадзейных творцаў, адраджэння старажытных народных рамёстваў і іх папулярызацыі  вырашае наш клуб “Ля возера”.  Створаны ён быў напачатку 1980-х і аб’ядноўваў  спярша толькі прыхільнікаў выяўленчага мастацтва. Але з часам далучыліся майстры пляцення з лазы, чароту, саломкі, разьбы па дрэве, ганчары, ткачыхі, вязальшчыцы ды іншыя рамеснікі. Сёння нас больш за 60 чалавек ва ўзросце ад 24 да 82 гадоў.

Самадзейныя творцы розныя па сваіх захапленнях, аднак  усе яны апантаныя сваім заняткам і бачаць у ім плён. Аліна Выжыкоўская валодае сакрэтамі майстэрства вывязвання на прутках традыцыйнага арнаменту на рукавіцы і шкарпэткі, вывучыла тэхналогіі стварэння дываноў-маляванак. Ганна Каладынская – унікальны майстар па ткацтве і пляценні паясоў, ручнікоў, элементаў народнага касцюма. Антаніна Кавалык  засвоіла ў патомнай браслаўскай ткачыхі Аліны Чапулёнак  традыцыйныя  тэхнікі ткацтва, двухніткавыя і чатырохніткавыя, і перадала гэта майстэрства многім маладым. Цудоўныя аўтарскія капялюшыкі, шкатулкі, дэкаратыўныя пано з саломкі стварае Элеанора Зінкевіч, а яе муж – выбітны ганчар, вырабляе рэплікі глінянага посуду часоў ранняга і позняга Сярэднявечча, а таксама этнаграфічныя ўзоры гліняных рэчаў рэгіёну Браслаўшчыны.

Вядома ж, нашы майстры з задавальненнем навучаюць рамёствам школьнікаў і ўсіх жадаючых (на гуртках або на майстар-класах у музеі). Таксама мы ўдзельнічаем у шматлікіх раённых мерапрыемствах, розных фестывалях, кірмашах, дзе паказваем свае працы і шчыруем, каб зацікавіць іншых, улюбіць іх у народную творчасць.

Як кіраўнік клуба, шмат увагі надаю выстаўкам, а іх у нас багата. У Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры ёсць свая невялічкая выставачная зала, таму нам шчасціць. Аднак вельмі важна не проста паказаць цікавыя творы народных умельцаў, а стварыць такую прастору, якая эмацыянальна ўздзельнічала б на гледача. Кожны твор павінен быць на сваім месцы, ды каб нічога па суседстве не замінала яго ўспрыняццю, не “рвала вока”, а экспазіцыя не ўпадаблялася б краме з сувенірамі.

Сярод нашых аўтараў шмат людзей сталага ўзросту, яны вельмі адкрытыя ў сваіх пачуццях шчасця і радасці, вельмі хочацца кожнага падтрымаць, бо, сапраўды, кожны народны майстар заслугоўвае павагі і ўвагі. Яны шчыруюць не дзеля матэрыяльных выгод, а дзеля памяці справы сваіх продкаў, імкнуцца захаваць спадчынныя традыцыі, матчыны або бабуліны ўзоры, прыёмы, тэхналогіі.

Варта зазначыць, што ў нашым клубе аб’яднаныя дзве плыні майстроў народнай самадзейнай творчасці: тыя, хто валодае майстэрствам традыцыйных  рэгіянальных рамёстваў, і тыя, для каго творчасць – гэта самарэалізацыя. Апошнія майстры  працуюць з сучаснымі матэрыяламі: пластыкам, дротам, картонам, шкляным бісерам, паўкаштоўнымі каменьчыкамі і інш. Гэта таксама цікава і мае права быць. Такая шматвектарнасць прыцягвае гледачоў на нашыя выставы і падштурхоўвае іншых жанчын да заняткаў рукадзеллем, пошуку сваіх хобі.

Музей традыцыйнай культуры

Наш музей сёння ўваходзіць у склад навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”, і гэта сур’ёзны статус, што скіроўвае нас таксама на даследчую і пошукавую працу.

Першаасновай жа была ініцыятыва стварэння рэгіянальнага Дома рамёстваў. Старажытны будынак былога паравога млына як нельга лепей адпавядае гарманічнаму ўспрыняццю экспазіцый з народнымі рамёствамі. Культура Браслаўшчыны самабытная, памежная, з адчувальнымі павевамі балцкіх традыцый. Дарэчы, і сёння падтрымліваюцца даўнія сяброўскія сувязі – з культурным таварыствам "Уздым" горада Даугаўпілса, народнымі майстрамі гарадоў Рэзакнэ і Краславы. Гэта ўдзел у выстаўках, майстар-класах, фестывалях, абмен экспазіцыямі.

Штодзённая праца ў правінцыяльным музеі таксама патрабуе ініцыятыўнасці і неабыякавасці. Мерапрыемстваў шмат: праводзяцца музейна-педагагічныя ўрокі для школьнікаў, заняткі для ўсіх жадаючых па засваенні тэхналогій народных рамёстваў, практыкумы па апрацоўцы гліны, па ткацтве і саломапляценні і інш. Маладажонам мы прапануем абрад-забаву з фальклорнымі элементамі “Вяселле ў млыне”. Таксама арганізуем “Калядкі”, паказы народнага лялечнага тэатра “Батлейка”.

Летам традыцыйна ладзім ярмаркі-прэзентацыі нашых майстроў, бо, як вядома, у гэты час на Браслаўшчыну прыязджаюць сотні турыстаў. Найперш, вядома, іх вабяць празрыстыя азёры, аднак і ў музей яны наведваюцца з задавальненнем. А мы загадзя рыхтуемся, збіраем выстаўкі такім чынам, каб гасцям горада было цікава ў нашай экспазіцыйнай прасторы.

Праца ў музеі стала для мяне ў добрым сэнсе рухавіком – яна мабілізуе і не дазваляе “закіснуць”. Быў час, калі пасля 15 гадоў актыўнасцяў я адчула нейкую стомленасць. Здавалася, адкуль узяцца новым ідэям? Аднак падтрымка сяброў і сям’і, нечаканыя стасункі прыдалі новы імпульс, і зноў з’явіліся фарбы. Ёсць рух, ёсць жаданне, ёсць пошук.

Музей адыграў вялікую ролю ў маім асабістым творчым шляху: тут прайшлі мае першыя аўтарскія выстаўкі, тут мая майстэрня, тут можна ўбачыць мае лепшыя мастацкія працы. Народныя рамёствы – моцны падмурак для прыкладнога мастацтва, і гэта выснова пацверджана мноствам прыкладаў.

Мой шлях

Як і многія дзяўчынкі, з ранняга дзяцінства я палюбіла рукадзелле. Мне падабалася літаральна ўсё: і вышыўка, і вязанне, і шыццё. Закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П. Машэрава.

Што датычыць вышывання, тут я валодаю рознымі тэхнікамі: крыжык, гладзь, мярэжка, працяжка і іншыя. Вышываю на пяльцах і на раме, у тым ліку карціны ў жанры нацюрморта ў беларускім стылі, традыцыйныя народныя ручнікі і элементы нацыянальнага касцюма. Апошнім часам з вялікай асалодай спасцігаю майстэрства ткацтва (дэкаратыўныя пано і габелены). Адукацыя тут сыграла са мной дурны жарт: у пэўным сэнсе я набыла прафесійныя навыкі, а яны іншы раз замінаюць. Імкнуся выконваць рэчы ў стылі традыцыйных народных рамёстваў (яны на самай справе мне вельмі падабаюцца!), аднак усё, што раблю, атрымліваецца не зусім па правілах… Заўсёды неспадзявана прыўносіцца нешта індывідуальна маё, асабістае. Паўтараю нейкія традыцыйныя народныя ўзоры, а мяне вядзе ўбок жаданне неяк праявіць сябе, сваё творчае “я”. Вось так і існую пакуль на мяжы – і не сярод майстроў народных рамёстваў, але і не зусім сярод мастакоў, вельмі адчувальны пакуль ухіл у народную творчасць.

Як спачуваю сябе на мяжы? Неспакойна, увесь час у пошуку. Дапамагае тое, што магу пераключацца з ткацтва на “спакойнае” вязанне або вышыванне.

Мне даравана лёсам падтрымка сям’і, найперш мужа. Ён таксама рамеснік, займаецца рэльефнай разьбой па дрэве, тачэннем і драўлянай скульптурай, вырабам мэблі. Узаемапаразуменне паміж творчымі людзьмі існуе нячаста. Мне пашчасціла, я магу аддаваць свой час і сваю энергію для творчасці, мастацтва, гадзінамі працаваць у майстэрні. Галоўнае, як кажа муж, каб была ў гармоніі з сабой.  Дзеці ў нас ужо дарослыя, сын атрымаў прафесію будаўніка, дачка вучыцца ў БДЭУ. У рамесніцтва яны не падаліся, аднак захапленні маюць: нядаўна дачка здзівіла нас пано з гумавых кольцаў і бранзалетаў, а вось да традыцыйных матэрыялаў у яе стаўленне адмоўнае. Творчасць перад усім!

Родам я з Мінска. Не думала, накіроўваючыся на адпрацоўку дыплома, што застануся на Браслаўшчыне надоўга. Але ж муж – такі патрыёт сваёй малой радзімы, што і мяне ўлюбіў у гэты сінявокі край. Зрэшты, сёння няма асаблівай розніцы, дзе працаваць творцы. Інтарнэт спрасціў многае, у тым ліку і стасункі, і навучанне новым метадам і тэхнікам. Шкадую толькі, што не магу часта наведваць сталічныя выстаўкі, бываць на цікавых імпрэзах. Магчыма, і сама б стала больш актыўнай іх удзельніцай…

Хаця ў выстаўках народных рамёстваў удзел прымаем часта, гэта і “Славянскі  базар у Віцебску”, і “Дажынкі”, і фальклорныя святы. Летась упершыню прыехалі на дызайнерскі кірмаш “Млын”. Вельмі спадабалася творча-дзелавая атмасфера гэтага мерапрыемства, добразычлівыя таварысцкія адносіны паміж мастакамі і майстрамі. Атрымала шмат карыснага з размоў, завязаліся новыя знаёмствы. Вядома, гэта прыдало новы імпульс.

Мае планы скіраваныя найперш на творчасць, на развіццё мастацкага пачатку. Я толькі на шляху, ведаю, куды мне рухацца, разумею, што важна ўдасканальваць. Мае мары – пра будучыя выстаўкі і творчыя праекты.

Алена ЦЯРЭНЦЬЕВА

Фота Тэрэсы КАВАЛЕЎСКАЙ і з асабістага архіва

 

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.