Вы тут

Чайкі не заўжды жартуюць...


Тыя, хто звык успрымаць Анатоля Зэкава як адметнага гумарыста, не знойдуць у яго новай кнізе вершаў іскрамётных жартаў і пародый.


Тэматычна багатае выданне пад назвай «Прыгарадныя чайкі» (Мінск, «Харвест», 2018) адкрывае пісьменніка як разнапланавага паэта, тонкага лірыка, сур’ёзнага і ўдумлівага філосафасузіральніка. Споведзь перад уласным «я», запозненае шкадаванне аб часе, што нельга вярнуць, крызіс перажывання ўсведамлення незваротнасці гадоў, глыбінны разлад з сабой, адчуванне цяжару мінулага — асноўныя матывы, на якія спявае душа паэта. У выданне ўвайшлі творы не толькі апошняга часу, але і гадоў маладосці. Адметная рыса, уласцівая найбольш вершам новага тысячагоддзя, — панаванне мінорнага настрою. Чаму так? Відаць, рэальнасць не адпавядае марам і спадзяванням, якімі заўжды жыве паэт. Ён сам адказвае на пытанне:

Чаму не рады?

Ды, відаць, —

з днём кожным разумею болей —

мне вольным не ўдаецца стаць...

(2010)

Што маецца на ўвазе пад азначэннем «воля»? У кожнага паэта сваё разуменне паняццяў воля — няволя, у Анатоля Зэкава гэта найперш — разняволенасць душы, унутранага «я». А гэта магчыма адно тады, калі ты ў асяроддзі блізкіх па духу сяброў, аднадумцаў, якія цябе заўжды зразумеюць і падтрымаюць. Але лёс паэта ва ўсе часы — быць воінам, «адным у полі»… Праўда, нягледзячы на гэта «адзіноцтва», адказнасці ў яго несувымяральна больш: не толькі за сябе і сваю сям’ю ў вузкім літаральным сэнсе, але ў чымсьці і за сваё пакаленне, лёс свайго народа, яго мінулае і будучыню. Можа, таму так і гняце творцу адчуванне незваротнасці часу…

Ды хоць мінулага не ўваскрасіць, жыццё не перайграць, але гісторыя, паводле адной з тэорый, развіваецца па спіралі — гэта значыць, на кожным з яе віткоў чалавецтва сутыкаецца з аднымі і тымі ж праблемамі, толькі на розных узроўнях. Паэт жа як злучальнае звяно паміж віткамі спіралі: дзякуючы яму мінулае і сучаснае збіраецца ў адно. Таму яно не знікае, не перастае «крывавіць» (верш «Курапаты»):

…стогн прашчэміцца адтуль,

дзе палеглі ў дол ззалелы

ад сваіх айчынных куль

людзі мірныя — як дзеці,

вінаватыя мо ў тым,

што жылі тады на свеце,

а не ў іншыя гады

Алегарычным, надзвычай вобразным, іншасказальным уяўляецца верш «Забытыя крыжы», дзе творца нібы выказвае сваё паэтычнае крэда:

…Гарэць нам свечкамі ў журбе ля вас.

Лірычны герой нібы трапіў на забытыя могілкі і, ходзячы між крыжоў, абураецца, што на іх няма надпісаў. Але адчувае ў тым і сваю віну… Могілкі бачацца алегорыяй бяспамяцтва…

Нягледзячы на мінорны лад, адчайна-тужлівы настрой, раз за разам дзівішся яскравым метафарам і яркім нечаканым арыгінальным вобразам, што як брыльянцінкі расы рассыпаныя ў паэтычным полі: «ці то ваду люструюць зоры, / ці то вада люструе іх, /…дзе шчупакі, як метэоры, / наводзяць жах у трыснягах. / дзе праплываюць аблачынай / над паплавамі бацяны», «Хвалі ліжуць бераг шэры, / як марожанае дзеці. / То ж забеглі на вячэру, / каб усмак пяску паесці», «…і доўжыцца век хат на свеце, / што цесна звязаны платамі». У вершы «Ода хуткасці» знаходзім трапнае параўнанне: імклівасць чалавечага жыцця і быстрыня, з якой мінае час у існаванні чалавека — бы ліхач-матацыкліст, які на шалёнай хуткасці са свістам імчыць па аўтастрадзе: «…не зразумець, як ні круці: / ці гэта час ляціць на нас, / ці, можа, мы на час ляцім?» У адным з самых маляўнічых і прачулых вершаў, які даў назву зборніку, чайкі па-мастацку параўноўваюцца з рамонкамі: «О бель рамонкаў, / чаек смелых! / Балюча слепіць вочы бель. / І выплывае горад белы, / нібыта белы карабель». А ў вершы «У дэльфінарыі» аўтар арыгінальны з зусім нечаканага боку: у лёсе дрэсіраваных дэльфінаў, на прадстаўленне якіх прыйшлі падзівіцца гледачы, убачыў падабенства са сваім, бо адчувае сябе ў чымсьці як тыя марскія волаты-нявольнікі: «Я таксама тым жа грэшны: / мару жыць па-іншаму, аднак / ад абставін так залежны, / што жыву зусім не так».

Скразная тэма, якая не адпускае ўвагу аўтара, — стасункі з мінулым, пражытым. А таксама і з цяперашнім. Яна дамінуе ў многіх вершах (уключаючы і працытаваны вышэй), часам выказаная аднымі і тымі ж словамі і выразамі: «Жыць не магу — як хочацца, / а як магу — так не хачу». Узнікае ўражанне, што аўтар, шукаючы нешта для яго істотнае, ходзіць па коле, па сваіх жа слядах. А прадмет пошукаў дзесьці зусім не тут, і ў пэўны момант натхненне вуснамі лірычнага героя прамаўляе, нібы ўзлаваўшыся: «Як жыць? Як жыць? / Ды кіньце ж ныць — / І стане свет і любы, й мілы»…

У зборніку багата вершаў, пачатак якіх дае падставы чакаць нейкага гумарнога працягу, у чымсьці адметнага сюжэтнага зместу, а ў выніку чытач атрымлівае... той жа мінорны настрой. Што можна ўявіць, прачытаўшы першую страфу наступнага верша?

Днём сягонняшнім жывём,

думаем пра заўтра,

а былое за вуглом

косіць вочы ўпарта.

Напрыклад, карцінку: лірычны герой, заклапочаны справамі, дзелавіта ідзе па горадзе з дыпламатам, а былое ў вобразе пакінутай каханкі высочвае яго з-за рога будынка, касавурачы вочы, з намерам паквітацца за ўсе мінулыя крыўды. Але сапраўдны фінал іншы — агульныя разважанні аб тым, што нельга паўтарыць пражытае.

А вось першыя паўстрафы верш пад назвай «Бальнічнае»:

 Халат медсястры —

нібы вэлюм вясельны.

Штосьці шпрыц у руцэ непрывычна дрыжыць.

Параўнанне вопраткі з вясельным атрыбутам можа сведчыць аб пэўным кірунку думак і пачуццяў лірычнага героя: ён бачыць прыгажосць маладой жанчыны, адчувае яе нясмеласць і сарамлівасць і... Гэта настройвае на меладраматычны сюжэт з элементамі іроніі, але ў выніку чытач ізноў расчараваны, бо — ніякіх дзеянняў з боку лірычнага героя — мінорны настрой так яго і не пакінуў...

Далей ізноў журба... Няма ад яе ніякага ратунку! Пачатак верша, напісанага ў форме звароту да вобразу гэтага душэўнага стану, прадказвае нейкія рашучыя дзеянні з боку лірычнага героя:

Скажы, журба-абжора,

 куды цябе адвесці?

Мяне ты ела ўчора

і сёння хочаш есці.

Але — не: толькі слёзныя ўгаворы, што паўтараюцца на ўсе лады.

Зрэшты, можа, гэта праблема чытача, які звык да пэўнага амплуа свайго аўтара, а не аўтара, які мае поўнае права зняць убор вясёлага жартаўніка і апрануць нейкі іншы? Адзін з найвыдатнейшых гумарыстаў свайго часу, Міхаіл Зошчанка, у паўсядзённым жыцці таксама быў вельмі змрочным чалавекам...

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».