Вы тут

«На скрыжаванні сэрцаў і дарог…»


На словы паэта Міколы Шабовіча беларускімі кампазітарамі напісана ўжо каля 200 песень. Некаторыя з іх прагучалі падчас яго творчай імпрэзы ў бібліятэцы № 20 г. Мінска. Лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» Мікола Шабовіч, які адзначыў сёлета 60-гадовы юбілей, чытаў паэтычныя творы пра радзіму («Роднай вёсцы Бадзені», «Ападаюць з бяроз лісты…», «Так хочацца быць патрэбным…») і пра каханне («Ёсць два словы…», «Як на цябе, я, мабыць, не глядзеў...» і інш.). Паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхась Башлакоў як вядучы вечарыны адзначыў сярод тэм паэзіі М. Шабовіча грамадзянскую лірыку. Шмат радкоў Мікола Віктаравіч прысвяціў сваёй роднай вёсцы Бадзені, што на Мядзельшчыне.


Адтуль і крыніцы яго любові да таго, што злучана з радзімай: Мікола Шабовіч шмат гадоў выкладае родную мову ў БДПУ імя Максіма Танка. Ён — дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі, кандыдат філалагічных навук, аўтар слоў гімна педагагічнага ўніверсітэта. Вось ужо 40 гадоў з’яўляецца кіраўніком універсітэцкага літаратурнага аб’яднання «Крокі». Акрамя таго, Мікола Віктаравіч — старшыня секцыі сатыры і гумару Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы перакладчык. Гэтым вечарам вершы Міколы Віктаравіча гучалі таксама ў выкананні яго калег ды вучняў.

Але аказалася, што Мікола Шабовіч, нават не ведаючы нот, складае музыку. Гэта засведчыў яго вучань і сябар, паэт і кампазітар Дзмітрый Пятровіч, які прачытаў верш, прысвечаны юбіляру, выканаў некалькі рамансаў — «Лістапад» (словы Т. Лейкі), «Нікнуць свечкі на каміне…» (словы В. Норынай) — у перакладзе з рускай мовы Міколы Шабовіча, а таксама песню «Чароўная жанчына» (словы і музыка М. Шабовіча).

На вечарыне прагучалі песні на яго словы ў выкананні кампазітараў і спевакоў Людмілы Воранавай, Аляксандра Страцэўскага, Віктара Мяцельскага, які выканаў таксама песні на словы Міхася Башлакова і Валянціны Паліканінай (яна прачытала некалькі сваіх перакладаў вершаў героя свята). Далучыўся вядомы паэт і перакладчык Андрэй Цяўлоўскі. Нікога з гледачоў не пакінула абыякавым выступленне пісьменніка-гумарыста Васіля Найдзіна. Дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне — з родным словам і сярод сяброў:

У скрушны час марозна-вечаровы

На скрыжаванні сэрцаў і дарог

Давай казаць адно кахання словы —

Хай чуе Бог і не карае Бог.

Яраслаў ВАЛЫНЕЦ

Фота Васіля КУЛІКОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.