Вы тут

Яўген Колчаў: Гэтыя здымкі — мая асабістая гісторыя


Мастак і скульптар Яўген Колчаў умее абудзіць унутры ноткі ўспамінаў, глыбокія перажыванні. Яго здымкі і скульптурныя кампазіцыі кранулі не адно сэрца. Сёлета творцу споўніцца 60 гадоў. Юбілейны год стаў нагодай для арганізацыі маштабнай фотавыстаўкі «45+1» у Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі.


На здымках творцы — культурная эліта Беларусі: слова кагосьці ўжо адгучала ў гісторыі краіны, хтосьці і сёння актыўна займаецца развіццём і папулярызацыяй нацыянальнай культуры. Так, сярод экспанатаў можна ўбачыць партрэты мастака Мая Данцыга, мастацтвазнаўца Барыса Крэпака, графіка Льва Алімава, мастака Уладзіміра Кожуха, дызайнера Руслана Найдзена і іншых.

— Было не так проста адабраць фатаграфіі для выстаўкі, яны вельмі розныя па памеры. Але ўсіх герояў, прадстаўленых на фотаздымках, аб’ядноўвае тое, што яны звязаны з творчасцю: пісьменнікі, мастакі, артысты балета. Выстаўка, як ні дзіўна, цікавая ў першую чаргу для мяне: вельмі рэдка тыя, хто займаюцца фатаграфіяй і робяць яе сваімі рукамі, могуць убачыць работу ў цвёрдым адбітку. Яна мае зусім іншую якасць, чым фатаграфія, якую мы бачым з экрана манітора. Мне пашанцавала: у свой час на шматлікіх выстаўках, з’ездах Саюза мастакоў я змог сфатаграфаваць многіх вядомых людзей, якіх сёння, на жаль, няма. Гэтыя здымкі нават больш мая асабістая гісторыя. Я люблю фатаграфаваць, для мяне гэта эмацыянальны працэс. Калі я бачу цікавы персанаж, мне хочацца яго захаваць у кадры, таму што заўтра магу не сустрэць такога цікавага чалавека.

Уважлівы і пільны погляд Яўгена Колчава беспамылкова ўлаўлівае і перадае характэрны і ўдумлівы погляд мадэлі. Назіральнасць — рыса, уласцівая многім мастакам, у дадзеным выпадку знайшла праяву ў фатаграфіі, якая дазваляе хутка зафіксаваць дакладнае трапленне ў вобраз, што для скульптара немагчыма.

— Фатаграфія для мяне — адзін з раўнацэнных напрамкаў у выяўленчым мастацтве разам з графікай, жывапісам і скульптурай, — дзеліцца Яўген Колчаў. — У мяне няма супярэчнасці. Часта людзі здзіўляюцца: «Як жа ты займаешся фатаграфіяй? Ты ж скульптар!». Я ж, наадварот, лічу: любы з мастакоў, які атрымаў хоць бы пачатковую мастацкую адукацыю, больш свядома разумее кампазіцыю і яе элементарныя правілы, можа адчуць колер, светлавыя ўзаемаадносіны. Гэта значыць, базавыя рэчы здымка яму больш зразумелыя і даступныя. Фатаграфія — сучасны сегмент, які дазваляе рабіць хутка, а тым больш лічбавая фатаграфія, якая імгненная. Яна тым і добрая, што дазваляе навучацца разуменню сваіх памылак, дапамагае аналізаваць крокі нават не да поспеху, а да ўсведамлення таго, што такое добрая фатаграфія. Таму фотаапарат для мяне — адзін з інструментаў выяўленчага мастацтва.

Стылістыка фотамастацтва Яўгена Колчава дастаткова пазнавальная за кошт ракурсаў і каларыстычных прыёмаў.

— Я даволі карэктна стараюся карыстацца магчымасцямі фоташопу для таго, каб прыбраць з кадра нешта лішняе. Вось, напрыклад, як у жывапісе акварэльным альбо жывапісе традыцыйным, японскім ці кітайскім, прысутнічае элемент выпадковасці: як зайграе фарба, як пацячэ туш, як яна ляжа на паперы, вільготная папера ці сухая. Тут зноў жа элемент выпадковасці прысутнічае і падчас здымкі, і пры апрацоўцы фатаграфіі. Я часам сам не разумею, як гэта выходзіць. Для мяне ў гэтым ёсць нейкая прыгажосць: элемент выпадковасці надае фатаграфіі адчуванне пэўнай свежасці і незавершанасці.

Яўген Колчаў шмат гадоў працаваў у рэстаўрацыйных майстэрнях Польшчы (з 1992 па 2000-я гады), дзе ўдзельнічаў у аднаўленні складаных архітэктурных і скульптурных элементаў гатычнага стылю і архітэктуры барока. У цяперашні час мастак выкладае скульптуру ў межах аўтарскіх курсаў у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура. У 2017 годзе Яўген Колчаў стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва (за фотапартрэт Мая Данцыга). Манументальныя творы, створаныя скульптарам у суаўтарстве і творчых саюзах, упрыгожваюць вуліцы беларускіх гарадоў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.