Вы тут

Юлія Алейчанка. Кранаць валасы Каралевы…


Алейчанка Юлія Аляксандраўна нарадзілася 21 снежня 1991 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2014), магістратуру (2015), цяпер вучыцца ў аспірантуры. Працуе адказным сакратаром часопіса «Полымя». Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае.

Творы друкаваліся ў анталогіях «Дняпроўскія галасы-60» (2010), «Першацвет» (2017), «Terra poetica» (2017), «Мінск назаўжды» (2018).

Аўтар паэтычнага зборніка «Пад чароўным шкельцам» (2017) і зборніка перакладаў «Вецер у валасах» (2018).

Лаўрэат Міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет» (2016). Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Дэбют» (2018).

Творы перакладаліся на ўкраінскую, сербскую, рускую, азербайджанскую, кітайскую мовы.

 

 

Юлія АЛЕЙЧАНКА

 

Кранаць валасы Каралевы…

 

Першы снег

 

Я ізноў не веру вачам.

Кожны раз, больш за дваццаць зім.

Гэтай цішай — укрыцца нам,

Невідушчым, але жывым.

 

У знямозе прыльнуць да шкла.

І паверыць, што цуд ідзе.

Узгадаць, як зорка плыла

У расталай чужой вадзе.

 

Першы снег — новых думак бег.

Хочаш плач, а хочаш пішы.

…І вызвоньвае новы смех

На краі збалелай душы.

 

 

***

Я баюся сценаў цёмнае кватэры,

Сцены помняць кадры, што хачу схаваць.

Калі рвецца сэрца, калі рвецца вера —

Немагчыма думаць, немагчыма спаць.

 

Я баюся цішы, што крадзецца зверам,

Што фіранкі рэжа кіпцюрамі мрой.

Калі ходзіць золак апраметна шэры,

Кожны дотык вуснаў назаўжды са мной.

 

Кожны дотык часу да маіх расстанняў,

Кожны дотык праўды да маёй ілжы.

Я хачу забыцца! Не спяшайся, ранне!

Я хачу застацца лёсу на мяжы.

 

 

***

Кранаць валасы Каралевы

Не можа самотны Жабрак!

І ноччу, у кроплях залевы,

Адчуць вуснаў зваблівы смак.

 

…Праходзяць гадзіны і вёсны,

Ялею змываючы след…

Ды чэзнуць мядовыя косы

У сполахах зыркіх камет.

 

І пышнасць святочных парадаў,

І келіхаў велічны звон

Заменіць маўчанне прысадаў,

Што душы лякуе спакон.

 

Ды толькі у спальні прасветлай

Дрыжыць над паперай рука.

Дачка Каралевы прыветлай

Вачыма глядзіць Жабрака.

 

 

***

Ты па срэбнай ідзеш траве,

Быццам рыцар забытай казкі.

А вакол цябе ноч плыве,

Пасмяротныя зняўшы маскі.

 

Чуеш ты нашых продкаў сны,

Чуеш бразгат варожай зброі.

І чакаеш сваёй вясны,

Каб зрабіцца былінным воем.

 

Каб адчуць ветру свіст тугі

І напіцца крывёй гарачай,

Акрапіўшы ёй берагі

На свабоду і на удачу.

 

І каб скрасці ўначы мяне,

Заблукаць у бары духмяным.

Не забудуся і ў труне

Тваіх вуснаў, каханнем п’яных.

 

Ты па срэбнай ідзеш траве

І нясеш у калчане стрэлы.

А вакол цябе свет жыве

Неспазнаны, адвечна белы.

 

 

***

Сухі лісток у ліпеньскай траве —

Сівою пасмай у тваёй жанчыны.

Калі яна заплача без прычыны,

Календарам іх крылы абарве.

 

Ты выйдзеш ціха, будзеш каву піць

І прыгадаеш страчанае лета,

Калі яе вясёлкаю сагрэты,

Паабяцаў ніколі не зманіць.

 

 

***

Над дняпроўскай хваляй — белы дзень,

Спелы вецер у вішнёвай кроне.

Нібы пасма на старой іконе —

Ад галінак зіхатлівы цень.

 

Сохне лодка стомлена ў траве,

Чаравікі мокрых ног чакаюць.

Рукі сонца ціха спачываюць

На маёй адчайнай галаве…

 

Бераг рэчкі — берагам душы

Стане зноўку на гадзіны, жыцці.

Адвячоркам толькі не спаліце

Маё шчасце, зорныя каўшы.

Друкуецца ў часопісе "Полымя".

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.