Вы тут

Што сімвалізуе блін?


«Неаднаразова чула ад старых людзей выраз «Першы блін комам», але так і не ведаю, які дакладна сэнс заключаны ў гэтым выслоўі», — пытаецца наша чытачка Марына з Гомеля.


Сярод беларусаў і сёння шырока бытуе гэта прыказка, сэнс якой у другой палове ХХ стагоддзя пачалі тлумачыць наступным чынам: адсутнасць вопыту прыводзіць да таго, што задуманае не ўдаецца цалкам здзейсніць. Дапускаецца і ўласна натуралістычнае тлумачэнне: наша паспешлівасць ва ўжыванні страў прыводзіць да таго, што гарачы блін «перасядае».

Аднак шматлікія абрадавыя кантэксты дазваляюць даць зусім іншую інтэрпрэтацыю зместу прыказкі. У асяроддзі беларусаў існаваў звычай: на кожнае вялікае свята ў сям'і абавязкова пяклі бліны (ячныя, пшанічныя, бульбяныя, жытнія, грэчневыя), але першы спечаны блін (у адпаведнасці з патрабаваннем этыкетна-нарматыўнага прадпісання) клалі на сподак і ставілі на покуць пад абразы або на падаконнік, таму што ён прызначаўся душам памерлых продкаў.

З лёгкай рукі некаторых этнографаў ХХ стагоддзя ў навуковых працах знайшла пашырэнне думка аб тым, што галоўная страва Масленіцы — бліны — сімвалізавала сабой абуджэнне сонца. Гэта меркаванне правільнае, але няпоўнае. Часта ў фальклорных творах бліны асацыююцца са смерцю: «Там бліны пякуць, там табе дадуць» (параўнайце рускае: «Идет Смерть по улице, несет блин на блюдце»).

Давайце ўспомнім паралель паміж пачаткам першай каляднай куцці і памінальнай суботай перад Масленкай. Першую лыжку куцці гаспадар клаў на парог або на падаконнік — дзяліўся-задобрываў галоўную прыродную стыхію зімовага часу — Мароза. Той самы алгарытм сакральна-абрадавых дзеянняў вытрымліваўся і падчас Масленічных Дзядоў. Яшчэ раніцай, калі гаспадыня выпякала першы блін, яна клала яго на сподак і ставіла на покуць пад абразы. Вечарам, калі трэба было распачынаць трапезу з нагоды ўшанавання памяці памерлых продкаў, гаспадар адносіў раніцай прыгатаваную даніну продкам на гарышча і ставіў каля дахавага акенца. На этнічных беларускіх землях яно знаходзілася на франтоне хаты, які быў скіраваны да вуліцы.

Пасля гэтага дамачадцы ціха і пачціва садзіліся за стол, прычым рассаджваліся ў адпаведнасці з правіламі стагоддзямі выпрацаванага этыкету. Мужчынская палавіна сям'і садзілася да вокнаў, жаночая — насупраць, бліжэй да печы. Маці падавала бацьку куццю, той чэрпаў тры лыжкі і перадаваў гаршчок далей. Кожны з прысутных, уключаючы дзяцей, павольна, не спяшаючыся, з падкрэсленым адчуваннем годнасці паўтараў бацькамі распачаты рытуал. Зразумела, што ўсе чакалі галоўных прысмакаў святочнай вячэры, — бліноў, якія можна было мачаць у смятану, масла, у патэльню са скваркамі. Зразумела ж, не абыходзілася без рытуальнай чаркі і працяглых успамінаў пра тых, аб кім жывая людская памяць утрымлівала ўжо напалову сапраўдныя і напалову легендарныя падзеі. Масленічныя Дзяды, як і ўсе астатнія памінальныя вечарыны, былі паказальным урокам гонару за дачыненне да апаэтызаванай у паданнях славы далёкіх прадстаўнікоў роду. У час такіх успамінаў у дзяцей фарміравалася пачуццё гістарычнай памяці, павага да сваіх каранёў, да Бацькаўшчыны. Адначасова ў іх свядомасць закладваліся традыцыі ўшанавання продкаў, ад якіх ніколі і ні пры якой умове нельга было адступіцца.

На трэці дзень «ахвяру» памерлым родзічам — той самы блін — аддавалі птушкам, каб яны пачаставаліся самі і, паляцеўшы ў вы-Рай, перадалі продкам прывітанне ад тых, хто не забыўся свайго роду.

Акрамя таго, што бліны былі абавязковай стравай памінальных сталоў, без іх не абыходзілася не адно свята (вось тут вам і сімвал сонца). Лічылася, калі на Масленіцу напячы бліноў больш за ўсіх, то ў хаце «паселіцца» шчасце. Бліны, спечаныя на Каляды, сімвалізавалі багаты ўраджай у наступным годзе. Каб у гаспадарцы былі добрыя коні, валы, каровы, авечкі і г. д., у дзень ушанавання святога Уласа гаспадыня выпякала аладкі. Бліны, якія называлі «богавымі анучамі», пяклі на Ушэсце. На Спаса пяклі блінцы з мукі новага ўраджаю і абавязкова з макам, арэхамі і яблыкамі. Бліны, якія выпякалі на Пакровы, павінны былі «запякчы» ўсе куты ад зімовай сцюжы і вятроў. Цешча частавала блінамі зяця, калі ён прыязджаў да родных жонкі на «пярэзвы» пасля вяселля.

Дбайная гаспадыня ведала: апошні спечаны блін таксама патрабаваў увагі. Лічылася, «каб заўжды хата была багата», яго трэба пакінуць на патэльні.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні аб каранях і прыстасаванасці да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для бліскучых перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі. 

Грамадства

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Жыхар Жодзіна Генадзь Пузанкевіч даехаў на веласіпедзе з Беларусі да Уладзівастока

Ён кожны дзень імкнуўся пераадольваць не менш за сто кіламетраў.