Жыллёва-камунальныя паслугі (ЖКП), якасць якіх не адпавядае патрабаванням, нарматывам і параметрам, павінны аплачвацца адпаведна. Зменены парадак пераразліку платы за «некандыцыю», паслугі з грубымі парушэннямі ці ўвогуле невыкананыя абавязкі камунальнікаў адаб'юцца і на іх кішэнях. Новаўвядзенні, якія зробяць адказнасць за ЖКП больш жорсткай, замацаваны ў адпаведным дакуменце.
Вярнуць 30 % за ваду
Дакумент павінен падштурхнуць пастаўшчыкоў паслуг да больш якаснай работы, а ў жыхароў — выхаваць адчуванне ўласніка, лічыць Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, прэс-сакратар Міністэрства ЖКГ:
— Добрасумленны спажывец, атрымліваючы «жыроўку», прывык спраўна плаціць па рахунках. І нават калі ён незадаволены якасцю абслугоўвання, стрымлівае эмоцыі. Часцей спажывец выплюхвае свае пачуцці ў зваротах і скаргах. То ў кватэры горача, то вада недагрэтая, то ў пад'ездзе брудна. Цяпер адносіны пастаўшчыкоў і спажыўцоў пяройдуць у эканамічную плоскасць.
Раней за няякасную ваду ў кране сям'я з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, магла атрымаць назад крыху больш за рубель, бо памер пераразліку складаў 10 % ад кошту вады. Сёлета і ў наступным годзе, калі вада не адпавядае санітарным нормам, гэты памер застанецца на ранейшым узроўні ў 10 %, але далей будзе павышацца паэтапна: у 2021—2022 — на 15 %, у 2023-м — на 20, у 2024-м — на 25, у 2025-м — на 30 %.
— Стратэгія плаўнага павелічэння пакідае для водаканалаў магчымасць мадэрнізаваць вытворчасць. Збудаваць станцыі абезжалезвання, памяняць абсталяванне на свідравінах, рэканструяваць ачышчальныя збудаванні, — заўважыў прэс-сакратар. — Прадпрыемствы, якія не захочуць выкарыстаць гэты час для ўдасканалення сваёй працы, у прамым сэнсе разлічацца за гэта рублём.
Пераразлік за ваду можна зрабіць і тады, калі яна пастаўлялася з перапынкамі. Калі на працягу месяца ваду адключаць больш як двойчы на тэрмін, які перавышае час, адведзены на гэта нарматыўнымі дакументамі, можна патрабаваць памяншэння на 10 % аплаты за ўвесь месяц. Згодна з дакументам, разліковы час на ліквідацыю аварый — ад 8 да 24 гадзін.
Плаціць адно за 24 °С
Новы дакумент прадугледжвае норму, згодна з якой перанаграванне памяшканняў, калі жыхарам прыходзіцца не зачыняць форткі ледзьве не суткамі, бо ў кватэрах надта горача, стане праблемай не людзей, а пастаўшчыка паслугі. Цяпер уласнік можа плаціць толькі за цяпло, якое павінна даваць у кватэры +24 °С. Астатнія выдаткі за празмернае ацяпленне — калі тэмпература звыш 24 градусаў трымаецца больш як суткі, — клопат вытворцы цеплыні.
Магчымасць заплаціць менш за ацяпленне, калі ў кватэры, наадварот, холадна — больш за суткі тэмпература не падымаецца да +18 °С.
Смецце, уборка і газ
Недаплачваць за вываз смецця, як і раней, можна за столькі дзён, колькі адходы не забіралі. Аднак цяпер гэта рабіць можна адпаведна са схемамі абарачэння з адходамі на тэрыторыі пэўнага населенага пункта. А ўмовы вывазу смецця ва ўсіх розныя: штодня ці некалькі разоў на тыдзень, і зацвярджаюцца мясцовымі выканкамамі.
— Калі адходы, згодна са схемай, павінны былі вывезці, умоўна, шэсць разоў за месяц, а фактычна вывезлі пяць, то плата за вываз смецця паменшыцца на адзін раз, — растлумачыў Генадзь Аксціловіч. — З маршрутнымі графікамі абслугоўвання жылых дамоў можна азнаёміцца ў абслугоўваючай арганізацыі.
Такі ж прынцып дзейнічае і адносна ўборкі пад'ездаў і месцаў агульнага карыстання. Калі па графіку ўборка павінна была адбыцца, а на справе не мялі і не мылі, і хтосьці з жыхароў заявіў пра гэта, усе кватэры атрымаюць пераразлік.
Менш на 10 % заплацяць спажыўцы і ў выпадку, калі больш як на суткі зацягнуўся рамонт газавых ці электрычных сетак.
Ірына СІДАРОК
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».