Вы тут

Як даглядаць скуру твару, якая стамілася ад зімы


Зіма і вясна аказваюцца суровым выпрабаваннем для скуры твару — абязводжаная, змучаная халадамі, яна выклікае хіба што спачуванне. Патрэсканыя вусны, новыя маршчынкі, цьмяны твар — усё гэта не можа не засмучаць. Вінаватыя мінусавыя тэмпературы з рэзкімі перападамі, кароткі светлавы дзень і нізкае пахмурнае неба ў нашых шыротах. Да таго ж у гэты час кожны арганізм адчувае сезонны недахоп вітамінаў, які найперш адбіваецца на знешнасці — скура твару і рук выглядае шурпатай, стомленай, на ёй усё дакладней праступаюць прыкметы старэння.


— У арсенале многіх жанчын маюцца жывільныя, рэгенерацыйныя, аднаўленчыя тонікі і крэмы, маскі і маскіравальныя пудры. Але сродкі дэкаратыўнай касметыкі не схаваюць нястачу вітамінаў. Таму ў рацыёне харчавання яны павінны прысутнічаць у дастатковай колькасці, — нагадвае Жанна Аляксандрава, валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Калі скура стала шурпатай, значыць вам не хапае нікацінавай кіслаты (вітаміну РР). Дадайце ў свой рацыён хлеб з мукі грубага памолу, стравы з круп і фасолі. Акрамя таго, нікацінавая кіслата ўтрымліваецца ў дражджах, яе можна прымаць у таблетках. Таксама гэты вітамін ёсць у соі, гароху, нятлустай рыбе, мясе.

Вітамін А (рэтынол) і правітамін А (карацін) неабходны для росту і развіцця ўсяго арганізма, а асабліва для скуры і слізістых. Пра іх нястачу сведчыць сухая скура, якая лушчыцца. Часам на ёй з'яўляюцца цёмныя плямы, гнайнічковая сып, вугры. Ешце ялавічную, цялячую, курыную печань, сметанковае масла, моркву, памідоры, курагу. Шмат вітаміну А ў сырым яечным жаўтку.

Правітамін А пад уплывам ферментаў ператвараецца ў арганізме ў вітамін А. Карацін знаходзіцца ў зялёнай частцы ўсіх раслін, у гародніне, ягадах і пладах ярка жоўтага ці чырвонага колеру: гарбузах, радысцы, памідорах, моркве, абрыкосах, абляпісе, шыпшыне, грыбах лісічках. Карацін засвойваецца горш, чым вітамін А. Яго варта прымаць са смятанай ці алеем, інакш ён не засвоіцца.

Вітамін Е неабходны для пругкасці скуры, ён спыняе старэнне, з'яўленне маршчын, нездарма яго называюць «вітамінам маладосці». Гэта біялагічна актыўнае рэчыва. У вялікай колькасці ён утрымліваецца ў нерафінаваным алеі, бабовых раслінах, моркве, зялёнай гародніне. Нават тым, хто прытрымліваецца дыеты, трэба ўжываць хоць бы чайную лыжку любога алею.

Вітамін Д утрымліваецца ў печані трасковых рыб, сметанковым масле, яечным жаўтку. Ён садзейнічае нармальнаму развіццю касцей і зубоў. Пры яго недахопе парушаецца засваяльнасць кальцыю. У арганізме ён утвараецца пад уплывам ультрафіялетавых промняў на скуру. Рыбін тлушч — канцэнтрат вітамінаў А і Д.

Акрамя вітамінаў нашаму арганізму не пашкодзяць і мікраэлементы. Напрыклад, недахоп цынку вядзе да хуткага старэння скуры. Без яго клеткі эпітэлію радзей абнаўляюцца. Цынку шмат у грэцкіх арэхах, курыным і індычым мясе, аўсянцы, бабовых.

Вясна — цяжкі перыяд для сухой скуры. Недахоп вітамінаў і тлустых кіслот знясільвае яе рэсурсы. І калі звяртацца да касметыкі, то варта прымяняць тыя сродкі, якія ўтрымліваюць танізуючыя кампаненты.

Сакавік — самы час для прыёму танізуючых і ўвільгатняльных ваннаў. У цёплую ваду варта дадаць некалькі кропель соку грэйпфрута ці апельсіна. Для сапраўдных касметычных гурманак — рэцэпт ванны Клеапатры: 1-1,5 літра тлустага малака на ванну, да якога можна дадаць 2—3 сталовыя лыжкі мёду. Пасля такой ванны трэба спаласнуць скуру халаднаватай вадой, і яна стане аксаміцістай і гладкай.

Тлустай скуры вясной пагражае небяспека запаленняў з-за лішкаў тлушчу. З павышэннем тэмпературы павялічваецца актыўнасць тлушчавых залоз, узмацняецца тлусты бляск, з'яўляюцца прышчыкі. Вясной трэба ўдзяліць увагу ачышчальным сродкам, а таксама тым, якія рэгулююць работу тлушчавых залоз.

Не забывайце, што сакрэт доўгай маладосці і прыгажосці твару — старанны догляд, умеранае ды разнастайнае харчаванне і здаровы лад жыцця.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».