Вы тут

Якія мэты ў мінскага карпункта Сіньхуа?


Сіньхуа — міжнароднае інфармацыйнае агенцтва, у якога больш за 180 прадстаўніцтваў па ўсім свеце. Карпункт ёсць і ў Мінску.


Хэ Пін — галоўны рэдактар агенцтва Сіньхуа

Якія мэты ў мінскага карпункта Сіньхуа? Ды ўсё проста. Аб’ектыўна і ўсебакова, як сказаў у інтэрв’ю часопісу «Беларусь.Belarus» галоўны рэдактар Сіньхуа Хэ Пін, інфармаваць свет пра розныя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.

Дарэчы, офіс кітайскага агенцтва ёсць толькі ў Мінску. Але калі нешта важнае адбываецца ў рэгіёнах Беларусі, карэспандэнт можа адправіцца на месца падзей.

— Спадар галоўны рэдактар! Раскажыце, калі ласка, пра арганізацыйную структуру Сіньхуа. Да прыкладу, колькі ў вас карпунктаў, колькі журналістаў?

— Агенцтва Сіньхуа было заснавана ў 1931 годзе ў Жуйцзіне (правінцыя Цзянсу), цяпер штаб-кватэра знаходзіцца ў Пекіне. За 88 гадоў развіцця мы стварылі глабальную сетку збору інфармацыі, выбудавалі шматмоўную, мультымедыйную і шматканальную сістэму распаўсюджвання навін і сталі сучасным інфармагенцтвам, якое аб’ядноўвае ўсе віды медыя.

Сіньхуа мае больш за 200 карпунктаў, у тым ліку 180 — па-за межамі кантынентальнага Кітая. Сем генеральных прадстаўніцтваў размешчаны ў Сянгане, Нью-Ёрку, Брусэлі, Каіры, Найробі, Маскве і Мехіка. У агенцтве працуе больш за 10 тыс. чалавек. Штодня выпускаецца больш за 7 тыс. тэкставых, фота-, аўдыё- і відэаматэрыялаў на кітайскай, англійскай, французкай, іспанскай, рускай, арабскай, партугальскай, японскай ды іншых мовах.

— Сіньхуа супрацоўнічае з беларускімі журналістамі?

— У цяперашні час асноўную рэпарцёрскую працу для Сіньхуа ў Беларусі выконваюць два акрэдытаваныя журналісты ў Мінску. Ідучы за бесперапынным развіццём кітайска-беларускага стратэгічнага партнёрства, заснаванага на міждзяржаўным даверы і ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, а таксама дзякуючы таму, што двухбаковае ўзаемадзеянне ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях» пастаянна прыносіць багаты плён, цікавасць кітайскага чытача да Беларусі мацнее. Сіньхуа цяпер актывізуе працу ў Беларусі, мы будзем пашыраць супрацоўніцтва з журналістамі агенцтва БЕЛТА, газеты «СБ. Беларусь сегодня», радыё «Беларусь», часопіса «Беларусь. Belarus» ды іншых беларускіх СМІ. Супрацоўніцтва ўключае ў сябе абмен тэкставымі, фота- і відэаматэрыяламі, адкрыццё спецыяльных рубрык на афіцыйных сайтах, прасоўванне ўзаемадзеяння ў сферы эканамічнай інфармацыі ў рамках «Адзін пояс і адзін шлях», магчымасць прапаноўваць адзін аднаму важныя інфармацыйныя матэрыялы, садзеянне кантактам паміж спецыялістамі і ўзаемную дапамогу журналістам.

— Плануеце ў будучыні супрацоўнічаць з інстытутамі Канфуцыя ў Беларусі ды іншымі падобнымі арганізацыямі?

— У студзені 1993 года Сіньхуа і агенцтва БЕЛТА падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве і абмене навінамі. У чэрвені 2018 года агенцтвы падпісалі новую падобную дамову, працягнуўшы і пашырыўшы сваё супрацоўніцтва. У верасні 2018 года Сіньхуа падпісала яшчэ два пагадненні аб супрацоўніцтве: з газетай «СБ. Беларусь сегодня» і радыё «Беларусь».

Каб умацаваць паразуменне й сяброўства паміж народамі дзвюх краін, агенцтва Сіньхуа надае вялікую ўвагу рабоце сумесных беларуска-кітайскіх прадпрыемстваў, дзейнасці Інстытутаў Канфуцыя па прасоўванні кітайскай мовы, культуры й розным мерапрыемствам Кітайскага культурнага цэнтра ў Мінску. Прадстаўніцтва Сіньхуа ў Мінску спадзяецца ўмацаваць супрацоўніцтва з інстытутамі Канфуцыя й падобнымі арганізацыямі, якасна асвятляць гуманітарныя абмены, супрацоўніцтва паміж КНР і Беларуссю.

— З якімі цяжкасцямі сутыкнулася мінскае прадстаўніцтва Сіньхуа на пачатку сваёй працы?

— Самай вялікай цяжкасцю на пачатку работы было недастаткова добрае веданне кітайскімі журналістамі сітуацыі ў Беларусі. Аднак беларусы вельмі прыязныя і гасцінныя, таму карэспандэнты заўсёды маглі разлічваць на ўсялякую дапамогу мясцовых жыхароў. Аказаў падтрымку наш даўні партнёр — агенцтва БЕЛТА, забяспечыўшы паспяховае выкананне карпунктам рэпарцёрскіх задач. Карыстаючыся выпадкам, дазвольце ад імя агенцтва Сіньхуа выказаць шчырую падзяку беларускім СМІ ды іншым арганізацыям за дапамогу й падтрымку, аказаныя мінскаму прадстаўніцтву.

— Якія навіны з Беларусі ў найбольшай ступені цікавяць Сіньхуа?

— Беларусь — член Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), а таксама важная краіна «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху». Асаблівую ўвагу Сіньхуа надае палітыцы Беларусі ў дачыненні да КНР і ўзаемадзеянню дзвюх краін, у асаблівасці сумеснаму праекту індустрыяльнага парка «Вялікі камень» і абменах, супрацоўніцтву ў эканоміцы, гандлі, культуры, адукацыі... Акрамя таго, Сіньхуа цікавіцца эканамічным развіццём Беларусі й яе адносінамі з Расіяй, ЕС, ЗША, Японіяй ды інш.

— Раскажыце, калі ласка, пра самыя цікавыя моманты работы Сіньхуа ў Беларусі ў 2018 годзе.

— Паколькі Сіньхуа — адзінае кітайскае СМІ, якое мае пастаянна акрэдытаваных журналістаў у Беларусі, найбольш выбітнымі матэрыяламі сталі эксклюзіўныя інтэрв’ю. У 2018 годзе журналістам удалося пагутарыць з беларускімі Прэм’ер-міністрам, міністрамі замежных спраў і эканомікі, першым намеснікам Міністра фінансаў (цяпер ён ужо — на пасадзе Міністра), а таксама сумесна з іншымі кітайскімі СМІ ўзяць інтэрв’ю ў старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. У гэтых матэрыялах была ўсебакова і аб’ектыўна адлюстравана гатоўнасць Беларусі да супрацоўніцтва з КНР. Інтэрв’ю з Прэм’ер-міністрам і кіраўніком Міністэрства замежных спраў выклікалі цікавасць не толькі ў беларускіх СМІ, але і ў такіх сусветна вядомых агенцтваў, як ТАСС, Інтэрфакс і «Россия сегодня».

У ліпені 2018 года ваеннаслужачыя НВАК (Народна-вызваленчая армія Кітая. — Аўт.) прынялі ўдзел у парадзе з нагоды Дня незалежнасці Беларусі. Матэрыял Сіньхуа пра гэта ў новых медыя за кароткі час атрымаў больш за мільён праглядаў, карыстальнікі адзін за адным ставілі лайкі кітайска-беларускай дружбе.

Яшчэ ў 2018-м праходзіў Год турызму Беларусі ў Кітаі. Агенцтва Сіньхуа надало ўвагу такім ключавым момантам, як прыбыццё ў Беларусь першай групы кітайскіх турыстаў пасля адмены візаў і закрыццё Года турызму, паўнавартасна інфармуючы чытачоў аб турыстычным супрацоўніцтве дзвюх краін. Вынікі былі добрымі.

Штаб-кватэра агенцтва Сіньхуа ў Пекіне

Сіньхуа яшчэ актыўна ў 2018-м асвятляла ўдзел беларускіх урадавых органаў і бізнесу ў першай Кітайскай міжнароднай імпартнай выставе. Матэрыялы на кітайскай, англійскай і рускай мовах аб’ектыўна і ўсебакова асвятлілі актыўную падрыхтоўку і ўдзел Беларусі ў мерапрыемстве, яе надзею на пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з КНР.

Ужо доўгі час агенцтва Сіньхуа піша на кітайскай і замежнай мовах пра «пярліну» «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху» — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». У 2018 годзе яму было прысвечана каля 70 матэрыялаў на англійскай і рускай мовах, якія паспяхова распаўсюдзіліся.

Неабходна таксама падкрэсліць, што інфармацыйная праца Сіньхуа ў Беларусі выклікае павышаную ўвагу адпаведных беларускіх органаў і атрымлівае ад іх усялякую падтрымку.

— Якія краіны ў найбольшай ступені цікавяцца беларускімі навінамі?

— Павышаную ўвагу навінам пра Беларусь надаюць перш за ўсё там, дзе гавораць па-руску. Акрамя Беларусі, матэрыялы Сіньхуа на рускай мове пра вашу краіну цытуюць часцей за ўсё ў Расіі, Украіне і Казахстане. Некаторыя матэрыялы Сіньхуа пра Беларусь на англійскай мове цытавалі СМІ такіх краін, як Бангладэш, Малайзія, Азербайджан, Украіна й Намібія.

— Якое ўражанне зрабіла на вас Беларусь?

— У вас вельмі прыгожая прырода, чыстае паветра, выдатны стан навакольнага асяроддзя. Беларусь — чыстая і сацыяльна стабільная краіна, яе жыхары прыязныя і гасцінныя. Беларусы вельмі паважаюць гісторыю і цэняць мір, што выклікае захапленне.

Беларусь — важная дзяржава на прасторы «Адзін пояс і адзін шлях», якая актыўна ўдзельнічае ў развіцці «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху». КНР і Беларусь пастаянна дасягаюць значных вынікаў у двухбаковым дзелавым супрацоўніцтве. Асабліва глыбока ўражвае хуткае будаўніцтва й развіццё Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», чаму сумесна спрыяюць старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Агульнымі намаганнямі абодвух бакоў лік рэзідэнтаў парка пастаянна расце, павялічваецца яго інвестыцыйная прывабнасць. «Вялікі камень» стаў «пярлінай» «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху» і дазволіў актывізаваць кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў іншых сферах. Перад намі, нібы карціна, паступова раскрываюцца выдатныя перспектывы.

Гутарыла Аліса Гюнгер

Загаловак у газеце: Інтарэс узмацняецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».