Вы тут

Айцец Фёдар Поўны: Магчыма, настаў час праверкі


Прычына для размовы з настаяцелем храма-помніка Усіх Святых протаіерэем Фёдарам Поўным узнікла даўно. Восенню мінулага года новаўзведзеная ў Мінску велічная святыня была асвечана Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Тэлеканал АНТ назваў гэту падзею галоўнай у духоўным жыцці Беларусі. У снежні храм-помнік атрымаў блаславенне здзяйсняць Божую Літургію з адчыненай царскай брамай да моманту, калі гучыць «Айча наш...». Тады ж протаіерэй Фёдар Поўны быў узнагароджаны ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага ІІ ступені. Апроч таго, настаяцель сталічнага Усіхсвяцкага прыхода — адна з самых медыйных персон Беларускай праваслаўнай царквы і заўсёды — вельмі ўдумлівы і шчыры суразмоўнік. Іншая справа — знайсці час на няспешную, грунтоўную гутарку. Але «Звяздзе» чарговы раз пашчасціла. І гэта размова — сведчанне таго, што ёсць асобы, для інтэрв'ю з якімі нагоды не вельмі патрэбныя. Іх меркаванне цікавае і каштоўнае заўсёды.


«Гульні з верай народа заўсёды крывавыя»

— Айцец Фёдар, пяць гадоў таму мы з вамі размаўлялі пра тое, якую ролю можа адыграць вера ў палітычным канфлікце. Што вы думаеце пра гэта зараз? У прыватнасці — з нагоды падпісання томаса аб аўтакефаліі Украінскай царквы?

— Сапраўдная Царква Хрыстова не можа быць удзельнікам палітычных загавораў. Царква будуе дзяржаву Нябесную. Яна Усяленская. У ёй разам цемнаскурыя, жаўтаскурыя, чырванаскурыя і белыя людзі прычашчаюцца адных Цела і Крыві Хрыста. Але, вера з'яўляецца фундаментальным паняццем. Рэлігія фарміруе светапогляд цэлага народа. Трэба разумець, што палітыкі, занятыя ажыццяўленнем свайго (або навязанага звонку) курсу, а не служэннем народу, будуць выкарыстоўваць веру ў якасці інструмента ўплыву на масы. Яны будуць змяняць рэлігію, каб перафармаціраваць нацыю. Але яны гуляюць з агнём, мяркуючы, што Царква — гэта інстытут улады такі ж, як і ўрад. Насамрэч Царква — гэта Богачалавечы арганізм. Яны думаюць, што ў Царкве можна ладзіць дэбаты і шоу, такія як часта здараюцца ў парламенце. Але гульні з верай народа заўсёды крывавыя. Яны наносяць непапраўную шкоду душы самога творцы беззаконня, яны ўводзяць у спакусу малаверных і духоўна недасведчаных, яны прыводзяць дзяржаву да грамадзянскіх сутыкненняў. Верай жа маніпуляваць немагчыма: яе альбо распаўсюджваюць, альбо знішчаюць. Вера стаіць за свае ідэалы да смерці. Кроў пакутнікаў і спавядальнікаў ва ўсе часы былі моцным каркасам Царквы Хрыстовай. І магчыма, настаў час праверкі, наколькі зараз сталь трывалая, наколькі вера сапраўдная. У Госпада надышоў час аддзяліць пустазелле ад пшаніцы. Дваццаць гадоў таму ў царкву ішлі з-за моды, са сваімі перакананнямі і вераваннямі, спасылаючыся на Бога ў душы, думалі, што Бог — гэта любоў, якая ўсё прымае. Неяк усе забыліся, што Бог — гэта і строгі суддзя, які нікому не даруе знеслаўлення Духа Святога. Забыліся пра духоўныя законы, якія дзейнічаюць у той жа ступені, як і фізічныя. Прыйшоў час адсеву. З Хрыстом засталіся адзінаццаць з дванаццаці апосталаў. Іуда здрадзіў і павесіўся. Думаю, што сённяшнія падзеі, магчыма, адбываюцца не выпадкова і пачынаюцца як заўсёды з хрышчэльнай купелі ўсёй Русі.

Асабістай ацэнкі я даваць не буду. Мая справа маліцца за братоў па веры, якія перажываюць цяжкія часы, маліцца за Украіну: яна нам не чужая.

«Берагчы сваё, але не да ашалелага нацыяналізму»

— Як да гэтых падзей трэба ставіцца нам, беларусам?

— Горача і шчыра маліцца. Кожны дзень. Прасіць, каб ва Украіне зноў былі мір, згода і парадак, каб Гасподзь дараваў саграшаючым і суцешыў пакутуючых.

Беларусам трэба глядзець і рабіць высновы, правільныя высновы. Нам трэба навучыцца дзякаваць і шанаваць тое, што маем. Залаці ці не залаці клетку, у ёй лятаць немагчыма. Душа лунае ў небе ад таго, што яна камусьці патрэбна, што яна прыносіць карысць, яе палёт у малітве і любові. Жыць у традыцыі продкаў, магчымасць верыць, працаваць, ствараць — вось сапраўдныя каштоўнасці. Беларусы павінны берагчы сваё, але не да ашалелага нацыяналізму, які вядзе ў прорву. Мы ж глядзім туды, дзе ўзыходзіць сонца, Сонца праўды — Хрыстос. А нацыяналізм, на жаль, у процілеглы бок. Туды, дзе сонца ўжо заходзіць.

Важней за ўсё цяпер захоўваць чысціню ўласнай душы і ахоўваць чысціню сапраўднага Праваслаўя. Вельмі важна Беларусі зберагчы сяброў і саюзнікаў. Новых сяброў набывай, а старых не забывай, — гаварылі нашы продкі.

— Наколькі магчыма царкоўная аўтакефалія ў Беларусі?

— Аўтакефалія па ўзоры Украіны — ці патрэбна нам такая? Іх аўтакефалія — гэта не воля народа, а рашэнне аднаго чалавека. Перш чым нечага хацець, трэба сябе спытаць: як гэта палепшыць жыццё? А вернікі задаюць пытанне па-іншаму: ці прывядзе гэта мяне да Хрыста, ці ўратуе мяне для жыцця вечнага?

Навошта беларусам сёння аўтакефалія? Мы валодаем усёй неабходнай самастойнасцю. Ці мы баімся мітрапалітаў, якіх прызначае Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы? Тады заклікаю ўспомніць добрым словам Ганаровага Экзарха мітрапаліта Філарэта! Ён свой, ён родны, скажуць многія. Дык ён жа рускі чалавек з дваранскім паходжаннем... Глядзіце на справы, а не ў пашпарт. Вось вынік саракагадовага служэння Уладыкі: Беларускі Экзархат, свой Сінод, плённае супрацоўніцтва Царквы і беларускай дзяржавы, міжканфесійны мір, адноўленыя святыні Беларусі, новы храм-помнік у гонар Усіх Святых, прысвечаны загінулым беларусам. Адроджана наша духоўная культура. Чаго ж не хапае? Даверу?

Глядзіце на суседзяў: там свае, не чужынцы, сілком вырываюць народ з роднай глебы. Наступным крокам на Украіне можа быць Унія. А затым украінскую мову перавядуць на лацінку... А пройдзе некалькі дзесяцігоддзяў, і навукоўцы ўжо новым пакаленням дакажуць, што ўкраінцы — гэта заходнія славяне. Гэта ўсяго толькі магчымы паварот падзей, і я вельмі хачу памыліцца ў ім.

Царква — гэта Богачалавечы арганізм, ён кіруецца толькі Хрыстом. Гэта ілюзія, што ёсць Праваслаўная Царква Беларусі, Украіны, Расіі. Беларусь таксама адна дзяржава, а не сума яе шасці абласцей.

«Бачыць у людзях душу — гэта першае...»

— Айцец Фёдар, вы 25 апошніх гадоў будавалі Дом Міласэрнасці, Свята-Троіцкі храм, Усіхсвяцкі храм-помнік. Гэта вялікае будаўніцтва завяршылася 14 кастрычніка мінулага года, калі храм-помнік быў асвечаны Патрыярхам Кірылам. Вы ўжо паспелі адчуць — як гэта жыць і больш не будаваць? Вам знаёма спусташэнне, якое, па апісаннях, адчувае пісьменнік, які паставіў дату пасля апошняга слова ў рамане? Бацькі, якія адпусцілі дзіця ў самастойнае жыццё? І ці паспелі вы адчуць палёгку?

— Пісьменнік, дапісаўшы раман, я ўпэўнены, адчувае радасць, таксама, як і маці, нарадзіўшы дзіця, адчувае не спусташэнне, а шчасце. Мы будавалі, але ж не для сябе, а для Госпада, і калі Бог заняў Cваё шаноўнае месца, прыняў тварэнне рук чалавечых, гэта вышэйшая ўзнагарода. За што б я ні браўся, заўсёды адчуваў сябе не аўтарам, а суаўтарам, таму што вяла мяне воля Божая. Сам і ўсе, хто працаваў над храмам, — толькі рукі Бога.

Наконт занятасці — працы стала больш. Графік сустрэч вельмі шчыльны.

— Падзяліцеся вопытам, які вы набылі за гэтыя 25 гадоў: што было самым цяжкім — пачынаць, працягваць, завяршаць, можа быць, знаходзіць агульную мову з чыноўнікамі, якія далёкія ад Царквы, альбо шукаць спонсараў? Чаму вы навучыліся, узводзячы адзін будынак за другім, у розныя часы, у «тлустыя» і «худыя» гады для краіны? Ці былі ўласныя памылкі, расчараванні ў іншых людзях, які працэнт з задуманага ўдалося ажыццявіць? І ці здараліся цуды падчас будаўніцтва?

— Няма чыноўнікаў, няма рабочых, няма спонсараў — ёсць людзі, кожны чалавек са сваёй душой: мяцежнай, радаснай, сумнай. Бачыць у людзях душу — гэта першае, чаму мяне навучыў вопыт узвядзення храмаў. Другі жыццёвы ўрок — любую справу выконваць у славу Бога, для Яго. Гэта вышэйшы ўзровень адказнасці. Калі рабіць для сябе, справа праваліцца. Трэці жыццёвы ўрок — у немачы чалавечай сіла Божая здзяйсняецца. Мы нічога без Бога не можам. Пятае: галоўная справа святара — тварыць Бажэственную Літургію, Таінства. Будоўля — другаснае.

25 гадоў — гэта ж палова свядомага жыцця! Тут за дзень зробіш некалькі памылак. Галоўнае, выпраўляць іх своечасова. Але тое, што для чалавека паўжыцця, для храма — імгненне. Таму самы вялікі цуд — гэта завершаны храм-помнік. Цуд у яго велічы, якая адкрытая і даступная народу. Усё, аб чым марылі, мы здзейснілі. З планаў застаўся толькі музей. Але, Бог дасць, сёлета ён ужо будзе дзейнічаць.

— Летам вы анансавалі, што ў храме-помніку Усіх Святых размесцяцца музей і архіў, дзе будуць збірацца звесткі пра ўсе мясціны, у якіх гінулі беларусы. Гэтая работа ўжо распачатая? Хто ёй займаецца?

— Так, Усіхсвяцкі прыход і Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння вядуць работу па фарміраванні экспазіцыі. Мы ўсталёўваем супрацоўніцтва з музеямі горада. Музеі, гісторыкі, прыватныя калекцыянеры дзеляцца копіямі дакументаў, базамі даных, артэфактамі. Вядзецца работа па сістэматызацыі матэрыялаў, якія былі сабраныя на працягу апошніх гадоў.

— Айцец Фёдар, на зваротным баку ордэна Сергія Раданежскага, які нядаўна Патрыярх Кірыл уручыў вам у Маскве, напісана «Які ўзвышаецца пакорлівасцю» («Смирением возвышаемый»). Як трэба разумець гэтыя словы?

— «Бог ганарлівым працівіцца, а пакорлівым дае благадаць», — піша апостал Іакаў. «Той, хто задзірае галаву, ненавідзіць Бога», — больш проста трактуе блажэнны Іеранім. І сам Хрыстос кажа: «Бо кожны, хто ўзвышае сам сябе, паніжаны будзе, а хто паніжае сябе, узвысіцца» (Лк.14: 11). Прападобны Сергій змяніў ход гісторыі, заснаваў некалькі лаўраў і манастыроў, адрадзіў манаства, вывеў краіну з найцяжэйшага крызісу, мог думкі на адлегласці чуць, але пры гэтым быў босы, галодны і ўсё рабіў сваімі рукамі, шчыра лічыў сябе вялікім грэшнікам і нявартым манахам.

Храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны, г. Мінск.

Зерне дало плод

— Вы ўжо не першы год ведзяце духоўную праграму на тэлебачанні. Гаворыце, як правіла, на вечныя, агульнавядомыя тэмы. Як удаецца кожны раз знаходзіць нейкія новыя нюансы, якія закранаюць гледача за жывое і дазваляюць не паўтарацца?

— Сюжэты нараджаюцца з жыцця, і большасць перажываецца, пераасэнсоўваецца асабіста. Хрысціянства дорыць чалавеку дзіўны талент назірання. Той, хто прывык кантраляваць свой унутраны свет, хто прыслухоўваецца да руху свайго сэрца, пачынае разумець вонкавыя заканамернасці і сувязі. Жыццё ніколі не стаіць на месцы, яно падносіць сюрпрызы. Кожны дзень мы атрымліваем заданні, праходзім урокі і адкрываем нешта новае.

— Быў такі перыяд у гісторыі нашага грамадства, калі ў сем'ях дзеці-падлеткі аказваліся больш веруючымі, чым іх бацькі. Цяпер выраслі дзеці, якіх прычашчалі з маленства. Яны па-ранейшаму — ужо самастойна — прыходзяць у храм, ці маятнік гайдануўся ў іншы бок і набожнасць моладзі пайшла на спад? Якую вы заўважаеце тэндэнцыю ў духоўным жыцці нашых людзей?

— Аднаўляецца царкоўная пераемнасць, традыцыі хрысціянскіх сем'яў і побыту. Выхоўваецца ўжо трэцяе пакаленне хрысціян. У тых падлеткаў, якія прыйшлі ў храм у дзевяностыя, дзеці сёння перажываюць перыяд сталення. Кожны па-рознаму. Хтосьці не вырываецца на волю па-за Царквой, хтосьці спрабуе свет без веры. У нашым прыходзе спяваюць дзіцяча-юнацкі і маладзёжны хоры — амаль 150 чалавек! Некаторыя падлеткі дапамагаюць на кухні, некаторыя ў свячным. Хто дзе сябе знайшоў. Некаторыя сталі паспяховымі людзьмі, а ў нядаўнім мінулым былі выхаванцамі агульнаадукацыйнай школы на базе Усіхсвяцкага прыхода. Яны прызнаюцца, што вера дапамагла сфарміраваць характар і жыццёвы погляд. Яны засталіся ў Царкве і выраслі адказнымі грамадзянамі, патрыётамі, клапатлівымі і адкрытымі свету людзьмі. Тое зерне, якое засявалі бацькі, дало плод. Я ўпэўнены, што нават дзеці, у якіх залішне бушуюць гармоны, таксама перажывуць буру. Добрыя зародкі будуць шукаць патрэбных умоў, каб прарасці. Маятнік не хіснуўся радыкальна, ён разгойдваецца з патрэбнай амплітудай, але ж гэта значыць, што гадзіннік працуе, значыць, у механізме ўсё адладжана. Дай Бог, наступнае пакаленне будзе такім жа накіраваным да неба.

— Што, на ваш погляд, уяўляе самую вялікую небяспеку для сучаснага чалавека?

— Камфорт расслабляе душу. Багацце і даступнасць усяго абясцэньвае жыццё. Велізарны паток інфармацыі разбэшчвае, вучыць над усім насміхацца і прыводзіць да дэградацыі. Блогеры ўтрымліваюць аўдыторыю крыўляннямі, пошласцю, развязнасцю. Адсутнасць высокай культуры: культура — гэта самадысцыпліна. Няўдзячнасць за тое, што маем. Прафанацыя веры.

— У вас ёсць любімы перыяд (свята) у Літургічным годзе? Раскажыце пра яго.

— Усе святы любімыя. Кожнае закранае душу па-свойму і нясе сваё перажыванне. Але, мабыць, перыяд Вялікага посту і свята Вялікадня — найбольш значныя для мяне. Тут каласальнае духоўнае напружанне, кожны дзень посту падрыхтоўвае да Пакутнага тыдня, каб яго пражыць з Хрыстом. У гэтыя журботныя шэсць дзён такое адчуванне, быццам ходзіш па нажах — настолькі падрыхтаваная постам душа чуллівая да пакут Сына Божага. Але пасля часу сардэчнага плачу настае сорак дзён сапраўднага раю. Першае «Хрыстос Уваскрос» мімаволі ўсклікаеш так гучна, што, мабыць, чуе ўвесь свет.

— Дзякуй.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.