Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя актуальныя падзеі выхадных.


1. Аляксандра Раманоўская заваявала «золата» на XXІX зімовай Універсіядзе ў Краснаярску.

Спаборніцтвы па лыжнай акрабатыцы праходзілі ў шматфункцыянальным спартыўным комплексе «Сопка». Скачок беларускі, які змяшчаў трайное сальта, суддзі ацанілі ў 100,29 бала. Сярэбраную ўзнагароду заваявала расіянка Любоў Нікіціна (91,29 ачка), «бронзу» — Жанбота Алдабергенава з Казахстана (79,38 бала).

Нагадаем, у гэтым сезоне Аляксандра стала чэмпіёнкай свету і выйграла этап Кубка свету.

Сярод беларускіх хлопцаў найлепшы вынік у Вячаслава Цімерцава — 4-е месца. На найвышэйшую прыступку п'едэстала падняўся расіянін Максім Бураў.

Нагадаем, на Сусветных студэнцкіх гульнях, якія завершацца 12 сакавіка, будзе разыграна 76 камплектаў узнагарод у 11 відах спорту. Удзел у турніры бяруць каля трох тысяч атлетаў больш чым з 50 краін свету.

2. Антон Кушнір заваяваў бронзавую ўзнагароду на заключным этапе Кубка свету па фрыстайле, які завяршыўся ў Кітаі.

У фінальнай спробе за скачок з каэфіцыентам 4,5 атлет атрымаў ад суддзяў 121,72 бала.

У спаборніцтвах сярод жанчын не было роўных Ксю Ментаа з Кітая. Беларуска Сняжана Драбянкова размясцілася на дзявятым месцы выніковага пратакола.

У выніковым заліку Кубка свету, па выніках чатырох этапаў, якія прайшлі са студзеня па сакавік у ЗША, Расіі, Беларусі і Кітаі, у мужчын перамог Ван Сінь Дзі з Кітая — 316 ачкоў. Антон Кушнір заняў трэцяе месца — 249 балаў. У жанчын выйграла залік у лыжнай акрабатыцы Ксю Ментаа (410 балаў). Найлепшая з беларусак — Аляксандра Раманоўская, якая з 143 ачкамі размясцілася на дзявятай пазіцыі.

3. Эльвіра Герман заваявала бронзавую ўзнагароду на чэмпіянаце Еўропы ў закрытых памяшканнях у бегу на 60 м з бар'ерамі.

Беларуска паказала вынік 8,00 сек. Першае месца заняла Надзін Вісэр з Нідэрландаў — 7,87 сек., а другое Сіндзі Роледэр з Германіі — 7,97 сек. Нагадаем, Эльвіра Герман з'яўляецца дзеючай чэмпіёнкай Еўропы на адкрытых стадыёнах на 100 м з бар'ерамі.

Аліна Талай у гэтым відзе праграмы не змагла выйсці ў фінал.

4. Анастасія Мірончык-Іванова стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы ў закрытых памяшканнях у скачках у даўжыню.

У фінальным этапе спаборніцтваў у Глазга спартсменка ў першай жа спробе ўстанавіла асабісты рэкорд — 6 м 93 см. Перасягнуць вынік беларускі змагла толькі сербка Івана Шпанавіч, якая ў пятай спробе скокнула 6 м 99 см. Трэцяе месца заняла ўкраінка Марына Бех-Раманчук — 6 м 84 см.

5. Футбалісты брэсцкага «Дынама» другі раз запар выйгралі Суперкубак Беларусі.

Уладальнікі Кубка краіны перайгралі на полі ФК «Мінск» чэмпіёнаў Беларусі — футбалістаў барысаўскага БАТЭ — з лікам 3:1.

За пяць хвілін да перапынку навабранец дынамаўцаў Дзяніс Лапцеў адкрыў лік. Барысаўчане кінуліся адыгрывацца і на 49-й хвіліне зарабілі пенальці, якое рэалізаваў французскі легіянер Эрвейн Мукам, — 1:1.

Неўзабаве брастаўчане зноў перахапілі ініцыятыву і на працягу пяці хвілін двойчы парадавалі сваіх балельшчыкаў. На 74-й хвіліне сербскі легіянер БАТЭ Аляксандр Філіпавіч зрэзаў мяч у свае вароты, а затым апошнюю кропку паставіў Павел Савіцкі.

6. Вікторыя Азаранка і кітаянка Сайсай Чжэн сталі пераможцамі парнага разраду турніру ў мексіканскім Акапулька.

У вырашальным матчы беларуска-кітайскі дуэт упэўнена перайграў амерыканска-мексіканскі тандэм Дэзайр Краўчык / Джуліяна Олмас — 6:1, 6:2.

Выступаючы ў адзіночным разрадзе, Вікторыя Азаранка дабралася да чвэрцьфіналу, у якім прайграла прадстаўніцы ЗША Сафіі Кенін — 4:6, 6:4, 5:7. Пасля гэтага амерыканская тэнісістка прабілася ў фінал, дзе ўступіла кітаянцы Ван Яфань, — 6:2, 3:6, 5:7.

7. Спартсмены БГК імя Мяшкова выйшлі ў плэй-оф гандбольнай Лігі чэмпіёнаў.

У заключным паядынку групавога этапу яны прымалі ў сябе дома шведскі «Крысціянстад» і атрымалі ўпэўненую перамогу з лікам 32:23.

У першай стадыі накаўт-раўнда БГК згуляе з нямецкім «Фленсбургам».

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Скачкі на п'едэстал

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Атракцыёны рыхтуюцца да лета. Што робіцца, каб каруселі былі бяспечныя

Сярэдзіна красавіка — час, калі сталічныя паркі рыхтуюцца да масавага наведвання. 

Грамадства

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?

Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. 

Эканоміка

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

На «ТІБО-2019» Белпошта паказала новыя тэхнічныя цікавінкі

Якія неўзабаве ўвойдуць у прафесійны побыт.

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!