Вы тут

Саюз кампазітараў краіны ўзначаліла Алена Атрашкевіч


Па выніках галасавання яна абышла Алега Хадоску: 30 галасоў супраць 41. Прагаласавалі ўсе, хто прысутнічаў на пазачарговым ХVII з’ездзе Беларускага саюза кампазітараў.


На дадзены момант арганізацыя налічвае 111 сяброў. Мінулы год прынёс саюзу і айчыннай музычнай культуры наогул незваротныя страты: ад нас пайшлі кіраўнікі арганізацыі старшыня Ігар Лучанок і яго намеснік Эдуард Зарыцкі. Аднак прага быць, існаваць як паўнавартаснай творчай арганізацыі прымусіла сабрацца, і не толькі для таго, каб абраць новага старшыню.

— Упершыню за больш чым 30 гадоў з’езд Беларускага саюза кампазітараў адбываецца без старшыні Ігара Лучанка, — адзначыў міністр культуры Беларусі Юрый Бондар і паабяцаў зрабіць усё для ўшанавання памяці народнага артыста Беларусі і СССР і захавання яго спадчыны. Але асноўны пасыл быў скіраваны ў бок развіцця айчыннай музычнай культуры і самой арганізацыі, якую доўга ўзначальваў Ігар Міхайлавіч: — Сёння іншая мадэль стаўлення да творчага чалавека. Творчых асоб мы заўсёды чуем, галоўнае — прыходзіць з канкрэтнымі ініцыятывамі і праектамі: пытанне не ў адсутнасці сродкаў, а ў іх разумным размеркаванні. Але патрэбны канкрэтны вынік. Што першасна: грошы ці творчасць? Гэтую дылему вырашыць наогул складана. Але калі ёсць добрая ініцыятыва, то ў дзяржавы заўсёды знойдуцца сродкі на яе падтрымку.

Напрыклад, у перыяд пасля правя-дзення ХVII з’езда Міністэрства разам з Саюзам кампазітараў праводзілі работу па закупцы твораў беларускіх кампазітараў. У 2017 годзе закуплена 140 твораў на больш чым 60 тысяч рублёў, у 2018 годзе — больш за 100 твораў на суму 55 тыс. рублёў… Ужо ў час падрыхтоўкі да пазачарговага з’езда было выказана шэраг ініцыятыў, напрыклад, арганізацыя конкурсу па стварэнні сімфанічных твораў да 75-годдзя Перамогі. Агучвалася прапанова наконт больш шырокага ўключэння твораў беларускіх аўтараў у рэпертуар аркестравых і харавых калектываў.

Намеснік старшыні беларускага Саюза кампазітараў Віктар Кісцень адзначыў, што трэба мяняць падыходы да работы арганізацыі і скараць новыя прасторы, дзе цяпер існуе моладзь. Ёсць ідэя праекта Дома беларускай музыкі з цыклам адукацыйных праграм, думкі пра конкурс на стварэнне сімфанічнага твора з далейшым яго выкананнем.

«За тры гады дзейнасці з’явілася разуменне, што Саюз кампазітараў працягне сваё існаванне толькі дзякуючы актывізацыі грамадскай ініцыятывы яго ўдзельнікаў», — падкрэсліў Віктар Кісцень.

А тое, што кампазітары неабыякавыя да лёсу творчага саюза, падкрэслілі гарачыя спрэчкі, якія разгарнуліся вакол абмеркавання праекта новага статута. Асабліва пранцыпова паставіліся да пункту пра прыём у кола сяброў саюза: ці варта разглядаць толькі тых кандыдатаў, што маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю, альбо таксама і тых, хто можа не мець дыплома, але робіць вялікі ўнёсак у развіццё беларускай музыкі? Прэцэдэнт стварыў калісьці сам Ігар Лучанок, дзякуючы якому ў Саюз кампазітараў быў прыняты Уладзімір Мулявін. Але калі б масцітыя прафесіяналы адхілілі такую кандыдатуру, ці спрыяла б гэта аўтарытэту творчай арганізацыі? Тым больш што кандыдатуры патэнцыйных членаў разглядае праўленне саюза, то-бок асобы, надзеленыя даверам і здольныя адрозніць самадзейнасць ад належнага ўзроўню.

Шэраг прафесійных пытанняў узняў у сваёй прамове Алег Хадоска, які сёння з’яўляецца адным з тых кампазітараў, чые сур’ёзныя і вялікія творы гучаць у канцэртных залах і музычных тэатрах, але:

— Ёсць праблема прасоўвання і выканання беларускай сімфанічнай музыкі. У выніку чалавек сыходзіць у камерную музыку: гэтыя праекты прасцей рэалізаваць. Але кампазітару неабходна чуць свае творы: аўтар павінен разумець свае плюсы і мінусы, гэта дае стымул у творчасці.

Алена Атрашкевіч, вядомая ў тым ліку як аўтар песень на вершы сучасных беларускіх паэтаў, сярод іншых пунктаў сваёй праграмы прапанавала больш актыўна весці асветніцкую працу, у прыватнасці сярод дзяцей, а таксама адзначыла неабходнасць узаемадзейнічаць з іншымі творчымі саюзамі краіны для сумесных праектаў: зашмат беларускай музыкі не бывае.

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: Пачуць сваю музыку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.