Вы тут

Адолець цемру: што дапамагала выжыць Аляксандру Чыжэўскаму?


Ён нарадзіўся ў колішняй Гродзенскай губерні, але ўвайшоў у гісторыю як выдатны вучоны біяфізік. Насамрэч Аляксандр Чыжэўскі быў фізікам з разраду лірыкаў. Адукаваны і творчы чалавек, якога цікавіла ўсё: ад археалогіі і гісторыі да таямніц сіл прыроды. Ён умеў маляваць і пісаў вершы, цікавіўся фізікай і сказаў сваё слова для развіцця медыцыны, умеў злучыць і вывесці суадносіны паміж рэчамі, якія здаваліся далёкімі. Летуценнік, відаць, здольнасць да вобразнага мыслення і смеласць уяўлення дазволілі яму зрабіць адкрыцці, якія змянілі разуменне пра свет. І разуменне пра фантастычную сутнасць святла.


Можна думаць і разважаць пра тое, што як асоба ён рэалізаваўся не там, дзе нарадзіўся. Але… нездарма ж нашы продкі спаконвеку аддавалі пашану сонцу (што адлюстравана ў святах народнай культуры). Аляксандр Чыжэўскі з дзяцінства стаяў на гэтай зямлі і ўглядаўся ў неба. А пасля ён у сваёй доктарскай дысертацыі разглядаў уплыў сонечнай актыўнасці на ход сусветнага гістарычнага працэсу і нават на адчуванне асобнага чалавека.

Раскрыць асобу выдатнага вучонага (а кагосьці, можа быць, і пазнаёміць з вынаходнікам дзіўнай светлавой лямпы, якую называюць у яго гонар) узяліся стваральнікі дакументальнага фільма «Аляксандр Чыжэўскі. Палонены сонцам», што папоўніў калекцыю праекта «100 імёнаў Беларусі» (вытворчасць Майстэрні Уладзіміра Бокуна).

Фільм, прэм’ера якога адбылася ў Доме Масквы, узнаўляе старонкі біяграфіі чалавека, які сам напісаў адмову, калі яго прапанавалі вылучыць на Нобелеўскую прэмію (яшчэ да вайны): ён жа быў савецкім грамадзянінам і ведаў, якая абстаноўка ў свеце, чым яму можа пагражаць увага замежнікаў. Але каб зразумець, як гартаваўся характар вучонага і нараджаліся неверагодныя ідэі, здымачная група (на чале з рэжысёрам Тарасам Вашчанкам) прайшла па слядах свайго героя, паспрабавала аднавіць старонкі дзяцінства і ўгледзецца ў самыя драматычныя моманты біяграфіі. Гэта дазваляе зрабіць праект, у якім дакументальны расповед сумяшчаецца са сцэнамі, адноўленымі артыстамі паводле сцэнарыя (Аляксандра Чыжэўскага ў розныя гады іграюць Ігар Дзянісаў, Ігар Пятроў, Павел Усцінаў).

Калі героямі дакументальнай карціны з’яўляюцца рэальныя асобы, то дадатковыя эмацыянальныя сродкі дапамагаюць прачуць іх па-чалавечы і нейкія падзеі мысленна перанесці на сябе і наш час. Таму што ў Чыжэўскага, здавалася, было для поспеху ўсё: талент і веды, інтуіцыя навукоўца і сусветнае прызнанне. Але ўсё гэта не ўратавала яго ад зайздрасці, страты працы, зняволення. А ці шмат вучоных у наш час настолькі ж аддана будуць служыць чалавецтву, каб нават, будучы рэпрэсаваным, у легерных умовах шукаць магчымасць быць карысным іншым? А ён знайшоў: калі няма чаго даследаваць, то застаецца вывучаць сябе. Так ён даказаў, што чалавечая кроў — стройная сістэма, звязаная матэматычнымі заканамернасцямі…

Каб зразумець, праз што давялося прайсці аўтару розных адкрыццяў і вершаў (якія таксама гавораць пра сутнасць Сусвету), варта глядзець фільм, які на рэальным прыкладзе паказвае, наколькі моцным можа быць чалавек, які ўсяго толькі не жадае сядзець склаўшы рукі ні ў якіх абставінах, не жадае бяздумна пазіраць навокал і шчыра верыць у святло розуму.

Колькі герояў для годнага вялікага кіно! …

І ў нашай культуры ўсё ж дагэтуль працягваюць шанаваць Сонца.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.