Вы тут

Пра што пісалі партызанскія газеты напярэдадні 8 Сакавіка


«8 сакавіка 1943 года жанчыны ўсяго свету сустракаюць у абстаноўцы жорсткіх бітваў з азвярэлым фашызмам. Савецкі народ і разам з ім працоўныя жанчыны ў гэтыя суровыя дні поплеч з мужчынамі адстойваюць гонар і свабоду сваёй Радзімы... У барацьбе з фашыстам выраслі дзясяткі і сотні гераінь савецкага народа, жанчын і дзяўчат, якія пакрылі сябе неўвядальнай славай. Народ ведае імёны гераінь-партызанак: Зоі Касмадзям'янскай, Лізы Чайкінай, Ані Пятровай і многіх іншых. Яскравыя прыклады патрыятызму і бясстрашнасці праявілі жанчыны на ўсіх участках фронту і тылу. Яны ўзводзілі барыкады пад Ленінградам і ў Севастопалі, капалі супрацьтанкавыя равы пад Масквой, тушылі пажары, пад разрывамі бомбаў працавалі каля станкоў, пад градам куль выносілі з поля бою раненых байцоў і самі ў патрэбную хвіліну свінцовым дажджом знішчалі акупантаў. Такіх гераінь у нас тысячы», — гэта тэкст з перадавіцы нумара «Бобруйского партизана» за 8 сакавіка 1943 года. Толькі па афіцыйных звестках Беларускага штаба партызанскага руху, удзельніцамі партызанскіх атрадаў былі як мінімум 45 242 беларускія жанчыны — і гэта без уліку тысяч агентурных разведчыкаў і сувязных. І безумоўна, пра іх — маці, жонак, сясцёр, дачок, паплечніц і сябровак, гераінь і ахвяр Вялікай Айчыннай — таксама пісалі падпольныя і партызанскія выданні.


«Хочаш быць свабоднай — ідзі ў партызанскі атрад»

Паводле даведкі, складзенай Беларускім штабам партызанскага руху ў 1946 годзе, на снежань 1942-га ў партызанскіх фарміраваннях на акупаванай тэрыторыі Беларусі знаходзіліся ўсяго 576 жанчын — альбо 5,3 % ад усяго асабовага складу, аднак ужо летам гэта колькасць павялічылася больш як у пяць разоў, і далей тэндэнцыя захавалася. Найчасцей жанчыны сыходзілі ў лясы, да партызан у тагачасных Мінскай, Віцебскай і Баранавіцкай абласцях. Звязана ж гэта было перадусім з практыкай вярбоўкі ў Германію, якую нацысты асабліва пашырылі ў 1943 годзе: у рэйх адпраўляліся цэлыя эшалоны з бясплатнай рабочай сілай... А адтуль потым даходзілі да родных хіба гаротныя лісты, якія перадрукоўвалі і распаўсюджвалі ва ўлётках беларускія падпольшчыкі. «Хлеб атрымліваем два разы ў дзень па 100 грамаў. Працуем па 12 гадзін у дзень. Апрача завода і баракаў нічога не ведаем. За кароткі час нашага жыцця тут мы ўсе выбіліся з сіл, недасыпаем, недаядаем, — прыводзіць ліст Ноны Г. ад 8 кастрычніка 1942 года агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну». — У маленькім пакоі нас 16 чалавек, усе ўкраінкі і я. Калі прыдзецца ўбачыцца, то раскажу ўсё. але ўбачыцца бадай ці давядзецца, таму што зімаваць застаемся ў летніх бараках з дошак. Пры такім харчаванні, ды без сну, ды голай і босай не выжыць мне...» Побач надрукаваны допіс вясковай дзяўчыны з Віцебшчыны: «Мяне білі дзесяць разоў, два разы кідалі ў халодны склеп за тое, што я ўзяла на панскай кухні тры бульбіны — не магла стрываць голаду. Вы памятаеце Зоську з вёскі Навойкі? Яна не вытрымала здзекаў, памёрла. Вера, Балабіных дачка, па дарозе ў Германію захварэла на тыф, і нямецкія звяругі расстралялі яе. Забілі немцы і маю сяброўку Зіну толькі за тое, што яна намервалася пайсці ў суседні маёнтак, так як даведалася, што там працуе яе дваюрадная сястра. На кожным кроку мы бачым тут смерць, слёзы, пакуты нашых людзей. Ой, як цяжка і балюча мне, родныя мае!»

Каб такіх лістоў з нямецкай няволі было менш, па ўсёй краіне распаўсюджваліся ўлёткі з заклікамі ўхіляцца ад вярбоўкі і не верыць нацысцкай агітацыі. Вось вытрымкі са звароту да жанчын Віцебскай вобласці газеты «Віцебскі рабочы»: «ЖАНЧЫНЫ! Немец адабраў у вас сям'ю, адабраў сямейнае шчасце, адабраў любімага мужа. ДЗЯЎЧАТЫ! Немцы зневажаюць вашу чэсць. Лепшыя годы вашага жыцця — вашу маладосць яны ператварылі ў чорныя дні пакут і гора. Яны вывозяць вас у Германію і ператвараюць у рабынь, яны заганяюць нашых дзяўчат у дамы распусты. Не будзьце безудзельнымі ў вызваленні сваёй Радзімы! Уступайце ў партызанскія атрады, усімі сродкамі дапамагайце партызанам Чырвонай Арміі. Зрывайце ўсе нямецкія мерапрыемствы, зборы падаткаў, хлеба, прадуктаў, цёплых рэчаў, не едзьце ў Германію на рабства, не ідзіце на службу ў нямецкія ўстановы. Ведайце — пераможа Чырвоная Армія, пераможа совецкі народ! Усяляйце ж упэўненасць у перамозе Чырвонай Арміі ў кожным грамадзяніне і грамадзянцы...»

«Женщины Минска! Дорогие сёстры! — падхоплівае заклік газета «Минский большевик». — Спасайте свое добро и государственное имущество от немецких грабителей и разрушителей. Спасайтесь от угона в немецкое рабство. Всеми силами и средствами помогайте наступающей Красной Армии. Этим вы приблизите час своего освобождения от кровавого фашизма».

«Лепш смерць на полі, чым ганьба ў няволі»

«Дзясяткі жанчын нашага раёна праславілі свае імёны як мужныя і смелыя ў барацьбе з ворагам, за што прадстаўлены да ўрадавай узнагароды. Сярод іх Бачарова Аня, Лапаціна Шура, Рагацінская Елізавета, Бім Любоў, Надзея К., Александра С., Маруся Н., Аліна Р. і Ніна Захараўна Д., якая загінула смерцю храбрых у апошнім няроўным баю з карнай экспедыцыяй немцаў... Жанчыны Грэскага раёна! Бярыце прыклад з мужных партызанак, уключайцеся ва ўсенародную барацьбу, адзначайце міжнародны дзень жанчыны 8 сакавіка новымі ўдарамі па тылах ворага», — піша газета «Сталінец», якая выдавалася на Случчыне ў Грэскіх лясах, у нумары за 8 сакавіка 1944 года. У гэтым тэматычным выпуску знаходзім і іншыя нататкі, аўтары якіх больш падрабязна расказваюць пра сваіх баявых сябровак: як па ініцыятыве камсамолак дзяўчаты ў партызанскім атрадзе вывучаюць зброю — рускую і нямецкую вінтоўкі, аўтамат і кулямёт; як урач Любоў Міхайлаўна Бім не толькі ратуе жыцці раненых байцоў, але і ўдзельнічае ў баявых аперацыях — Жылін-Бродскай засадзе, разгроме паліцэйскіх гарнізонаў, падрыве чыгункі; як Надзея К. у свае 20 гадоў ужо 16 разоў праявіла сябе на полі бою як смелы баец і надзейны сябар, за што і была прадстаўлена да ўзнагароды.

Пайменна пералічвае загінулых мінчанак-патрыётак у адозве 8 сакавіка 1944 года «Минский большевик»: «С высоко поднятой головой шла на казнь работница фабрики «8 марта» Оля Щербович. <...> Разведчицу Олю Берзон поймали в Узлянах. Гестаповцы подвергли её жестоким пыткам. Олю ослепили, но ни единым звуком она не выдала отряд. Озверевшие людоеды повесили её 1 сентября 1942 года в Руденске. <...> Волчек Ольга перед смертью бросила палачам: «Всех не перевешаете! Всё равно победа будет за нами». Палачи отрезали ей груди, вырезали язык и на окровавленную героиню накинули петлю 1 января 1944 года в Минске...»

«Бессмертна будет память о партизанке Тосе, убившей во Мстиже немецкого офицера и его адъютанта и за это зверски замученной немцами. Бессмертна будет память о храброй подрывнице нашего партизанского соединения Марине Кленовой и других партизанках, погибших в бою с немцами», — даводзіць партызанская «Большевистская правда» (сакавік 1944 года).

Каштоўныя звесткі — з указаннем імёнаў і месцаў падзей, а часам нават партрэтаў іх удзельнікаў — змяшчаюць многія партызанскія часопісы. Так, напрыклад, у «Народным мсціўцы» (выдаваўся ў 208-м партызанскім атрадзе імя Сталіна, што дзейнічаў на Магілёўшчыне) знаходзім апавяданне «Соня разведчыца» пра Соню Арыніч, у «Кнігах гонару» розных атрадаў — біяграфічныя заметкі пра гераічных партызанак — фельчарак, урачоў, разведчыц і радавых байцоў, а ў «Красном знамени» брыгады імя Флегантава, якая дзейнічала на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, мастак Леанід Бойка (сапраўднае імя Абрам Розенштэхер) стварыў невялічкую, але выразную партрэтную галерэю байцоў атрада, сярод якіх і жаночыя партрэты — Марыя Малішэўская, К. М. Нікуліна і іншыя.

У атрады лясных мсціўцаў ішлі пераважна маладыя дзяўчаты і жанчыны ва ўзросце 16—30 гадоў, але і старэйшыя, і тыя, хто заставаўся ў гарадах і вёсках, адгукаліся на патрэбы партызан. «Нашы дзяўчаты зрабілі для партызан некалькі дзясяткаў пар цёплых наскоў і рукавіц. Зараз яны рыхтуюць падарункі байцам Чырвонай Арміі», — расказвае выданне Грэскага райкама КП(б)Б «Сталінец». У партызанскай «Большевистской правде» знаходзім аповед пра сялянку Вольгу Пескарову са Смаленшчыны: восенню 1941 года яна выратавала баявы сцяг артылерыйскага палка — літаральна абгарнула яго вакол цела і хавала такім чынам, пакуль доўжыўся гітлераўскі налёт на вёску, а потым зрабіла земляное сховішча і праз два з паловай года перадала байцам Чырвонай Арміі, якія вызвалілі вёску ад фашыстаў... А жыхарка Рэчыцкага раёна Марыя Мітрафанаўна Кулік, двое сыноў якой змагаліся з фашыстамі на фронце, падтрымала Чырвоную Армію матэрыяльна: жанчына асабіста ўнесла на пабудову танкавай калоны «Адказ Рэчыцы» 4000 рублёў!

Вершамі і прозай

Унікальная крыніца інфармацыі — адмысловы часопіс «Рагачоўскія партызаны ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі», які байцы 8-й Рагачоўскай партызанскай брыгады
ў 1944 годзе падарылі сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку. Гэта сапраўдная энцыклапедыя партызанскага жыцця, аздобленая мастаком Мечыславам Ліпенем, расказвае пра ўсе падрабязнасці: дзе жылі, як будавалі курані і зямлянкі, што насілі, як харчаваліся, чым і як лячыліся, як бавілі вольны час. А паколькі бытавое забеспячэнне шмат у чым ляжала на плячах жанчын, то ім на 98 старонках часопіса аддадзена шмат увагі — і павагі, і падзякі. Вось партызанка Маруся пячэ праснакі... на рыдлёўцы, вось у партызанскім падземным лазарэце блізу вёскі Хімы іншая Маруся — Марыя Мархасева, параненая куляй у нагу, чакае перавязкі, а вось у расказе пра партызанскіх медыкаў цёпла згадваецца зубны ўрач Стэфа Дучко, якая зладзіла курсы — «лясны медыцынскі інстытут», каб навучыць добраахвотных памочнікаў санітарнай справе. А вось партызанка Сіма танцуе «барыню» на вечарынцы 265-га атрада — а што вы думалі, у перыяды адноснага спакою байцы толькі спалі ды елі? І спявалі, і танцавалі, і ладзілі лясныя школы для дзяцей, і нават партызанскія спектаклі ставілі...

Наогул, жанчыны ў падпольных і партызанскіх выданнях — не толькі гераіні артыкулаў. Гэта сімвал. Сімвал сям'і і кахання, жанчыны-маці, якую трэба бараніць любой цаной, сімвал дабрыні і міласэрнасці, супрацьпастаўлены зверствам нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — нарэшце, сімвал самога мірнага жыцця. Але таксама і барацьбы:

Ад краю ў край па Беларусі

Ідзе гамонка аб Марусі:

Яна аднойчы летнім ранкам

Падбіла пяць нямецкіх танкаў.

Праз нейкі тыдзень тая ж Маня

Разбіла карнікаў дазвання

І, каб адзначыць чым хаўтуры,

Спаліла дом камендатуры, —

чытаем верш Язэпа Касілы «Наша Маша», змешчаны ў агітплакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну». Ён пра ўсіх дачок, сясцёр і маці, народных мсціўцаў. А яшчэ ж былі «Балада пра партызанку Галіну», вершаваныя прысвячэнні маці, шматлікія варыянты «Лявоніхі» і безліч сатырычных прыпевак, гераінямі якіх станавіліся жанчыны...

«Пройдут года, снова зацветет наша земля. Снова вернется счастливая жизнь, мир и покой, — прадракала ў 1944-м газета «Минский большевик». — И всюду, и везде по всей нашей земле с глубокой любовью и великим уважением будут вспоминать геройскую жизнь и борьбу верных дочерей Родины». І гэта якраз той выпадак, калі пафас дарэчы, а 8 сакавіка — больш, чым святочны дзень у календары.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Музы з вінтоўкамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».