Вы тут

Літаратура: нясумны маршрут


У якасці экскурсаводаў — настаўнікі

Што ёсць сучасная беларуская літаратура ў школе? Праграма акрэслівае яе як перыяд з 1965 па 1991 гг. Што пасля? Адказы толькі ў дадатковым чытанні, на якое не заўсёды ў вучня, тым больш у выпускніка, знойдзецца час. Але настаўнікі аддаюць свае сілы, імкнучыся зацікавіць дзяцей нават тымі творамі, што часам сталі такімі далёкімі ад светаўспрымання сучаснага школьніка, хоць праграма рэгулярна змяняецца. Новымі формамі, цікавымі ўрокамі, нестандартнымі падыходамі настаўнікі змагаюцца за ўвагу да нацыянальнай літаратуры.


Таццяна Зямлянік, Марта Багдановіч, Таццяна Кандрашова. Фота Кастуся Дробава

Правесці ўрок нефармальна, уцягнуць вучняў у створаны пісьмннікамі свет могуць пераможцы конкурсу газеты «ЛіМ» «Урокі сучаснасці» за 2018 год. Падчас узнагароджання яны падзяліліся досведам і думкамі наконт класічнай і сучаснай літаратуры ў школьнай праграме.

Таццяна КАНДРАШОВА, настаўніца СШ № 178 г. Мінска імя Т. А. Лук’яновіча, атрымала першую прэмію за метадычную распрацоўку ўрока «Мінск: нясумны маршрут», праз які паказала гісторыю горада, здолела злучыць творы з гісторыі літаратуры з сучаснымі:

— З дзецьмі я заўсёды размаўляю на беларускай мове, у тым ліку і на перапынках. Спачатку на гэта не звярталі ўвагі. Спатрэбіўся час, каб яны прызвычаіліся і размаўлялі на беларускай мове хоць бы са мной. Бясспрэчна, існуе праблема чытання (больш правільна «нечытання»). Наша галоўная задача — зацікавіць. Я выкладаю ў старэйшых класах, і вывучэнне літаратуры — гэта яшчэ і вялікі аб’ём, і вялікія нагрузкі: раманы, аповесці… Таму мы вырашылі праходзіць творчасць пісьменнікаў праз літаратурныя мясціны Мінска. Зімой гэта не вельмі зручна, бо экскурсія пешая і займае каля 2,5 гадзіны. Але ладзім яе дастаткова часта, вадзілі нават замежных гасцей. Падключыліся бацькі.

Настаўнікі даўно заўважылі: пасля восьмага класа тэмы не адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю. Вядома, дзеці чытаюць гэтыя творы, але не хапае разнапланавасці. Добра, што ёсць урокі дадатковага чытання — дзеці бачаць нейкае адыходжанне ад стандартнай праграмы, і іх гэта вабіць. Мы нават самастойна зрабілі кішэнную кніжачку QR-кодаў, таму ў іх заўсёды ёсць з сабой творы беларускай літаратуры. Перад гэтым мы правялі анкетаванне: 74 % вучняў чытаюць у электронным варыянце. Дзецям больш за ўсё падабаюцца Караткевіч і Быкаў. Шкада, што з праграмы выключылі «Родных дзяцей» Ніла Гілевіча — адзіны ў беларускай літаратуры раман у вершах. Такі зразумелы і шматаспектны! Тыя ж «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя прыбралі. Усё гэта не заменена, а наўпрост скарочана.

Часам цяжка дабіцца выніку разумення твора. Але самае цяжкае для дзяцей — вывучэнне біяграфіі пісьменніка. Але выхады заўсёды ёсць. Мы зрабілі фотаальбом пра Якуба Коласа «Беражліва гартаючы старонкі», па якім самі дзеці прасочваюць жыццё пісьменніка і ўзнаўляюць біяграфію. Другім стаў альбом пра Максіма Багдановіча, плануем па Пімену Панчанку. Нестандартныя ўрокі заўсёды больш запамінальныя. Ды і хатняе заданне не павінна выглядаць як сухія адказы на пытанні пасля артыкула ці пераказы тэкстаў. Я за творчую працу. Стварэнне вучнямі буктрэйлера, відэафільма пра біяграфію пісьменніка з цытатамі, фрагментамі твораў, прагляд кінастужак, выкарыстанне інтэрактыўных літаратурных карт, крыжаванак, рэбусаў, наведванне Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ці любога тэатра робяць урокі непаўторнымі.

Таццяна ЗЯМЛЯНІК, настаўніца СШ № 2 г. Турава, атрымала трэцюю прэмію за ўрок па казцы Анатоля Бутэвіча «Прыгоды вірус@ Шкодзі». Мама траіх дзетак ведае, што ў наш час вабіць малых:

— Часам дзеці не хочуць чытаць ні па-беларуску, ні па-руску. Але ёсць творы, цікавыя заўжды. Напрыклад, «Насцечка» Кузьмы Чорнага. Звязана гэта хутчэй за ўсё з актуальнасцю: гэта іх жыццё. Твор напісаны даўно, а праблемы тыя ж: узаемаадносіны дзяцей, адносіны дзяцей і бацькоў. А пейзажныя вершы ці больш інтэлектуальную паэзію і прозу чытаюць без імпэту. На жаль, лексіка Купалы і Коласа для школьнікаў ужо незразумелая. Ім нават «Зімой» Багдановіча становіцца цяжка вучыць. Магчыма, у школьнай праграме не хапае сучасных твораў. Мы спрабавалі чытаць дадаткова твор Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма», дзецям ён падабаецца. Але існуе праблема з кнігамі: знайсці сучаснае выданне ў бібліятэцы не так лёгка.

Я б не пагадзілася, што нестандартныя формы ўрока заўсёды патрэбныя. Самае галоўнае — цікавы матэрыял. Напрыклад, апошнія гады вялікую цікавасць выклікае твор Яўгена Хвалея «Прынцэса з тусоўкі». Але ж і біяграфіяй можна зацікавіць. У нас існуе форма работы: знайсці 10 цікавых фактаў пра аўтара. І дзеці, дзякуючы інтэрнэту, самі знаходзяць цікавыя звесткі пра пісьменніка. Як бы ні ставіліся да гаджэтаў, як бы нехта іх не адмаўляў, нам ад гэтага нікуды не дзецца. Ніхто з нас ад іх не адмовіцца, як і ад пральнай машыны, бо найперш гэта зручна. Гаджэты — сённяшнія цацкі для дзяцей, яны заўсёды пазнаюць свет праз нейкія цацкі, і забраць мы іх не можам. Таму медыяадукацыя важная, але тэма не вельмі шырока разглядаецца. У нас у школе ўвогуле мабільнікі забароненыя, а QR-коды ёсць. Прапаноўваецца сучасныя прылады выкарыстоўваць дома, але ж трэба спачатку навучыць карыстацца імі з карысцю.

Пытанне беларускай мовы таксама стаіць востра ў дачыненні нават да вясковых дзяцей. Тое ж цэнтралізаванае тэсціраванне яны больш схільныя здаваць на рускай мове. Калі б у школе здаваліся экзамены па літаратуры, вучні ставіліся б да яе больш сур’ёзна. Зараз яны не адчуваюць адказнасці. Магчыма, трэба ўвесці нейкія літаратурныя заданні ў тэксты. Тут вялікае значэнне мае ўласны прыклад настаўніка.

Такім прыкладам для сваіх вучняў з’яўляецца Марта БАГДАНОВІЧ, настаўніца СШ № 3 г. Ашмяны, якая атрымала другую прэмію за ўрок «Незвычайныя формы ў сучаснай беларускай літаратуры». Маладая настаўніца прапанавала метадычную распрацоўку ўрока па сучаснай паэзіі, якую выкладаць дзецям наогул вельмі складана. Але адметна тое, што сярод паэтычных прыкладаў, прапанаваных дзецям, былі і яе ўласныя вершы. Марта лічыць:

— На жаль, у дзяцей існуе меркаванне, што беларуская літаратура ўся аднолькавая. Часта яны ўспрымаюць усё дастатакова літаральна ды і ўвогуле здатныя сказіць ідэю, якую хацеў данесці аўтар. Творы павінны быць у першую чаргу зразумелыя і несці агульныя гуманістычныя каштоўнасці, бо свет становіцца больш жорсткі. Калі нешта адыходзіць ад іх разумення, яны ад гэтага адмаўляюцца. Але мы, настаўнікі, імкнёмся зацікавіць вучняў не толькі класікай, але і сучаснымі творамі. Часта класіку, асабліва класічную паэзію, увогуле не разумеюць. Што дасць вучню прачытанне незразумелага твора? Настаўнік на ўроку толькі і будзе займацца яго тлумачэннем. Напрыклад, было б добра больш часу выдзеліць на творчасць Андрэя Федарэнкі: ён піша проста і зразумела. Што б вучань ні прачытаў, галоўная мэта — каб у яго душы знайшоўся на гэта нейкі водгук. А сучасная літаратура — гэта пошукі, новыя формы. Я таксама эксперыментую: выйшаў мой зборнік, куды ўключаны акравершы, рэверсы… І дзецям яны цікавыя. Мае вучні спрабуюць ствараць вершы самі. Я імкнуся пазбягаць сухога выкладання — разам мы нават робім спробы нешта пакласці на музыку, спяваць пад гітару. У мяне ёсць суполка «УКантакце»: дзеці заходзяць чытаць мае вершы, каментуюць, абмяркоўваюць, шукаюць у творах сябе і сяброў… Ды і самастойна чытаюць больш замежную літаратуру. Тут ужо шмат залежыць ад настаўніка. Мы ж і самі памятаем тых настаўнікаў, якія далі нешта большае за выкладанне школьнай праграмы.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Ад рэдакцыі: З распрацоўкамі ўрокаў, што паступалі на конкурс, мы знаёмілі на працягу 2018-га і ўжо ў новым годзе. Паколькі распрацоўка Марты Багдановіч паступіла літаральна перад новым годам, мы разглядалі яе ў конкурсе, але надрукуем на старонках газеты ўжо пасля ўзнагароджання.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».