Вы тут

У Гомелі вучаць глуханямых дзяўчат новай прафесіі


Наталля Мінава не чуе з нараджэння. За 32 гады жыцця яна асвоіла прафесіі цырульніка і візажыста. Пры гэтым з задавальненнем робіць усё рукамі. Вяжа, завушніцы з пацерак робіць... А зусім нядаўна жанчына пачала працаваць швачкай на прыватным прадпрыемстве. Дарэчы, гэтай прафесіі яе там жа і навучылі. Наўмысна набралі групу дзяўчат, якія не чуюць, паўгода займаліся з імі прафесійна і нарэшце «выпусцілі» з урачыстым уручэннем сертыфікатаў.


Ініцыятарам адукацыйных курсаў для інвалідаў на базе свайго швейнага цэха стала гомельская кампанія «Метэарыт Плюс». Яе кіраўнік Аксана Шаўчэнка расказвае, як прыйшла да разумення, што трэба дапамагаць працаўладкоўвацца людзям, у якіх адсутнічае слых:

— Швейная вытворчасць мае спецыфіку. Пры працаўладкаванні мала дапаможа пасведчанне аб атрыманні спецыяльнай адукацыі. Галоўнае — прадэманстраваць навыкі. Тэст просты: 10 хвілін на «прастрачыць-абкідаць» і прафесіяналу — па якасці строчкі — ужо зразумела, наколькі перспектыўны спецыяліст. Менавіта так некалі на прадпрыемстве адбылося знаёмства з нашай першай супрацоўніцай — інвалідам па слыху. Яе работа была ацэнена на «выдатна», і жанчына засталася ў штаце.

Той вопыт і даў кірунак: дапамагаць набыць прафесію людзям, фізічныя магчымасці якіх абмежаваны. Летась на прадпрыемстве вырашылі набраць групу глуханямых дзяўчат і навучыць іх швейнаму майстэрству. Запісалася 10 чалавек, урэшце да выпуску дайшлі толькі чатыры.

— Адной мы прапануем работу, — адзначае Аксана, — а трох будзем працаўладкоўваць на іншыя швейныя прадпрыемствы.

Трэба сказаць, што большасць людзей з аналагічнымі ці некаторымі іншымі праблемамі здароўя ў Гомелі сёння працуюць на адным спецыялізаваным прадпрыемстве «Віпра». Але ж многія з іх незадаволены манатоннасцю працы і невялікімі заробкамі. А вось такая ініцыятыва прыватнікаў адкрывае дзверы для асваення некаторых іншых прафесій. Пры гэтым, дзеліцца досведам Аксана Шаўчэнка, камунікацыя спецыфічная:

— Паразуменне з людзьмі, якія не чуюць, ідзе па сваіх законах. Цяпер, калі маю такія шчыльныя стасункі, разумею, што часам інфармацыя даходзіць да іх у некалькі змененым варыянце. Пры тым, што з намі пры навучанні заўсёды працаваў сурдаперакладчык. Пры яго дапамозе мы маглі растлумачыць асаблівасці тэхналагічных працэсаў. Да таго ж дзяўчаты інтуітыўна схопліваюць нейкія моманты. Яны вельмі адказныя. Многія хочуць даказаць, што, нягледзячы на абмежаванні, могуць зрабіць нешта лепш за іншых.

Тэхнолаг Паліна Шаўчэнка непасрэдна займалася з дзяўчатамі і вучыла іх тонкасцям прафесіі. За гэты час і сама засвоіла некаторыя «словы» на мове глуханямых. Настаўнік гаворыць, што вучаніцы прыйшлі з жаданнем, і менавіта гэта вызначыла іх канчатковыя поспехі:

— Яны цямлівыя і матываваныя дзяўчаткі. Разумеюць, навошта ім гэта трэба. Таму ў нас усё добра атрымалася. Навучанне пачыналася з асваення прафесійнай машыны, трэба было швы адпрацаваць, некаторыя тэхналагічныя працэсы і навык канструявання. На «залік» кожная пашыла сукенку і дыдактычны кубік.

Дарэчы, кампанія «Метэарыт Плюс» была заснавана ў 2005 годзе. Яе мэтавая аўдыторыя — не толькі звычайныя дзеці, але ж і дзеці з асаблівасцямі развіцця. Для малых робяць цацкі, якія развіваюць, і спартыўна-гульнявыя модулі. Многія прылады вырашаюць задачы паляпшэння дзіцячай дробнай маторыкі і каардынацыі. Сёння невялікае прадпрыемства супрацоўнічае з некалькімі тысячамі дашкольных устаноў краіны. Па словах дырэктара прадпрыемства Аксаны Шаўчэнкі, хутка будзе набор наступнай групы швачак:

— Я ўжо зразумела памылкі, якія мы рабілі пры наборы папярэдняй групы. Цяпер будзем падаваць інфармацыю ў выглядзе відэароліка. У ім самі глуханямыя будуць расказваць пра работу. Размяшчаць інфармацыю станем у сацсетках і месенджарах.

Ну, а швачка Наталля Мінава шчыра ўсміхаецца і з дапамогай рук эмацыянальна расказвае, што ёй больш за ўсё падабаецца ў новай прафесіі:

— Цікава займацца творчай, не аднастайнай працай. Падабаецца нешта фантазіраваць, імправізаваць. Нічога складанага, усё лёгка даецца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.