Вы тут

Так робіцца свята


Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні ў Мінску сабраў 150 спартсменаў з больш чым 30 краін


Расійская спартсменка Соф’я Самадурава заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні ў Мінску

Першымі ўзнагароды чэмпіянату Еўропы разыгралі фігурысты ў парным катанні. Фаварытамі ў гэтым відзе былі французы Ванэса Джэймс і Морган Сіпрэ, якія ў канцы мінулага года заваявалі золата ў фінале Гран-пры, а на папярэднім чэмпіянаце Еўропы сталі чацвёртымі. Іх галоўныя канкурэнты — расійская пара Яўгенія Тарасава ды Уладзімір Марозаў.

Уласна, такі расклад атрымаўся й на п’едэстале ў Мінску. Французкая спартыўная пара Ванэса Джэймс і Морган Сіпрэ заваявала залатую ўзнагароду чэмпіянату Еўропы. На другую прыступку п’едэстала падняліся расіяне Яўгенія Тарасава з Уладзімірам Марозавым. Бронзавую ўзнагароду заваявалі іх жа партнёры па камандзе: Аляксандра Бойкава ды Дзмітрый Казлоўскі.

У мужчынскім адзіночным катанні галоўным прэтэндэнтам на золата быў Хаўер Фернандэс. Іспанец планаваў завяршыць спартыўную кар’еру прыгожа: фігурыст прызнаваўся, што ў Мінску хоча заваяваць сёмае золата чэмпіянатаў Еўропы ды зраўняцца па колькасці медалёў вышэйшай пробы з расіянінам Яўгенам Плюшчанкам. І ўрэшце гэта зрабіць Хаўеру Фернандэсу ўдалося.

У жаночым адзіночным катанні на золата прэтэндавала алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Аліна Загітава. Але не склалася — у яе скарбонцы толькі серабро. Залатую ж медаль заваявала яе партнёрка па камандзе Соф’я Самадурава.

Завяршалі праграму чэмпіянату Еўропы фігурысты ў спартыўных танцах на лёдзе. Галоўныя зоркі там — французы Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізэрон — трохразовыя чэмпіёны свету, чатырохразовыя чэмпіёны Еўропы, сярэбраныя прызёры Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане. У сталіцы Беларусі гэтым спартсменам дасталося золата.

Іспанскі спартсмен Хаўер Фернандэс заваяваў залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні ў Мінску, стаўшы сяміразовым чэмпіёнам кантынентальнага форуму

Убачылі мінскія гледачы й такіх зорак фігурнага катання ў нядаўнім мінулым, як трохразовага чэмпіёна Еўропы й чэмпіёна свету француза Брыяна Жубера, чэмпіёна Еўропы Томаша Вернэра з Чэхіі, двухразовага чэмпіёна свету Стэфана Ламб’еля з Швейцарыі… Праўда, у Мінску яны былі ўжо ў якасці трэнераў.

Такім чынам, на лёдзе «Мінск-Арэны» вядучыя фігурысты з больш чым 30 краін прадставілі вельмі складаныя праграмы, поўныя вытанчанасці й грацыі. Пакуль на пляцоўцы кіпела барацьба за медалі, за яе межамі абмяркоўвалі, наколькі арганічна Мінск упісаўся ў ролю сталіцы еўрапейскага фігурнага катання.

Алімпійскі чэмпіён, чатырохразовы чэмпіён свету Аляксей Ягудзін у Мінску бывае часта. Не раз спартсмен выступаў і на лёдзе «Мінск-Арэны» з рознымі пастаноўкамі. Ён гаворыць:

— Спартсмены, з якімі размаўляў пад час чэмпіянату Еўропы, задаволеныя абсалютна ўсім, і асабліва — якасцю лёду. Наогул выдатна, што такі турнір праходзіць у Беларусі. Нават у першыя дні чэмпіянату «Мінск-Арэна» была запоўненая амаль цалкам — гэта гаворыць пра тое, што заўзятары чакалі гэтага турніру, у іх ёсць ціка­васць да фігурнага катання.

А вось алімпійская чэмпіёнка ў спартыўных танцах на лёдзе Наталля Бесцямьянава, якая прыехала на мінскі чэмпіянат Еўропы разам з мужам Ігарам Бобрыным, на «Мінск-Арэне» пабывала ўпершыню:

— Перажываю толькі станоўчыя эмоцыі! Чэмпіянат арганізаваны на вышэйшым узроўні. У сталіцу Беларусі прыехалі наймацнейшыя фігурысты — канкурэнцыя вельмі высокая.

Для многіх топавых фігурыстаў Мінск таксама стаў знакавым месцам. Напрыклад, для пераможцаў у парным катанні французаў Ванэсы Джэймс і Моргана Сіпрэ, якія сталі другой французкай парай у гісторыі, што здолела заваяваць золата на чэмпіянаце Еўропы. Спартсмены кажуць:

— Нам вельмі спадабаўся горад, пад час спаборніцтваў адчувалася вялізная падтрымка заўзятараў, а сама арганізацыя чэмпіянату Еўропы проста бездакорная! Атмасфера выдатная, і мы заваявалі ў Мінску сваё першае золата на турнірах такога ўзроўню, таму «Мінск-Арэна» і Беларусь у цэлым застануцца ў нашай памяці назаўсёды. Гледзячы на тое, як арганізаваны чэмпіянат Еўропы, складана паверыць, што фігурнае катанне ў вашай краіне толькі развіваецца. Інфраструктура выдатная: нас уразіла як галоўная лядовая пляцоўка, так і трэніровачная арэна. Хочацца яшчэ раз асобна падзякаваць мінскім заўзятарам, якія выдатна падтрымлівалі нас пад час выступаў. Ці захочам мы вярнуцца ў Мінск? Так!

У Хаўера Фернандэса нагода ўспамінаць Мінск будзе зусім іншай. Сяміразовы чэмпіён Еўропы завяршыў на гэтым сваю спартыўную кар’еру. Легендарны іспанец, які сабраў сапраўдны фан-клуб на трыбунах «Мінск-Арэны», сказаў:

— Мінск запомніцца мне тым, што чэмпіянат Еўропы, які праходзіць тут, — гэта выдатныя спаборніцтвы, а сам горад — выдатнае месца. Я ўпершыню прыехаў сюды і захоплены тым, што бачу. Цудоўныя гатэлі, цудоўныя будынкі й спартыўныя аб’екты. Яны нагадваюць мне тыя, што задзейнічаны на Алімпійскіх гульнях. Мне вельмі прыемна знаходзіцца тут, сярод лю­дзей, якія падтрымліваюць мяне.

А Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Аўстрыі ў Рэспубліцы Беларусь Алаізія Вергетэр зусім не ўтойвала, што Аўстрыя мае намер запазычыць досвед у нашай краіны ў частцы правядзення буйных спартыўных спаборніцтваў:

Французкая пара Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізэрон сталі пяціразовымі пераможцамі чэмпіянату Еўропы ў танцах на лёдзе

— Мы бачым, якая ўвага надаецца спорту ў вашай краіне, якую ціка­васць выклікае правядзенне спартыўных спаборніцтваў. Тое, як арганізаваны чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, на якім узроўні раней тут праходзілі чэмпіянат свету па хакеі ды іншыя топ-турніры, у рэшце рэшт, той факт, што Мінску даверылі правядзенне II Еўрапейскіх гульняў, даказвае: у вашай краіны ўжо назапашаны вельмі сур’ёзны досвед у гэтай сферы. Разлічваем, што ў наступным годзе ў Грацы, дзе прой­дзе чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні-2020, ажыятаж будзе не меншым. У нас, праўда, няма гэткага выдатнага спарткомплексу як «Мінск-Арэна», але мы таксама пастараемся здзівіць.

Уладзімір Міхайлаў

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?