Вы тут

Як завабіць карысных птушак на свой участак?


У грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» расказалі, як завабіць карысных птушак на свой участак.


Калі вы хочаце прывабіць на сваю дачу (індывідуальны дом) птушак, якія дапамогуць вам ачысціць участак ад шкоднікаў, то звярніце ўвагу на сініцу, валасянку і гарыхвостку. Гэта так званыя тэрытарыяльныя птушкі, якія збіраюць корм непадалёк ад сваіх гнёздаў. А вось калі развесіць зусім блізка каля сваёй хаты шпакоўні, то шпакі будуць карміцца не на вашым участку, а, хутчэй, на суседскіх, таму што гэтыя птушкі могуць жыць скучана і прыстасаваліся лётаць за кормам далей ад гнязда.

«Кватэр» шмат не бывае

Зрабіць домікі для птушак нескладана. Па сутнасці, яны адрозніваюцца толькі памерам уваходнай адтуліны (лятка). Калі яго дыяметр каля 5 сантыметраў, туды заселіцца шпак, калі 3,5 см — вялікая сініца, 3 см — бпакітніца, валасянка, гарыхвостка або стрыж. У лесе гэтыя птушкі гняздуюцца ў дуплах, але і ў вашых хатках з задавальненнем асвояцца і выведуць птушанят.

Збіраць домікі і размяшчаць іх для птушак на дрэвах і будынках можна да канца красавіка. Напрыклад, сініцы ўжо цяпер прыглядаюць сабе месца для гнездавання, раніцай можна пачуць іх вясновыя спевы.

Цікава, колькі домікаў можна размяшчаць на ўчастку? Аказваецца, чым больш — тым лепш. Праблема бывае, калі хатак не хапае, і птушкі б'юцца за іх. Сініца, напрыклад, жыве ў сярэднім — 1,5—2 гады, і ў яе ёсць адзіны шанц у жыцці пакінуць дзетак. Чым больш хатак — тым больш насякомых птушкі збяруць на вашым участку. Размяшчаць жыллё для птушак лепш на адлегласці каля 10 метраў адно ад аднаго.

І яшчэ. Як адзначыў дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі, вельмі важна, каб дошкі для птушыных хатак былі неапрацаваныя з унутранага боку. Гэта неабходна для таго, каб птушаняты, якія яшчэ ніколі ў жыцці не ляталі, маглі выбрацца, караскаючыся па шурпатай паверхні (як, напрыклад, у натуральных умовах — у дуплах). Калі сценкі будуць гладкія, выкармленыя птушаняты могуць загінуць, так і не здолеўшы вылецець з гнязда.

Часам да домікаў мацуюць выступы каля лятка, каб птушкі маглі на іх сядзець. Але гэтага рабіць не рэкамендуецца. Такія выступы дапамогуць катам або куніцам дабрацца да птушанят.

Без скразнякоў, але са здымным дахам

Жыллё для сініц трэба вельмі цесна збіваць, каб у ім не было шчылін. Заўважана, што птушкі спецыяльна правяраюць, ці няма там скразняку. Пры гэтым дах павінен быць здымны, бо восенню пажадана зрабіць у доміку ўборку. Для паляпшэння цеплаізаляцыі птушкі робяць унутры новы подсціл, які з часам можа падгніваць. Зрэшты, на зіму ў доміку можа пасяліцца соня (мышка), тады яе лепш не турбаваць і пачысціць домік ранняй вясной.

Некаторыя арнітолагі кажуць, што ў цёплую пару года птушак карміць не трэба. Іншыя не бачаць у гэтым нічога дрэннага.
У Англіі птушак падкормліваюць круглы год, там нават разводзяць і прадаюць лічынак розных насякомых, каб спрасціць птушкам задачу выкарміць птушанят.

Калі ў кармушкі нават летам насыпаць зярнят, нічога дрэннага не будзе. Пры гэтым птушкі не развучацца здабываць насякомых. Усё ж гэта больш прывабны корм для іх, чым зерне. Таму кармушка можа вісець пастаянна, а з часам птушкі могуць да вас прывыкнуць і браць корм з рук.

Калі дом — куст

Канаплянкі і зелянушкі ўюць гнёзды ў кустах. Яны могуць пасяліцца ў густых кустах ядлоўцу або агрэсту. Дразды могуць гнездавацца ў зарасніках плюшчу. Гэтыя птушкі таксама дапамогуць вам у барацьбе са шкоднікамі раслін. Вядома, не варта чакаць, што птушкі знішчаць усіх шкодных насякомых, але вынік вы абавязкова заўважыце, асабліва ў перыяд выкормлівання птушанят. Потым птушкі з вывадкам пачнуць перамяшчацца і па іншых участках. Праўда, ядуць яны не толькі мошак, але і ягады, напрыклад, клубніцы.

Сініцы, валасянкі і гарыхвосткі ягадамі не злоўжываюць, а вось шпакі — вялікія аматары чарэшні. Але адсутнасць шпакоўні ўчастак ад зграі шпакоў не абароніць. Астатнія ягады такой папулярнасцю ў птушак не карыстаюцца.

Вестунамі вясны ў нашай краіне лічацца некалькі птушак. Прыкладна да 10 сакавіка звычайна вяртаюцца буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку мая — ластаўкі-зямлянкі і стрыжы, у канцы мая — залацістыя шчуркі.

Убачыш першага бусла — занясі дату на сайт

З 1 сакавіка да 31 мая можна далучыцца да стварэння інтэрактыўнай карты вясны, якую нясуць нам птушкі.

Раней вестунамі «Жывой вясны» былі абраныя пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, зязюля і шчурка-пчалаедка. Сёлета да іх дадалася ластаўка-зямлянка.

Пабачыўшы адну з гэтых птушак — зрабіце пазнаку на спецыяльным сайце. Людзі з розных краін Еўропы штогод разам складаюць анлайн-карту прыбыцця птушак з Афрыкі на радзіму. На карце можна будзе ўбачыць, як гэтыя птушкі набліжаюцца да Беларусі. Напрыклад, пяць буслоў і зязюлю ўжо сустрэлі ў Ірландыі, яшчэ адна зязюля разам з буслом і вясковай ластаўкай адзначылася ў Румыніі, а свіргуля бачылі на Кіпры і ў Ізраілі. Чым больш птушак прыляцела, тым у больш цёмны колер будзе афарбоўвацца кожны рэгіён краіны-ўдзельніцы на карце.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Птушкі прыляцелі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.