Вы тут

На гару, вітаць «Чырачку»


Нашы продкі верылі: каб вясна прыйшла, абавязкова трэба яе паклікаць. Змайстраваць птушак з паперы ці выпечы іх з цеста, прычапіць фігуркі да галінак, узняцца ўсім разам на самую высокую ў мясцовасці гару, распаліць вогнішча, смажыць на ім хлеб, сала, яйкі і спяваць, танцаваць, вітаць сонца, а разам з ім — абуджэнне прыроды пасля зімовага сну…


Свята гукання вясны ў кожным з рэгіёнаў краіны, натуральна, мае свае адметнасці, але згаданыя рысы ў той ці іншай колькасці і камбінацыі прысутнічаюць, бадай, у кожным з іх. Але не ў Тонежы. Тут, у знакамітай вёсцы Лельчыцкага раёна, што многія дзесяцігоддзі з’яўляецца аб’ектам пільнай увагі даследчыкаў традыцыйнай культуры, у апошні дзень перад пачаткам Велікоднага посту традыцыйна ладзяць унікальны абрад «Чырачка». Ён унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Паводле календара, дзень, калі ладзяць «Чырачку», супадае з апошнім днём масленічнага тыдня — самага вясёлага перад пачаткам самага строгага посту. Таму і нядзіўна, што ўся вясковая грамада імкнецца павесяліцца ўволю, каб атрымаць запас радасці на наступныя некалькі тыдняў.

Колькі гадоў таму аўтарка гэтых радкоў мела ўнікальную магчымасць стаць удзельніцай «Чырачкі». І сёння гэтае яскравае дзейства прыгадваецца ў самых маляўнічых фарбах. Як гэта заведзена на любым народным свяце, далучыцца да агульнай весялосці тут можа кожны: жанчыны з радасцю пазычаць каляровую ваўняную хустку, якая засцеражэ ад холаду. Яшчэ адзін знак, што аб’ядноўвае ўсіх падчас абраду, — самі чырачкі. Іх не шкадуюць для гасцей, адна перад адной жанчыны адорваюць птушачкамі. Дарэчы, у кожнай гаспадыні — свой рэцэпт гэтага вясновага пячэння. Нехта замешвае цеста на сыроватцы, а нехта — на малацэ. Цеста раскачваецца, і з яго нажом выразаюцца чырачкі, якія па форме павінны нагадваць птушак. Нават вочкі часам робяць з сухіх чарніц. Чырачак кладуць у кошыкі: калі некага сустрэнуць па дарозе да месца святкавання — таго і частуюць. Нехта пячэнне з’ядае адразу, а нехта захоўвае на акенцы цэлы год — да наступнага гукання вясны.

Ёсць у Тонежы такая прыкмета: чым больш падчас свята назбіраеш «чырачак» — адмысловага пячэння ў форме птушкі, тым шчаслівейшым і багацейшым будзе год. І гэта не дзіўна, бо кожная гаспадыня, дорачы «чырачку» падчас вітання вясны, зычыць добрага здароўя, шчасця і сілы.

Рыхтавацца да свята пачынаюць загадзя. Гаспадыні пякуць бліны і аладкі, вараць кашу, кісель — гэтымі стравамі на Чарнышоўскіх горах, месцы правядзення абраду, будуць частаваць усіх удзельнікаў. У лесе знаходзяць прыгожую пышную ёлачку, якую ўпрыгожаць дзеці і якая стане сімвалам надыходу вясны. Таксама ладзяць пудзіла зімы — яно сімвалічна згарыць у цэнтры агульнага вялікага карагода.

Да падрыхтоўкі абраду далучаюцца літаральна ўсе вяскоўцы. Мужчыны запрагаюць коней і ўпрыгожваюць іх збрую. Жанчыны адзяваюць святочныя строі, а пасля, сабраўшыся ў хаце, спяваюць песні. Загадзя рыхтуецца талая вада. Лічыцца, што яна надзвычай чыстая і ў гэты дзень набывае гаючую сілу. Перад тым, як выйсці з двара, усе ўдзельнікі свята абмыюць твары — каб былі прыгожыя і моцныя, гаючай вадой напояць кароў і коней.

Дзеці збіраюцца ў адной з хат і стужкамі, папяровымі кветкамі ўпрыгожваюць ёлку. У даўнія часы, калі не было каляровай паперы, адмыслова для свята белую паперу фарбавалі рознымі колерамі. Імкнуліся, каб ёлка выглядала як мага прыгажэйшай. Гэтае святочнае дрэва тут лічыцца сімвалам роду і знакам пачатку новага года. Існуе павер’е, што кветак на дрэве павінна быць цотная колькасць — тады дзеўкі і хлопцы знойдуць сабе пару, у іх з’явяцца дзеці, і вёска будзе жыць далей.

Вось пачуліся галасы дзяцей, якія нясуць упрыгожаную ёлачку ў двор. Абрад пачаўся. З дапамогай такой песні пра ёлачку, якая зацвіла, у хаце захапляюцца прыбраным дрэўцам. Гаспадыня нясе гаршчок з зернем, у яго паставяць ёлачку — каб год быў багаты, усе былі здаровыя і вясёлыя. Для самога абраду «Чырачка» жыхары і госці Тонежа (а іх у гэты дзень прыязджае ў вёску нямала) збіраюцца разам і ідуць на Чарнышоўскія горы. Нехта едзе на вазах, запрэжаных прыбранымі коньмі, нехта ідзе пешкі да месца агульнага святкавання.

Але нельга лічыць, што тыя, хто не трапіў на гару, застаюцца па-за атмасферай радасці і весялосці. Самыя старэйшыя жанчыны вёскі, якія не маюць сіл узняцца на пагорак і вадзіць карагоды, таксама збіраюцца разам, надзяваюць касцюмы, дапамагаюць адна адной прыбрацца і спяваюць песні. Яны адзначаць «Чырачку» за традыцыйным сталом з пячэннем, блінамі і кісялём.

Мы ж рушым на гару, адкуль ужо чуецца вясновая-заклікальная: «Ой, гу, вясна, ой, гу, красна... Ой, што ты нам вунесла...» Падчас абраду гукання вясны водзяць карагоды, якія складаюцца з трох колаў. Першае ўтвараюць дзеці, другое — маладыя людзі ў перадшлюбным узросце, а трэцяе — жанчыны сталага ўзросту. Усе разам гуляюць у традыцыйную гульню «Грушка», спяваюць песні. Спачатку спальваюць пудзіла зімы на вялікім вогнішчы, а затым развітваюцца з ёлачкай. Крыху пазней адзін хлопчык возьме ўпрыгожанае дрэўца, пабяжыць да самага высокага дрэва на гары, залезе як мага вышэй на яго — бліжэй да сонейка — і ўладкуе ёлачку на галінах. Гэта стане сімвалам прыходу вясны, а гаршчок з зернем, у якім неслі ёлачку на гару, застанецца ахвярай для птушак, якія прыляцяць з выраю.

Пазней усіх чакае пачастунак і, бадай, самая вясёлая частка абраду — качанне з гары. Пакачацца не адмаўляюцца нават самыя сталыя ўдзельнікі свята. Лічыцца, што ў гэты час зямля дае сілы арганізму, таму хваробы адступяць і чалавек застанецца здаровы цэлы год. Верце ці не, але сталыя ўдзельнікі «Чырачкі» пацвярджаюць праўдзівасць гэтай прыкметы.

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».