Вы тут

Якія парушэнні рытму сэрца небяспечныя?


«Арытмія» азначае паталогію, пры якой рытм сэрца адрозніваецца ад нармальнага, сінусовага. У выніку істотна парушаецца скарачальная актыўнасць нашага матора, што, у сваю чаргу, можа прывесці да небяспечных ускладненняў. Чаму сэрца, якое да пары да часу адбівала дакладны рытм, пачынае раптам з яго збівацца, мы распыталі ў загадчыка аддзялення Фрунзенскага раённага кардыялагічнага цэнтра г. Мінска (што на базе 31-й гарадской паліклінікі) Арыны БАСАВАЙ.


— Арына Аляксандраўна, якія асноўныя прычыны арытміі? У якім узросце можна сутыкнуцца з такімі праблемамі?

— Арытмія можа ўзнікнуць у любым узросце, нават у маладым — наш цэнтр назірае пацыентаў з 18 гадоў, праўда, асноўная доля прыпадае на пажылое насельніцтва. Яе прычыны разнастайныя. У людзей маладога ўзросту вельмі часта падставы ідэапатычная, гэта значыць іх не ўдаецца ўстанавіць, нягледзячы на тое, што абследуем гарманальны фон, сардэчна-сасудзістую і эндакрынную сістэмы, брушную поласць і іншае. У людзей сталага веку часцей за ўсё арытмія з'яўляецца ўскладненнем ішэмічнай хваробы сэрца і артэрыяльнай гіпертэнзіі. Яны займаюць першыя месцы ў этыялогіі арытмій у сярэднім і пажылым узросце.

— Якія бываюць арытміі?

— Гэта абагульняльная назва, якая ўключае шмат розных парушэнняў рытму сэрца. Арытмія — гэта паталагічны стан, які вядзе да парушэння частаты, рытмічнасці і паслядоўнасці ўзбуджэння і скарачэння сэрца. Часам рытм бывае замаруджаны — так званая брадыарытмія, калі мы выяўляем на кардыяграме рэдкае сэрцабіцце. Тахіарытмія — гэта, наадварот, паталагічна хуткі сардэчны рытм (звычайна ад 100 да 600 удараў у хвіліну), прычына якога або ў верхніх камерах сэрца (фібрыляцыя перадсэрдзя), або ў ніжніх (фібрыляцыя жалудачкаў). Дарэчы, найчасцей у нашых пацыентаў сустракаецца менавіта фібрыляцыя перадсердзя, або мігальная арытмія, як яе яшчэ называюць. Як правіла, гэта вынік і ўскладненне артэрыяльнай гіпертэнзіі. Калі сэрца б'ецца асінхронна, замірае, у пацыента ёсць адчуванне яго спынення, адпачынку, а потым наступае або ўзмоцнены выкід, або ў сваім тэмпе яно пачынае біцца зноў, гэта праяўляе сябе экстрасісталія. Яна можа быць жалудачкавай, калі пазачарговы імпульс ідзе з жалудачкаў, або суправентрыкулярная, калі ён у перадсердзі.

— Які від арытміі самы небяспечны?

— Арытмія не адносіцца да станаў, якія пагражаюць жыццю. Большая іх частка працякае дабраякасна, але, безумоўна, іх варта лячыць. Напрыклад, калі экстрасістал шмат і непакояць яны працяглы перыяд, гэта садзейнічае больш хуткаму развіццю сардэчнай недастатковасці: парушаецца кровазварот галаўнога мозга, унутраных органаў, і само сэрца на фоне частай арытміі стамляецца. Таму нельга пакідаць арытмію без увагі. Але доктар падчас абследаванняў вырашае, злаякасна ці дабраякасна яна працякае. Антыарытмічная тэрапія праводзіцца толькі па прызначэнні ўрача — тэрапеўта, кардыёлага ці арытмолага.

— Ці ёсць парушэнні рытму сэрца, якія патрабуюць неадкладнага рэагавання?

— Яны могуць развівацца на фоне вострых станаў — атручванняў (таксічных, алкагольных, лекавых), пераахаладжэнняў, павышанай тэмпературы, траўмаў, празмерных фізічных нагрузак, вострай інфекцыі (цяжкага грыпу ці пнеўманіі, напрыклад), а таксама падчас абвастрэння язвавай хваробы страўніка, панкрэатыту, падчас правядзення аперацыі, на фоне вострага ці падвострага перыяду інфаркту міякарда, пасля кардыёхірургічнага лячэння.

— Што ў такім выпадку трэба рабіць? Выклікаць хуткую дапамогу?

— Калі вы адчуваеце, што ўзнікла такая арытмія, патрэбна неадкладная хуткая медыцынская дапамога. Часта арытміі, якія пагражаюць жыццю, суправаджаюцца стратай прытомнасці, бо ў гэты перыяд галаўному мозгу не хапае кіслароду. Таму выклікаюць хуткую дапамогу тыя, хто знаходзіцца побач, часам нават патрабуецца сардэчна-лёгачная рэанімацыя.

— Ці можа арытмія працякаць бессімптомна?

— Гэта залежыць ад адаптыўнай здольнасці нашай сардэчна-сасудзістай сістэмы. Некаторыя пацыенты не адчуваюць і пару дзясяткаў тысяч экстрасістал у суткі. А ў некаторых іх усяго 30, што з'яўляецца варыянтам нормы, але пацыент скардзіцца на «камяк» у горле, галавакружэнне, пераднепрытомнасны стан, яго непакоіць дрэнны сон, начныя ці дзённыя экстрасісталы.

— Ці праўда, што пасля лячэння экстрасісталіі пацыент перыядычна ўсё роўна можа адчуваць асобныя экстрасісталы?

— Такое здараецца на фоне атручванняў, дысбактэрыёзу, дыярэй, у тым ліку выкліканых інфекцыямі і вірусамі, высокай тэмпературы, стрэсаў і недастатковага сну. Фізіялячэнне, асабліва электрафізіяпрацэдуры могуць правакаваць узнікненне парушэнняў рытму сэрца. Нярэдка пацыенты звяртаюцца пасля фізіялячэння, на фоне якога ўзнікае або гіпертанічны крыз, або пачынаюцца перабоі ў рабоце сэрца. Часта на фоне прыёму антыбіётыкаў, дыурэтыкаў, нестыроідных супрацьзапаленчых абязбольвальных прэпаратаў могуць узнікаць крызы і арытміі.

— Як сёння лечыцца арытмія? Ці ёсць спосабы яе прафілактыкі?

— Маладым людзям урачы імкнуцца па мінімуме прызначаць антыарытмічныя прэпараты. Заўсёды спачатку варта паспрабаваць скарэктаваць фактары рызыкі: ліквідаваць ці зменшыць шкодныя звычкі (курэнне, алкаголь) і стрэсавыя сітуацыі. Зразумела, што ўсе мы інтэнсіўна працуем у вялікім аб'ёме інфармацыі, і стрэсавых сітуацый складана пазбегнуць, але трэба імкнуцца да гэтага. Таксама варта пастарацца нармалізаваць сон, які ў сярэднім павінен доўжыцца сем-восем гадзін, і харчаванне. Яно мусіць быць збалансаваным, з вялікай колькасцю гародніны і фруктаў (каля 400 грамаў у
суткі), прадуктаў, якія ўтрымліваюць кальцый і магній. Трэба пазбягаць вострай і тлустай ежы, якая таксама правакуе арытмію, напояў, якія ўтрымліваюць кафеін, алкаголю і газіровак. Абавязковыя лячэбная фізкультура і фізічная нагрузка — лепш за ўсё аэробная. Гэта хада ў інтэнсіўным тэмпе: 100—110 метраў у хвіліну, станоўча ўплываюць плаванне, веласіпед. Такія віды кардыянагрузак варта выконваць як з мэтай прафілактыкі, так і для лячэння арытмій і некаторых іншых сардэчна-сасудзістых хвароб.

Калі на фоне скаргаў пацыента на арытмію мы выяўляем прыкметы сардэчнай недастатковасці, якая толькі пачынаецца ці ўжо развілася, прызначаем медыкаментозную тэрапію. Антыарытмічных прэпаратаў няшмат, вар'іраваць імі няпроста, бо кожны мае свае пабочныя дзеянні. Таму тут вельмі індывідуальны падыход.

Існуюць эфектыўныя метады хірургічнага лячэння некаторых відаў арытмій. Гэта радыёчастотнае аблацыа, калі ачаг арытміі блакуецца і пацыента яна больш не турбуе. Часта такое лячэнне дае станоўчы эфект, і хворыя, якія прымалі каля дзясятка найменняў таблетак, пераходзяць на мінімальную дазіроўку падтрымліваючых прэпаратаў.

Таксама важна паралельна лячыць спадарожныя хваробы. Абавязковая карэкцыя артэрыяльнага ціску, тут неабходна дасягаць мэтавых значэнняў, у норме павінен быць і ліпідны спектр. Гэта дасягненне мэтавых паказчыкаў агульнага халестэрыну і ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці — так званага «дрэннага» халестэрыну. У пацыентаў з высокай і вельмі высокай сардэчна-сасудзістай рызыкай ён абавязкова павінен быць у норме. І маса цела не павінна быць залішняй, яе варта зніжаць да нормы.

— Як трапіць у ваш кардыёцэнтр?

— Першапачаткова са скаргамі варта звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта, бо мы працуем па накіраванні ўчастковай службы. Пацыенты з цяжкімі парушэннямі рытму знаходзяцца ў нас на дыспансерным уліку. Урач-кардыёлаг сам вызначае, з якой перыядычнасцю яго назіраць і абследаваць.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не ў такт

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.