Вы тут

Жыхары Гродзеншчыны і Віцебшчыны задалі пытанні старшыням аблвыканкамаў


У мінулую суботу адразу два кіраўнікі рэгіянальнай вертыкалі ўлады былі на прамой лініі з насельніцтвам: жыхары Гродзеншчыны і Віцебшчыны мелі магчымасць задаць пытанні старшыням сваіх аблвыканкамаў — Уладзіміру Краўцову і Мікалаю Шарснёву.


Да кіраўніка Гродзенскага аблвыканкама звярнулася гродзенка Алена Анатолеўна, якая працуе медыкам у гарадской бальніцы, а зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску. Сітуацыя няпростая. Сям'я Алены Анатолеўны два гады жыве ў ведамасным інтэрнаце ААТ «Гродна Азот». Сёлета будынак ставіцца на капітальны рамонт, усе жыхары, у тым ліку і сям'я жанчыны, атрымалі паведамленне аб высяленні.

Гродзенка не адразу звярнулася да абласных улад. Напачатку яна падала хадайніцтва ў раённае камунальнае прадпрыемства, каб пасадзейнічалі ў жыллёвым пытанні. Але ні месцаў у іншых інтэрнатах, ні арэндных кватэр не знайшлося. Сям'я гатова зняць прыватную кватэру, але праблема ў рэгістрацыі. Пакуль вядуцца пошукі, набліжаецца дата высялення. Сям'я павінна з'ехаць да 1 красавіка.

Падчас размовы Уладзімір Краўцоў звязаўся з гарадскімі ўладамі. З іх боку было акрэслена, што праблему вырашыць складана. У горадзе не хапае месцаў у інтэрнатах, тым больш многія з іх ведамасныя, прызначаны для сваіх работнікаў. Ёсць чарга на арэндныя кватэры. Губернатар нагадаў, што ведамасныя інтэрнаты заўсёды засялялі людзей, якія працуюць у сацыяльнай сферы. Такія работнікі могуць прэтэндаваць і на арэндныя кватэры.

— Трэба разабрацца, якія ўмовы павінны выконваць уласнікі інтэрната пры высяленні, якія нормы пры гэтым існуюць, як яны вытрымліваюцца, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Мы бяром пад кантроль гэтую сітуацыю і дапаможам Алене Анатолеўне. Работнікі сацыяльнай сферы не павінны застацца без увагі ўлад.

Як паведаміў кіраўнік рэгіёна, большая частка зваротаў датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Надыходзіць вясна, і людзі тэлефануюць, каб даведацца аб рамонце сваіх дамоў. Інфармацыя аб графіках і планах капітальных і бягучых рамонтаў ёсць у шырокім доступе, яна апублікавана ў СМІ і на афіцыйных сайтах. Але многія незадаволены якасцю рамонту, і на гэта выканаўчая ўлада будзе звяртаць асаблівую ўвагу, падкрэсліў губернатар.

Пад кантролем і дарожная тэма. Часцей за ўсё паступаюць званкі ад жыхароў індывідуальных забудоў і новых мікрараёнаў, якія скардзяцца на адсутнасць інфраструктуры і дрэнныя дарогі. Такія пытанні найбольш актуальныя для вясновай пары.

— Мы гэтыя сігналы чуем і прымаем меры. Складзена вялікая праграма, якую мы плануем у гэтым годзе рэалізаваць, — паведаміў Краўцоў. — Будзе звернута ўвага ў першую чаргу на мясцовыя дарогі. Стаіць задача адрамантаваць 210 кіламетраў дарог, некалькі мастоў. На гэта закладзены сродкі ў бюджэце і адкрыта льготная крэдытная лінія ў Банку развіцця. Таксама на гэтыя мэты будзе выкарыстаны транспартны падатак, які плацяць аўтамабілісты.

Не губляе актуальнасці і праблема водазабеспячэння сельскіх населеных пунктаў. Асабліва па якасці вады. Уладзімір Краўцоў паведаміў, што абласныя ўлады ў гэтым напрамку вядуць мэтанакіраваную работу. Другі год рэалізуецца праграма пуску аб'ектаў па ачыстцы вады. Сёлета іх уводзіцца даволі многа — у 40 населеных пунктах. Такім чынам будзе завершана рашэнне праблемы водазабеспячэння ў аграгарадках рэгіёна.

* * *

Дваццаць чалавек за тры гадзіны расказалі старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву пра тое, што хвалюе. Цікава, што адна з заяўніц тэлефанавала з іншай вобласці — з Гомеля. Яна прасіла, каб у Талачынскім раёне, у населеным пункце, дзе знаходзіцца бацькоўскі дом, не закрывалі краму. Дарэчы, па словах старшыні мясцовага райвыканкама, пытанне пакуль застаецца адкрытым.


Фота Аляксея Спаткая

Вельмі кранула губернатара просьба жанчыны разабрацца ў сітуацыі, якая датычыцца яе сына. Жыхарка Віцебскага раёна, шматдзетная мама расказала, што хлопец працуе электрыкам у Лёзненскім раёне. І ў гаспадарцы яго нават не забяспечваюць неабходным для працы, у прыватнасці ізастужкай. Ды і плацяць вельмі мала... У камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама разбяруцца.

А жыхарка гарадскога пасёлка Езярышча Гарадоцкага раёна здзівіла расказам аб дрэнных умовах для школьнікаў. Пакуль у школе ідзе рамонт, дзеці малодшых класаў займаюцца ў будынку садка. Паводле слоў жанчыны, у дзяцей няма магчымасці пабегаць, а гэта ж неабходна ў іх узросце. Агучыла іншыя праблемы. Кіраўнік улады вобласці даручыў на месцы праверыць усе факты.

Віцяблянін канстатаваў, што дворнікі не спраўляюцца са сваімі задачамі. Слізка, а ўсё таму, што своечасова не прыбіраюць снег, які ў выніку пры пахаладанні пакрываецца льдом. Праўда, у мэра горада, які выйшаў на відэасувязь, іншы погляд на пытанне. Маўляў, вялікай праблемы няма. Губернатар з ім не пагадзіўся.

Жыхар Аршанскага раёна агучыў, што некалькі гадоў не функцыянуе мемарыяльны музей Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Гэта адбылося з-за таго, што моцны ўраган пашкодзіў дах... Дарэчы, пра гэтую праблему «Звязда» паведамляла яшчэ ў 2017 годзе. Грамадзянін вельмі эмацыянальна прасіў ад імя землякоў, нераўнадушных да тэмы, урэшце ўдзяліць увагу вырашэнню праблемы. Мікалай Шарснёў падзякаваў за сігнал. Ён падкрэсліў, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб усю экспазіцыю (часткова прадстаўлена ў музеі гісторыі Оршы) аб падпольшчыках можна было ўбачыць у годным месцы. У якасці прыкладу прывёў талачынскі вопыт. Там да «Дажынак» літаральна за месяц пабудавалі бібліятэку ў два паверхі.

Жыхар Сенненскага раёна паскардзіўся на тое, што грамадзянам нельга зразаць кустоўе каля дарог, каб выкарыстоўваць у якасці паліва. Гэта забараняецца заканадаўствам аб ахове расліннага свету. Між іншым, у новай рэдакцыі дакумента прадугледжаны змяненні... Губернатар даручыў вывучыць тэму і асабіста будзе разглядаць адпаведную інфармацыю з раёнаў.

Былі званкі і наконт нясвоечасовай выплаты зарплаты, праблем па пытаннях ЖКГ, падзелу плошчы зямельных участкаў суседзяў...

Усе пытанні будуць на кантролі. Губернатар чарговы раз запатрабаваў ад кіраўнікоў райвыканкамаў і іх падначаленых уважліва разбірацца ў тым, што хвалюе людзей. І, калі яны не маюць рацыі, трэба аргументавана ўсё растлумачыць.

Маргарыта УШКЕВІЧ, Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Што хвалюе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».