Вы тут

Марціньш Вірсіс: У Беларусі шыкоўны турыстычны патэнцыял


Пра тое, як развіваюцца адносіны паміж Латвіяй і нашай краінай, распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Марціньш ВІРСІС.


— Ці бывалі вы ў нашай краіне да прызначэння кіраўніком дыпмісіі?

— Упершыню пабываў у Беларусі ў 1991 годзе, затым у 2010-ым. Калі параўноўваць нават з 2010 годам, бачны пазітыўныя змены ў развіцці Мінска і ўсёй краіны. Вельмі падцягнуліся абласныя цэнтры. Цяпер там не толькі фірменная беларуская чысціня, але і добрыя гатэлі, цікавыя кафэ. Адрэстаўраваныя гістарычныя цэнтры гарадоў. Засталося, каб туды прыехалі турысты, і не толькі з Латвіі, балазе, «бязвіз» спрашчае жыццё падарожнікам.

— Што можна сказаць пра аб'ёмы ўзаемных інвестыцый Беларусі і Латвіі? У якіх сферах супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца найбольш паспяхова, а ў якіх вы бачыце нявыкарыстаны патэнцыял?

— Беларусь з'яўляецца для нас чацвёртым гандлёва-эканамічным партнёрам пасля Расіі, Кітая і ЗША па-за ЕС. Па стане на пачатак лютага ў Латвіі зарэгістраваны прыкладна 1100 прадпрыемстваў з беларускім капіталам, у якіх прадстаўлены практычна ўсе галіны эканомікі. У нас працуюць прадстаўніцтва «МТЗ-сэрвіс», «Белхарчпрам», даччынае прадпрыемства «Белнафтахіма» — ТАА «Ойл Лагістык», «Беліта», «Белвест трэйд» і іншыя. Паводле агульнага рэйтынгу, Беларусь сярод замежных інвестараў займае 28-е месца. Сумарна прамыя інвестыцыі склалі 90 млн еўра.

У Беларусі зарэгістраваны 650 прадпрыемстваў з латвійскім капіталам. Сярод самых паспяховых прыкладаў назаву супрацоўніцтва паміж найбуйнейшым фармацэўтычным прадпрыемствам Латвіі ды і ўсяго Балтыйскага рэгіёну — кампаніяй Olainfarm – і гродзенскай навукова-вытворчай кампаніяй «Біятэсты». Эфектыўна супрацоўнічаюць «Белавія» і AirBaltic, Латышская і Беларуская чыгункі. Транспарт, транзіт і лагістыка — гэта сферы супрацоўніцтва, якія  гістарычна склаліся паміж нашымі краінамі.

У мінулым годзе агульны таваразварот паміж Латвіяй і Беларуссю склаў больш за 540 млн еўра. У параўнанні з 2017 годам прырост склаў каля 30%, і спадзяюся, што мы не будзем зніжаць гэтыя тэмпы.

Што тычыцца патэнцыялу, то я бачу вялікія магчымасці ў такіх галінах, як машынабудаванне, IT-сфера і турызм.

— Калі ўжо загаварылі пра турызм, колькі ў мінулым годзе Пасольства Латвіі выдала віз беларусам? Ці часта былі адмовы?

— У 2018 годзе ў Пасольстве выдалі 33125 віз, у Віцебскім консульстве — 22577. Вядома, мы не можам супернічаць з Літвой і Польшчай. Вяртаючыся з дому ў Мінск праз Вільнюс, я бачу, якая колькасць аўтамабіляў там з беларускімі нумарамі. Усё ж такі Рыга на 300 км далей ад Мінска, чым Вільнюс, і гэта адчувальная адлегласць. Да таго ж у нас адсутнічае такі сегмент, як шоп-туры. Да нас беларусы едуць у туры выхаднога дня, папулярныя марскія круізы з Рыгі, прыхільнікі спорту прыязджаюць на матчы КХЛ і ў Сігулду на санна-бабслейную трасу і, вядома, адпачынак на моры.

Адмовы ў выдачы віз бываюць адзінкавымі і толькі пры наяўнасці сур'ёзнай падставы. Ёсць сувязны афіцэр нашай памежнай службы, які цесна супрацоўнічае з беларускімі калегамі, наладжаны абмен інфармацыяй. У выпадку якіх-небудзь сумненняў падчас праверкі дакументаў, пададзеных для атрымання візы, ёсць магчымасць пераправерыць даныя.

— Наколькі актыўна беларусы купляюць нерухомасць у Латвіі?

— Людзей, якія маюць магчымасць і жаданне купляць нерухомасць, у Латвіі прыцягвае Юрмала.

— Якраз на днях стала вядома, што беларуская бізнэс-ледзі купіла там раскошны дом за 6,35 млн еўра. Але адзін час у нас віселі білборды з прапановай набыць кватэру на рыжскім узбярэжжы па цане дачы.

— Магчыма, бум на куплю нерухомасці быў, калі ў нас упалі на яе цэны. Ведаю, што ў той час прыкладна 40 кватэр у Ліепаі купілі беларусы. У горадзе вызвалілася шмат жылля пасля вываду расійскіх войскаў. Прадавалася яно нядорага, і людзі палічылі, што ім выгадна купіць кватэру побач з морам. Клімат становіцца цяплейшым, адпаведна, пляжны сезон доўжыцца ўжо больш за месяц.

— Спадар пасол, ці задаволеныя вы тым, як развіваецца супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі нашых краін?

— Лічу, што гэта адзін з самых паспяховых напрамкаў. Наша консульства ў Віцебску функцыянавала нават у 20-я-30-я гады мінулага стагоддзя. І цяпер актыўна працуе. У канцы мінулага года мы адкрылі ганаровае консульства ў Магілёве. У Латвіі і Беларусі 36 пар гарадоў-пабрацімаў, якія ўстанавілі трывалыя сяброўскія сувязі. Вялікую карысць прыносіць супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовай улады, жыхары малых гарадоў і нават вёсак уцягнутыя ў рознага роду праекты. З 1999 года дзейнічае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінгарвыканкамам і Рыжскай думай. Дабрасуседскія стасункі паміж дзяржавамі немагчымыя без добрых чалавечых кантактаў паміж жыхарамі дзвюх краін. Гэтаму спрыяе і дзеючая з 2014 года дамова аб малым памежным руху паміж Латвіяй і Беларуссю, што спрашчае перамяшчэнне жыхароў пэўных рэгіёнаў.

—  Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі пражывае каля трох тысяч латвійцаў. А колькі беларусаў жыве ў Латвіі?

— У нас адна з самых вялікіх беларускіх дыяспар — звыш 66 тысяч чалавек. Гэта людзі, якія лічаць сябе беларусамі, незалежна ад грамадзянства. Зараз у Латвіі афіцыйна пражываюць тры тысячы грамадзян Беларусі: хтосьці з іх прыехаў на працу, хтосьці вучыцца.

— Духі «Дзінтарс», рыжскі бальзам, хакейнае «Дынама», Райманд Паулс і фільмы Рыжскай кінастудыі — з гэтым асацыюецца Латвія нават у тых, хто ніколі не наведваў краіну. А для вас якія нашы брэнды — сінонімы Беларусі?

— Думаю, у кожнага свае брэнды-сінонімы. Людзі майго пакалення памятаюць «Песняроў». Я цікаўлюся гульнёй мінскага хакейнага «Дынама». Белавежская пушча, мяркую, не толькі ў латвійцаў асацыюецца з Беларуссю. У нас ведаюць пра замкі ў Нясвіжы і Міры.

Мне давялося пабываць на многіх беларускіх прадпрыемствах. Вельмі моцнае ўражанне пакінула наведванне БелАЗу, і гэты магутны аўтамабіль — таксама адзін з сімвалаў вашай краіны.

Але і маладыя прадпрыемствы, іх прадукцыя таксама заваёўваюць папулярнасць, напрыклад, «Савушкін прадукт».

— Ці цікава вам падарожнічаць па Беларусі і дзе ўжо паспелі пабываць? Можа, нейкія месцы рэкамендавалі б сваім сябрам?

— У Беларусі найбагацейшая гісторыя, а падзеі і людзі, якія нарадзіліся тут, уплывалі і на ход сусветнай гісторыі, культуры, таму ў краіны шыкоўны турыстычны патэнцыял. Рэкамендаваў бы акрамя Мінска наведаць абласныя цэнтры. У кожнага горада – свой шарм: Віцебск — гэта такі класіцызм царскага часу, зусім іншы Магілёў, і ніколькі не падобны да іх Гродна. Ды і ў малых гарадах ёсць цікавыя помнікі архітэктуры і гісторыі. Тут кожны можа знайсці тое, што яму цікава.

— Якія сувеніры з нашай краіны просяць прывезці сябры?

— Яны не просяць, я сам прывожу. Купляю вельмі сімпатычныя вырабы з саломкі, альбомы па мастацтве. Абавязкова – шакалад «Спартак». Брат часам просіць асаблівы прэзент — што-небудзь з фірмовых беларускіх настоек.

— Як бавіце вольны час?

— Люблю пешыя павольныя прагулкі. Асабліва прыемна бываць у двух выдатных парках — Чалюскінцаў і Горкага. Знаходжу час і для самаадукацыі. Маё захапленне – гэта кніжныя крамы, люблю там бываць і заўсёды раблю пакупкі. Не адмаўляючы інтэрнэт, па-ранейшаму найважнейшай крыніцай ведаў лічу кнігу. Зазіраю ў аддзелы антыкварнай кнігі ў букіністычных крамах, адзін з іх у крокавай даступнасці ад Пасольства. Наведваю канцэрты, бываю ў тэатрах — можна сказаць, вольны час баўлю гэтак жа, як і дома ў Латвіі.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Як  мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Як мастак Май Данцыг ствараў свае карціны

Наватар, «шасцідзясятнік», ваяўнічы аптыміст — гэта ўсё пра яго.

Грамадства

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Як ператварыць звычайны ўрок беларускай літаратуры ў творчую майстэрню?

Настаўнікі ўпэўнены: ці будуць вучні чытаць, у многім залежыць ад іх саміх. 

Эканоміка

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Петришенко: Называть ЕАЭС экономическим союзом сегодня можно только авансом

Однако наша страна надеется, что это временные трудности.

Грамадства

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Апублікаваны поўны тэкст Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі

Дзяржаўным органам і іншым арганізацыям даручана кіравацца палажэннямі канцэпцыі ў практычнай дзейнасці.