Вы тут

Таленты Міцкевічаў


Унікальны рукапіс перакладу Евангелля на беларускую мову прадставілі ў Нацыянальнай бібліятэцы


Марыя Міцкевіч прадстаўляе рукапіс перакладу Евангелля на беларускую мову.

Гістарычная падзея. Менавіта так госці ахарактарызавалі прэзентацыю ўнікальных рукапісаў перакладу на беларускую мову чатырох першых кніг Новага Запавету — паводле Матфея, Марка, Лукі і Іаана, якая адбылася ў Дзень роднай мовы ў Музеі рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтар рукапісаў — Міхась Міцкевіч, малодшы брат Якуба Коласа, вядомы чытачам пад псеўданімам Антось Галіна.

Здаецца, чатыры просценькія сшытачкі, на зялёнай вокладцы аднаго з іх прылеплены белы кавалачак паперкі з назвай «Святое Евангелле паводле Марка»... На пажоўклых старонках каліграфічным почыркам выведзена кожная літара, некаторыя словы закрэслены па некалькі разоў, дзесьці ёсць удакладненні на палях.

— Шмат гадоў таму са Злучаных Штатаў Амерыкі я прывезла рукапісны архіў Міхася Міцкевіча, — расказвае ўнучка Якуба Коласа, пісьменніца і перакладчыца Марыя Міцкевіч. — Нашы беларускія праваслаўныя святары папрасілі мяне перадаць рукапісы ім для вывучэння. Рукапісы былі перададзеныя, я іх не бачыла больш як 15 гадоў. А ў 2017-м была выстаўка, прысвечаная Міхасю Міцкевічу з нагоды 120-годдзя, у Дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Я звярнулася ў біблейскую камісію, каб рукапісы перадалі на выстаўку, дзякуючы чаму яна выклікала шмат увагі. Пасля ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрылася выстаўка «Беларусь і Біблія», дзе таксама экспанаваліся рукапісы. Нацыянальная бібліятэка вырашыла алічбаваць гэтыя матэрыялы, каб як мага больш людзей маглі іх убачыць.

Жыццё Міхася Міцкевіча было звязана з многімі краінамі — Расіяй, Польшчай, Германіяй, ЗША, але душой ён заўсёды заставаўся з Беларуссю. Быў апекуном сабора Святога Кірылы Тураўскага. Таму для прыхаджан сваёй царквы пачаў перакладаць кнігі на беларускую мову. Галоўным яго дасягненнем сталі гэтыя чатыры сшыткі Евангелля.

— Нам цікавая ўся сям’я Міцкевічаў, вельмі таленавітая, — падкрэслівае загадчык навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анатоль Сцебурака. — Дзякуючы Марыі Міцкевіч у навукоўцаў з’явілася ўнікальная магчымасць: прачытаць Евангелле на беларускай мове, якое з’яўляецца не проста нашай спадчынай, але і вельмі важным гістарычным матэрыялам.

У хуткім часе рукапісы Міхася Міцкевіча будуць перададзены выдаўцам. І, магчыма, хутка з’явіцца факсімільнае выданне ўсіх чатырох частак Евангелля на беларускай мове. Сродкі для рэалізацыі праекта ўжо сабраныя.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.